Генпракурор Швед: 1600 чалавек асудзілі па «экстрэмісцкіх» справах. І ніводнага апраўдальнага прысуду
Сёння генеральны пракурор Андрэй Швед быў з дакладам у Лукашэнкі, дзе сярод іншага пазнаёміў яго са статыстыкай па крымінальных справах «аб злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці». Спраў больш за 1200, людзей па іх праходзіла больш за 1600, апраўдальнага прысуду — ніводнага.
Паводле Андрэя Шведа,
у 2021 годзе пракуроры падтрымалі дзяржаўнае абвінавачанне па больш чым 1200 крымінальных справах «аб злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці» ў дачыненні да звыш 1600 асоб.
Па ўсіх справах, паводле генеральнага пракурора, «рэалізаваны прынцып няўхільнасці адказнасці», бо фактаў вынясення апраўдальных прысудаў не зафіксавана.
Затое па пратэстах пракурораў, пададзеных з прычыны разыходжання пазіцый дзяржаўных абвінаваўцаў і рашэнняў судоў, было ўзмоцнена пакаранне 28 асобам.
Акрамя таго за год пракуроры распачалі 523 «крыміналкі» ў сувязі з акцыямі пратэсту, накіравалі ў суды 300 заяваў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкай (259 ухвалена), абмежавалі доступ да 15 сайтаў, ліквідавалі 60 арганізацый і вынеслі больш за 8 тысяч папярэджанняў.
Каментары