Усяго патроху

Як зрабіць добры падарунак?

Шмат для каго выбар падарунка — сапраўдная праблема. Як не спудлаваць з падарункам? Што робіць падарунак выдатным? Увага: вам дапамогуць уменне суперажываць і шпіёнскія якасці.

Што супольнага паміж дыяментавымі завушніцамі, старой аконнай рамай, фіялетавым роварам, парцалянавым імбрычкам, пазламі, прасам, вермішэллю хуткага прыгатавання і кавамашынай? Усе яны былі падарункамі, якія рэспандэнты не вельмі навуковага палявога апытання назвалі аднымі з найлепшых ці найгоршых з калі-небудзь атрыманых, распавядае NYT.

Калі б вы адгадвалі, якія прадметы выклікалі дзікую ўдзячнасць, а якія — абурэнне, вы хутчэй за ўсё пацярпелі б ашаламляльную паразу: напрыклад, завушніцы з дыяментамі былі поўным правалам, бо ў дзяўчыны, з якой дарадаўца сустракаўся тры гады, не былі праколатыя вушы. Вермішэль хуткага прыгатавання, з іншага боку, стала хітом.

Калі справа даходзіць да падарункаў, кантэкст вырашае ўсё. Што б ні казалі маркетолагі і зоркі інстаграма, удаласць падарунка залежыць не столькі ад кошту, дызайну, стылю, прэзентацыі або яго практычнасці, колькі ад здольнасці таго, хто дорыць, слухаць, назіраць і суперажываць (і, магчыма, вытраціць час на пошукі).

«Падарункі — гэта праяўленне пачуццяў», — кажа доктарка Боні Бухеле, псіхааналітык з Канзас-Сіці, штат Місуры, якая чуе, як людзі перажываюць з нагоды падарункаў, як падораных, так і атрыманых. Асабліва падчас святаў людзі перажываюць і нават панікуюць: «Божа мой, я павінен атрымаць падарункі». Насамрэч правільныя пытанні «А ці трэба мне тыя падарункі?» і «Што я хачу сказаць гэтым падарункам?».

Фота: vecteezy

Добрыя падарункі — напрыклад, старая аконная рама, якую падарыў студэнтцы каледжа хлопец, з выявай яе любімага краявіду, паказваюць, што вы звярнулі ўвагу на важныя для чалавека моманты. Дрэнныя падарункі прымушаюць вас задумацца, а ці добра ведае вас той чалавек. Сярод найгоршых падарункаў — тыя, што ўтрымліваюць у сабе намёк, напрыклад, прылада для выпроствання валасоў для кучаравага чалавека.

«Людзі, як правіла, трапляюць у пастку, калі не ўлічваюць асобу атрымальніка перш за ўсё», — кажа доктар Джуліян Гіві, дацэнт кафедры маркетынгу ў Каледжы бізнэсу і эканомікі Джона Чэмберса Універсітэта Заходняй Вірджыніі.

Сапраўды, яго даследаванне паказвае, што людзі часта дораць падарункі, якія адлюстроўваюць іх уласныя жаданні і матывацыі, а не ўлічваюць інтарэсы атрымальніка. Больш за тое, тыя, хто дорыць, як правіла, больш засяроджваюцца на моманце нечаканасці, а не на тым, ці сапраўды атрымальніку трэба гэтая рэч, ці будзе ён яе выкарыстоўваць і ці нават ёсць у яго месца для падарунка.

І гэта неабавязкова азначае, што дарадаўца — нарцыс або няўважлівы чалавек. Людзі не ўмеюць бачыць тое, што ў псіхалогіі называюць перспектывай, то-бок бачыць рэчы так, як маглі б бачыць іншыя. «Людзі, як правіла, маюць праблемы з гэтым», — кажа доктар Гіві. Але каб рабіць выдатныя падарункі, вам трэба выхоўваць здольнасць выйсці за межы сябе і сапраўды заўважаць захапленні, схільнасці і характары людзей.

Фота: vecteezy

Звярніце ўвагу на тэмы, падчас якіх чалавек ажыўляецца. Паглядзіце, якія рэчы ў яго доме і офісе, што ён носіць, якім колерам аддае перавагу, што фатаграфуе і што любіць есці і піць. Напрыклад, калі чалавек любіць экзатычныя кактэйлі, ён можа атрымаць сапраўднае задавальненне ад святлодыёдных палачак або прыватных заняткаў па барнай міксалогіі.

Улічвайце не толькі радасці людзей, але таксама іх цяжкасці, і думайце пра падарункі, якія маглі б палегчыць іх жыццё. Калі чалавек скардзіцца, што яму няма калі, нашто дарыць яму пазлы або тоўстыя таміны. Замест гэтага падумайце аб робаце-пыласосе або каб наняць каго-небудзь, хто можа памагчы па доме.

Сентыментальныя падарункі, безумоўна, найбольш значныя. Просты прыклад: 53-гадовая жанчына, якую да слёз расчуліў фіялетавы ровар з вялікім бантам, падараваны ёй жаніхом — калі яна была маленькая, яна марыла пра такое, але бацькі не маглі сабе такога дазволіць.

Рабіць падарунак — асабліва такі, з дапамогай якога вы хочаце нешта заявіць — можа і раніць чалавека. Вось чаму некаторыя людзі так напружваюцца, калі дораць падарункі, бо яны адчуваюць сябе занадта «аголенымі», калі выказваюць эмоцыі. Людзям таксама можа быць цяжка прымаць падарункі, асабліва калі яны пазбягаюць прыхільнасці або баяцца блізкасці. Яны могуць падсвядома крыўдзіцца на тое, што іх ведаюць з такога боку або могуць адчуваць сябе нявартымі падарунка.

Тое, як адрэагуюць атрымальнікі, залежыць ад таго, наколькі яны ўпэўненыя ў сабе і ў сваіх адносінах з тым, хто дорыць, кажа доктар Дэвід Голдберг, псіхааналітык з Бірмінгема. Ён тлумачыць: «Прадуманы і шчодры падарунак можа абудзіць усе віды свядомых і падсвядомых страхаў, прагненняў і жаданняў. Што значыць прыняць гэта? Ці павінен я зараз чалавеку нешта? Што гэта значыць для мяне далей? Ці трэба мне адказваць тым жа? Калі я адкажу тым жа, ці азначае гэта пераход на наступны ўзровень?» Вось чаму многія дораць нешта стандартнае, напрыклад, духмяную свечку або падарункавую карту, замест таго, каб рызыкаваць з дарэннем нечага асабістага і памыліцца.

Фота: vecteezy

Калі вы сумняваецеся, што падарыць камусьці, вы заўсёды можаце спытаць. Адна пара запісвае ў супольны гугл-док, якія рэчы ім хацелася б мець, каб не памыляцца з падарункамі. У сувязі з гэтым можа ўзнікнуць пытанне: ці з'яўляецца выкананне просьбы больш актам са сферы паслугі, чым падарункам? Калі чалавеку, якому вы дорыце, важна быць здзіўленым, паспрабуйце запытаць пра больш агульныя рэкамендацыі, а не пра канкрэтныя прапановы.

Магчыма, лепшая стратэгія, калі справа даходзіць да падарункаў, — гэта правесці ўласнае не вельмі навуковае апытанне. Паспрабуйце распытаць родных і сяброў пра лепшыя і горшыя падарункі, якія яны калі-небудзь атрымлівалі. Вы не толькі даведаецеся, якія падарункі сапраўды закранулі або, магчыма, моцна паранілі іх. Калі вы сапраўды слухаеце, вы таксама лепш зразумееце іх асноўныя каштоўнасці, мову кахання і прыхільнасці. Гэтыя размовы могуць дапамагчы паглыбіць вашы адносіны, што само па сабе ўжо з'яўляецца вялікім дарам.

Каментары

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?63

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?

Усе навіны →
Усе навіны

Камандзір вайсковай часці 3214 пайшоў на павышэнне2

Збіраць жоўтае лісце, адчуць таямніцы прыроды, паглыбіцца ў гісторыю. Куды паехаць у Беларусі восенню?3

У Беларусі назіраюцца праблемы з інтэрнэтам. Вось што пішуць пра гэта людзі5

У Брэсце заўважылі рэдкі спорткар — такіх было выпушчана ўсяго 4192

У Польшчы хочуць абмежаваць колькасць замежных студэнтаў у ВНУ1

Хто тая жанчына, якая прымае дакументы ў кандыдатаў у прэзідэнты і дзяжурна дакладвае пра сумленнасць выбараў?9

Зіма ўжо блізка! У Мінску заўважылі першых снегіроў1

ЦВК назваў асаблівасць дэкларацый аб даходах кандыдатаў у прэзідэнты на гэтых выбарах1

Пуцін у снежні прыедзе ў Мінск3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?63

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?

Галоўнае
Усе навіны →