У Брэсце жанчыне памянялі амаль 6 тысяч сапраўдных даляраў на сувенірныя
У брэсцкую міліцыю з заявай аб крадзяжы буйной сумы звярнулася 62-гадовая выкладчыца адной з сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў горада. Нанесеныя ёй страты склалі 5,6 тысячы даляраў.
Паколькі ў жанчыны некалі ўжо скралі грошы з кватэры, то яна для іх захоўвання нагледзела больш надзейнае месца — працоўны кабінет. Яна была настолькі ўпэўненая, што там ім нічога не пагражае, што некалькі гадоў нават не правярала сваю схованку, а страту грошай выявіла, калі вырашыла іх аднойчы пералічыць.
Неўзабаве было вызначана, што да крадзяжу можа быць датычны 26-гадовы калега жанчыны. Ён прызнаўся, што калі ў кабінеце нікога не было, хацеў скрасці ў калегі ўсяго некалькі рублёў на асабістыя патрэбы. Але калі знайшоў буйную суму ў валюце, то не змог супрацьстаяць спакусе і наважыўся на махінацыю.
Хлопец купіў сувенірныя купюры і замяніў імі сапраўдныя, а скрадзеныя грошы выдаткаваў на куплю аўтамабіля.
Цяпер супраць яго завялі крымінальную справу за крадзеж, учынены ў буйным памеры. Фігуранту пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Каментары