Супрацоўнікі адміністрацыі Новай Кахоўкі з-за пастаянных абстрэлаў з боку Узброеных сіл Украіны былі вымушаныя пакінуць горад.
«Супрацоўнікі ВГА Новай Кахоўкі, дзяржаўных і муніцыпальных устаноў пакінулі горад і былі перадыслакаваныя ў бяспечныя месцы вобласці», — сказана ў заяве акупацыйных уладаў.
У адміністрацыі адзначылі, што пасля адводу расійскіх войскаў з правабярэжнай часткі Дняпра Херсонскай вобласці «агонь з левага берага Дняпра зрабіў жыццё ў горадзе небяспечным». Праз абстрэлы ў горадзе адключыўся інтэрнэт і мабільная сувязь.
Раней прэс-сакратарка Сіл абароны «Поўдзень» Наталля Гумянюк паведаміла, што расійскія войскі на левым беразе Дняпра адыходзяць углыб на 15-20 км ад абсталяваных рубяжоў, каб засцерагчы сябе ад абстрэлаў УСУ.
Новая Кахоўка знаходзіцца прыкладна за 60 км на ўсход ад Херсона. Горад стаіць на левым беразе Дняпра, ніжэй за Кахоўскую ГЭС.
Каментары