Чэргі на адзіным працуючым пасажырскім пункце пропуску ў Брэсце працягваюць расці. Ужо больш за 2000 аўто спрабуюць выехаць у Польшчу з Беларусі.
Па стане на 14 гадзін 6 студзеня на мяжы стаялі больш за 2300 легкавых аўтамабіляў і 100 аўтобусаў. Па стане на 14 гадзін 5 студзеня, выезду з Беларусі ў Польшчу чакалі больш за 1800 легкавых аўто і 65 аўтобусаў. То-бок дадаліся 500 аўто і тры дзясяткі аўтобусаў.
Паводле інфармацыі з памежных чатаў, у суткі граніцу праходзіць каля 350-400 машын. З такім тэмпам людзям, магчыма, давядзецца стаяць у чарзе каля шасці сутак.
Чаканне аўтобуса на мяжы даходзіць да паўтара сутак. «Мінсктранс» паведамляе, што аўтобусы прыбываюць у Варшаву і адпраўляюцца адтуль з істотным спазненнем.
Пасля таго як Літва і Латвія забаранілі ўезд машын на беларускіх нумарах, Польшча засталася адзінай краінай, дзе дазволены ўезд такіх аўто. Прычым на беларуска-польскай мяжы працуе ўсяго адзін пункт пропуску для легкавых аўтамабіляў — Брэст-Тарэспаль.
Каментары