Здароўе22

Што такое dash-дыета, якую лічаць найлепшай для гіпертонікаў, хаця насамрэч яна абавязковая для ўсіх. Адказвае доктар Камароўскі

Гэтую дыету няправільна называць дыетай, лічыць доктар Яўген Камароўскі. Хоць распрацавана яна была менавіта ў медыцынскіх мэтах — для зніжэння артэрыяльнага ціску без лекаў. Аднак медыкі ўпэўненыя, што гэтая дыета патрэбна не толькі для лячэння, а ў першую чаргу — для прафілактыкі захворванняў. Яна павінна стаць часткай ладу жыцця сучаснага чалавека, які шануе сваё жыццё і любіць сваю сямʼю. Пра дыету і матывацыю перайсці на яе на сваім канале распавёў доктар Яўген Камароўскі.

Што такое dash-дыета

Камароўскі кажа, што адной з самых актуальных праблем здароўя сучаснага чалавека зʼяўляецца падвышаны артэрыяльны ціск. «Любы чалавек на працягу жыцця абавязкова з гэтай праблемай сутыкнецца», — кажа ён. Кантраляваць артэрыяльны ціск, калі ён даў пра сябе ведаць, лячыць яго прыходзіцца ўсё жыццё.

«І ў прафілактыцы, і ў лячэнні павышанага артэрыяльнага ціску, і ў самім факце, будзе ў вас гэта праблема ці не, велізарную ролю маюць нашы харчовыя звычкі, тыя традыцыі харчавання, якія ёсць у краіне, дзе вы жывяце.

Вось калі вы ідзяце ў госці да сяброў, вы прыкладна разумееце, які набор страў будзе на стале. У нас традыцыйна будуць такія стравы, што захаваць нармальны ціск амаль немагчыма.

А ў сітуацыі, калі кантраляваць, прафілактаваць, своечасова піць лекі не вельмі прынята, мы маем інфаркты і наогул праблемы з гіпертанічнымі крызамі», — кажа ён.

Амерыканскія навукоўцы ў 90-х распрацавалі спецыяльную праграму — dash-дыету, якая дазваляе пры гіпертаніі падтрымліваць узровень крывянога ціску ў межах нормы. Dash так і расшыфроўваецца — Dietary Approaches to Stop Hypertension (дыетычны падыход спыніць гіпертэнзію).

У правілах dash-дыеты няма нічога ўнікальнага або незвычайнага, проста яны шмат у чым супярэчаць нашым традыцыям.

Калі гэта прыняць, памяняць свае звычкі, то высветліцца, што dash-дыета здольная рэальна, ужо за некалькі тыдняў, змяніць вашу сітуацыю з артэрыяльным ціскам.

«А калі вы dash-дыету возьмеце як правілы жыцця, то вашы шанцы быць здаровымі, актыўнымі, бадзёрымі, з яснымі мазгамі, без атлусцення — вельмі высокія», — кажа Камароўскі.

У чым сутнасць дыеты?

Механізм павышэння артэрыяльнага ціску шмат у чым звязаны з залішнім спажываннем натрыю, той самай солі.

Ледзь не галоўнай рэкамендацыяй Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, амаль універсальнай рэкамендацыяй да здаровага ладу жыцця, зʼяўляецца памяншэнне спажывання солі.

У залежнасці ад колькасці солі, dash-дыета можа быць класічнай, якая вызначае сярэднюю колькасць солі, што можна атрымліваць чалавек у дзень без шкоды для здароўя. Гэта 2,3 г — не вельмі поўная чайная лыжка. Ёсць больш жорсткая dash-дыета, яна дазваляе 1,5 г солі на дзень.

Для параўнання, па даных за 2018 год, беларусы ў сярэднім спажываюць 10 г солі ў суткі.

Агульныя правілы dash-дыеты

Няма нічога, чаго катэгарычна нельга. Калі нешта катэгарычна нельга, значыць яго можна, але крышачку.

Яшчэ важна разумець, што такое добра і што такое дрэнна.

Добра — гэта гародніна, садавіна, цэльназерневыя прадукты, абястлушчаная або нятлустая малочка, рыба, птушка, бабовыя, арэхі, алей. 

Абмяжоўваць варта прадукты з высокім утрыманнем насычаных тлушчаў — тлустае мяса, тлустыя малочныя прадукты, трапічныя алеі (какосавы, пальмавы), салодкія напоі і прысмакі. 

Гэта значыць, трэба выбіраць прадукты, якія маюць нізкае ўтрыманне насычаных і транстлушчоў, але пры гэтым багатыя каліем, кальцыем, магніем, клятчаткай і бялком, маюць нізкае ўтрыманне натрыю. 

«Чалавек, які ніколі не займаўся нюансамі харчавання, не прывык думаць над тым, што есці (што далі, тое і есць), павінен зразумець наступнае: можна так і далей харчавацца, атрымаць у 51 год інфаркт, а ў 65 гадоў сказаць усім «пакуль» і сысці з гэтага свету. А можна да 80 гадоў са сваёй бабуляй атрымліваць асалоду ад навакольнага свету. Найважнейшы плюс dash-дыеты, што гэта не дыета для нашага няшчаснага таты, або для нашага хворага дзядулі, або для нашага дзіцяці з атлусценнем. Не, гэта харчаванне, якое падыходзіць усім сямейнікам, гэта лад жыцця: мы так жывём, мы так харчуемся, і гэта карысна ўсім», — кажа Камароўскі.

Што і колькі можна есці

Збожжавыя — ад 6 да 8 порцый на дзень. Адна порцыя — гэта адна лустачка хлеба, ці 30 грам сухіх крупаў, ці паўшклянкі варанага рысу, варанай вермішэлі або варанай грэчкі.

Гародніна — ад 4 да 5 порцый на дзень. Адна порцыя — гэта шклянка сырой ліставой зялёнай гародніны, або паўшклянкі нарэзанай сырой ці варанай гародніны, або паўшклянкі соку з агародніны.

Садавіна — ад 4 да 5 порцый на дзень. Адна порцыя — гэта адзін фрукт сярэдняга памеру — адзін яблык ці груша, два абрыкосы, дзве слівы і г.д., паўшклянкі свежай замарожанай або кансерваванай садавіны (але без цукру), паўшклянкі фруктовага соку. Калі вам трэба выбраць паміж сокам або цэлым фруктам, выбірайце фрукт.

Абястлушчаныя або нятлустыя малочныя прадукты — 2-3 порцыі на дзень. Адна порцыя — гэта прыкладна 1 шклянка малака або ёгурту ці 30-40 грам сыру.

Любовае мяса (нятлустая ялавічына, птушка, рыба) — 6 порцый па 30 грам на дзень. Адна порцыя — гэта прыкладна 30 грам варанага мяса, птушкі або рыбы, адно яйка. Гэта значыць усяго 180 грам на дзень — гэта максімум, можна менш.

Арэхі, семечкі, бабовыя — ад 4 да 5 порцый на тыдзень. Звярніце ўвагу — на тыдзень. Адна порцыя — траціна шклянкі арэхаў, 2 сталовыя лыжкі арахісавага алею, 2 сталовыя лыжкі насення або паўшклянкі вараных бабовых (фасолі, гароху).

Тлушчы і масла — ад 2 да 3 порцый на дзень. Адна порцыя — 1 чайная лыжка мяккага маргарыну, або 1 чайная лыжка расліннага алею, або 1 сталовая лыжка маянэзу, або 2 сталовыя лыжкі запраўкі для салаты.

Прысмакі і цукар — максімум 5 порцый на тыдзень. Не на дзень. Адна порцыя — гэта адна сталовая лыжка цукру, жэле або джэму, адна шклянка салодкага ліманаду.

Гэта толькі здаецца складаным. За тры тыдні вы аўтаматычна будзеце разумець, колькі вам чаго трэба. Проста трэба пачаць, кажа Камароўскі.

Правільнае харчаванне — гэта сумна?

Галадаць вы дакладна не будзеце, пры гэтым атрымаеце не толькі карыснае, але і разнастайнае харчаванне. Аднак, каб вечарам не выявіць, што ў доме, акрамя чыпсаў, маянэзу і смажанай бульбы нічога няма, неабходна рабіць правільныя пакупкі: вы ж самі купілі гэтыя чыпсы і маянэз.

Неабходна паклапаціцца, каб у доме была гародніна, садавіна, нятлустая малочка.

Імкніцеся да максімальна разнастайнага харчавання. Калі вы ідзяце ў краму за садавіной, не трэба купляць тры кілаграмы яблыкаў — купіце некалькі яблыкаў, некалькі груш, некалькі персікаў. З гароднінай тое самае.

Эксперыментуйце з рэцэптурай, са спецыямі, заправамі, спрабуючы зрабіць ежу смачнай. Перад вамі задача — дадаць цікавы густ стравам з памяншэннем солі. Выкарыстоўвайце травы, спецыі, араматызаваныя варыянты воцату, духмяны аліўкавы алей. Пры гэтым памятайце, што некаторыя соусы ўтрымліваюць вялікую колькасць солі.

Перад паходам у краму складзіце спіс з улікам dash-дыеты, раіць Камароўскі.

Пераход на правільнае харчаванне патрабуе дысцыпліны. Дзе ўзяць сілы адмовіцца ад фастфуду, шашлыку, смажанай бульбы, маянэзу?

«Я хачу, каб вы гэтай тэмай зацікавіліся, — кажа Яўген Камароўскі. — Жанчына, якая часцяком зʼяўляецца галоўнай па арганізацыі харчавання ў сямʼі, можа пэўныя правілы гульні мяняць.

І ўкараненне dash-дыеты — класная разыначка, якая паказвае менавіта вашу любоў да вашага мужчыны. Лепш правесці старасць са сваім здаровым дзядулем, чым адной, хай і з кучай унукаў. Забяспечыць сабе да старасці бадзёрага, актыўнага, здаровага мужа — у вашых руках. І адзін з ключавых інструментаў для гэтага — dash-дыета», — кажа доктар.

Дэрматолаг расказаў, як прадухіліць сухасць скуры

На спіне, жываце ці на баку? Навукоўцы назвалі найлепшыя позы для сну

Адчуваеце трывогу і дэпрэсію перад менапаўзай? Вось што можа дапамагчы

Каментары2

  • Нешта не сходзіцца
    30.10.2022
    Ўсе гэта так, і есць даследванні, што гэта працуе, але! Цукар на дзень: лыжка у доктара роўная кубачку салодкага газаванага напою. Лыжка - 4 г, напой - мінімум 22, а можа і ўсе 46
  • dachamechtyy
    30.10.2022
    "І адзін з ключавых інструментаў для гэтага — dash-дыета», — кажа доктар."
    не цікава, што кажа доктар  ̶п̶о̶х̶о̶ж̶и̶ ̶н̶а̶ ̶о̶б̶и̶з̶я̶н̶. цікава, што скажа Satan

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы8

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы

Усе навіны →
Усе навіны

У Еўрапарламенце Віктара Орбана правялі з трыбуны песняй Bella Ciao14

Археолагі сцвярджаюць, што старажытны горад на Менцы ўзнік у канцы X стагоддзя15

Што з беларускага кіно пакажуць на фестывалі «Паўночнае ззянне»? Вялікі спіс

У Гродне паставілі помнік міліцыянеру Дзядзю Сцёпу21

У Беларусь збіраецца прыйсці скандальная расійская сетка «Ёбидоёби»5

Галоўчанка паабяцаў стварыць музей на гарадзішчы на Менцы6

Гайдукевічу прапануюць стаць пратэсным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах24

У ЗША выратавалі мужчыну, які дрэйфаваў на халадзільніку ў моры на працягу амаль сутак3

Беларус, які вызваліўся пасля паўтара года хіміі, ударыў малатком па сцяне Крамля3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы8

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы

Галоўнае
Усе навіны →