Выбары-202011

Чыноўнік, які не пайшоў супраць народу. Павел Латушка — пра 2020 год і будучыню

У час, калі многія чыноўнікі чакалі, у які бок хіснуцца шалі, або проста бяздумна выконвалі рэпрэсіўныя загады, у Беларусі нарадзіўся новы палітык — дыпламат, былы міністр культуры Павел Латушка, які ў жніўні ўзначальваў Купалаўскі тэатр. Ніводзін работнік пры ім не быў звольнены за пазіцыю, а сам Павел цяпер узначальвае Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Да гадавіны крывавых падзей мы пагаварылі з Латушкам пра былое і будучыню. 

«Наша Ніва»: Калі пачынаўся 2020-ы, вы былі чыноўнікам. Ці чакалі, што так павернецца лёс? 

— Думаю, ніхто не мог прадказаць падзеі жніўня. Але ў паветры было адчуванне, што пасыл да зменаў існуе. Я адчуў гэта, яшчэ калі вярнуўся ў Беларусь пасля пасольскай кадэнцыі. 

А адносна таго, чым жыў… Я быў дырэктарам Купалаўскага тэатра, мы рыхтаваліся да стагоддзя тэатра, думаў я пра жыццёвае: як падняць заробкі, вярнуць міжнародную гастрольную дзейнасць, развівацца. 

«Наша Ніва»: Былі планы вярнуцца ў сістэму МЗС? 

— Яны існавалі, гэта абмяркоўвалался з Макеем і Адміністрацыяй Лукашэнкі. Яшчэ на Дзень Незалежнасці, перад канцэртам, мне было сказана, што пасля выбараў мне будуць прапаноўваць пасаду амбасадара. Але гэтыя абяцанкі не спрацавалі б, нават калі б я на момант падзеў жніўня быў паслом, я б паступіў як некаторыя мае іншыя калегі — выступіў з пратэстам. 

«Наша Ніва»: А вы ўсё ж усё жыццё ў гэтай сістэме жылі з «пратэстам» ці гэта вас рэзка перамкнула? 

— За мяне лепш адкажуць тыя, хто мяне ведаў. Але скажу так, на пасадзе міністра культуры я быў адзіным членам урада, які выкарыстоўваў беларускую мову. Хаця мяне моцна ад гэтага адгаворвалі. Радзькоў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі, казаў мне, што я маю права гаварыць па-беларуску толькі пасля таго, як Лукашэнка загаворыць. У мяне пыталіся, чаму я з журналістамі дзяржаўнымі гавару па-беларуску: «Они же не поймут!» 

Я ганаруся тым, што зняў з пасады кіраўніка Нацыянальнай кінастудыі ўжо пакойнага Уладзіміра Замяталіна. Я не мог гэтага рабіць без узгаднення з Лукашэнкам, бо ён прызначае чалавека на гэту пасаду, але я зрабіў. Чалавек, які мне персанальна казаў, што «такой мовы не існуе, народу не існуе», чалавек, які курыраваў фальсіфікацыі выбараў і шмат што іншае, шкоднае, не мог працаваць у культуры. 

Я двойчы падаваў у адстаўку, калі мяне прасілі ісці на цэнзуру. Так, Макей падчас адной з прэмій сказаў мне, што я мушу прыбраць Святлану Зелянкоўскую з ролі вядучай, бо яна падтрымлівае няправільныя кантакты. Я сказаў, што лепш напішу заяву, і адстаяў яе. Я заўсёды быў такі. Натуральна, у жніўні мяне проста разарвала ад таго, што адбываецца. 

«Наша Ніва»: Пераступіць праз сябе і выйсці на вуліцу — што ў гэтым для чыноўніка самае цяжкае? 

— Я не рабіў крок у бездань. Я нарэшце вызваліўся, зрабіў крок, які чакаў вельмі доўга, аб якім ціхенька марыў з сябрамі. Дый у тэатры гэта ўсё пачалося задоўга. Значныя работнікі падпісвалі лісты супраць арышту Бабарыкі, выходзілі на акцыю супраць інтэграцыі з Расіяй. 

«Наша Ніва»: А як гэта ўсё ў тэатры разгортвалася знутры? Патлумачце свой узор паводзін, як кіраўнік не стаў займацца рэпрэсіямі. 

— Было ясна, што купалаўцы не абмінуць сітуацыю на вуліцах, не будуць адседжвацца ў грымёрках. Калі людзі пачалі выходзіць на акцыі, да мяне прыходзілі куратары з КДБ, СБП, ААЦ, Мінкульта. Навошта? Каб я спыніў гэта: «Вялікая рызыка, што тэатр узбунтуецца! Паглядзіце, колькі вашых было на мітынгу да 100-годдзя БНР?». Я казаў, што артыст — свабодны чалавек. Мне адказ: «Не можаце даць рады самі, выклікайце міліцыю!» 

Як уявіў, што я званю ў міліцыю і яны арыштоўваюць купалаўцаў…. Канечне, ніякай міліцыі я не выклікаў, а стаў рыхтавацца да крытычнага моманту ў сваёй кар’еры.

Мне звоніць міністр Бондар, кажа, «у вас там ствараецца стачачны камітэт, супрацьдзейнічайце». Я яму хлусіў, што так, канечне, юрысты ўжо рыхтуюць абгрунтаванне, чаму гэта незаконна. А сам прыйшоў на агульны сход стачкі, у мяне спыталі, з кім я. Я сказаў: «Канечне я з вамі». 

Калі Бондар званіў і прасіў зняць нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг з тэатра, я казаў: «Канечне, канечне». У гэты ж час сказаў купалаўцам, што плануюць прыслаць вышку. Мне перазвоньвае Бондар: «Ну што, знялі?» Я кажу, ды не, яго артысты ахоўваюць — я ж з імі ў бойку не палезу. Неяк так. 

«Наша Ніва»: Вы ж, бадай што, абмяркоўвалі жнівеньскую сітуацыю з былымі калегамі, чыноўнікамі? Як жнівень ім бачыўся? Ці былі такія, хто народ падтрымаў, а потым здаў назад? 

— Яшчэ за пару месяцаў з адной выбітнай фігурай МЗС мы абмяркоўвалі, што нешта будзе, і той казаў, што вось, маўляў, бачна, да чаго рыхтуецца Лукашэнка, што цяпер не пройдзе сцэнар, што кагосьці пасадзілі, пагандляваліся і выпусцілі. У мяне былі размовы на высокім узроўні ў ААЦ, мне нават прапаноўвалі чытаць ім лекцыі, але я адмовіўся. Афіцэры казалі пра неадназначную атмасферу ў грамадстве, што «наверсе» не чуюць, што грамадства змянілася, што ўлада губляе кантроль. 

У прынцыпе, Лукашэнка на адной нарадзе так і сказаў, што «бачыць дэматывацыю» — чыноўнікі яго не слухаюць і не працуюць. Там, дзе раней хапала грознага позірку, цяпер не дапамагае ўдар кулаком па стале. 

У многіх разумных людзей ва ўрадзе да Лукашэнкі было стаўленне негатыўнае: яны нічога не маглі рэалізаваць, а ён здымаў іх, бо не ўспрымаў падыходы. Але чыноўнікі за гэты час так і не змаглі аб’яднацца. 

І тыя, пра каго вы пытаеце, былі. Я размаўляў з былымі міністрамі, віцэ-прэм’ерамі, была з іх боку эмацыйная падтрымка, я б сказаў, што падыгрыванне, але тэктанічнага зруху не адбылося.

«Наша Ніва»: Згодны з думкай, што нарадзілася нацыя? 

— Не, гэта тэзіс Макея. Ён не раз казаў публічна, што беларуская нацыя праходзіць толькі станаўленне: «Што вы ад нас хочаце? Мы не скончылі працэс фарміравання». Я ж кажу — беларуская нацыя фарміравалася цягам тысячагоддзя, мы прайшлі шмат вехавых падзей. І праўда тут толькі ў тым, што Лукашэнка рабіў усё, каб знішчыць нацыю. І цяпер адбываецца адраджэнне. Гэта адраджэнне, якое забяспечыць нам будучыню, будучыню дзяржавы, якая сама вызначае свой лёс. 

«Наша Ніва»: Што не так з беларусамі, якія катуюць сваіх жа, беларусаў?

— Нідзе няма ў грамадстве адзінства. Хтосьці гатовы дзейнічаць і казаць, не пагадзіцца і маўчаць, а частка думае. Натуральны падзел у грамадстве, ён паўсюль існуе. 

«Наша Ніва»: А як год перажыла сістэма? 

— Яе матывацыя на падлозе, сістэма ў італьянскім страйку — ініцыятываў няма, веры, што пры Лукашэнку нешта зменіцца да лепшага, няма, веры, што будзе перамога лукашэнкаўцаў, няма. Прамаўчым пра сілавікоў, але цывільныя чыноўнікі не хочуць лезці ў гэта, каб не адбілася на лёс у будучыні. Так, не ўсе яны сёння гатовыя ісці ў адкрытую: «Мы баімся за сябе, за свае сем’і», — кажуць яны мне. Але іх эфектыўнасць для Лукашэнкі — нуль! І я не веру, што беларусы будуць хадзіць у аднолькавых портках, крычаць «Слава дыктатару», і па раскладзе шэрагам ісці ў сталовую. Ды гэта немагчыма. 

А сам ён даўно перастаў працаваць, яго працоўны дзень добра калі чатыры гадзіны ў дзень. Паездкі ў Эміраты, гулянкі з сябрамі, ён вырашыў што сістэма будзе сама па сабе рухацца, а ён будзе мезенцам падкручваць, але гісторыя разбурыла яго планы. 

Людзі ўжо паглядзелі, як жывём мы, як жывуць іншыя. Мы адсталі на дзесяцігоддзі, бо гэты чалавек нерэфармавальны, а разам з ім і Беларусь. Беларусы не дадуць жыць гэтай сістэме. 

«Наша Ніва»: Беларуская культура цяпер вынішчаецца. Чаму так выйшла? 

— Я напісаў дакумент Лукашэнку пад грыфам «сакрэтна», што калі мы хочам, каб Беларусь развівалася, то будаванне ідэалогіі на Другой сусветнай вайне прывядзе да разбурэння ідэалогіі ўвогуле, бо пры ўсёй павазе да гэтага перыяду, моладзь гэта ўспрымае іначай. Ідэалогію трэба будаваць на ўсіх вехавых перыядах: ад Тураўскага, Полацкага княства, ВКЛ, БНР, БССР, вайна, Беларусь. Я пісаў, што людзей трэба павярнуць да культуры паўсюль, што трэба ўладу павярнуць да культуры. Казаў, што старшыня райвыканкама павінен хадзіць у тэатр, старшыня аблвыканкама павінен. Тут я намякаў на самога Лукашэнку, які не хадзіў ні ў тэатры, ні на канцэрты. Дакумент вярнуўся з рэзалюцыяй у духу: «Навошта мне гэта ўсё?»

«Наша Ніва»: Што нас далей чакае? 

— Ваганні ад эйфарыі да безнадзейнасці зразумелыя. Мы год таму жылі ў ідэалістычным разуменні, што ўдасца змяніць сітуацыю, што дыктатар сыдзе, праўда і справядлівасць пераможа. 

А цяпер мы не можам зразумець, адкуль у Беларусі ўзяліся гэтыя каты, хто іх выхаваў. У нас жах ад дзеянняў сістэмы. Але ўсе прычыны незадаволенасці, і старыя і новыя, яны ўнутры людзей, нічога ж нікуды не дзелася і не дзенецца. Нас абсалютная большасць, якая ў жніўні 2020-га не была гатовая на многае, і цяпер пытанне, калі людзі, нягледзячы на ўсе рызыкі пацярпець, выйдуць. Трэба падтрымліваць уздым і веру. Змены адбываюцца дзякуючы тым, хто ідзе наперадзе і дзейнічае, рызыкуе. Такіх людзей трэба падтрымліваць. Нам важнае грамадства з лідарамі — менавіта так, «лідарамі» у множным ліку. Такое грамадства хутчэй прыйдзе да зменаў. 

«Наша Ніва»: А як вы сам цяпер, на нечаканым віражы лёсу? 

— І я, і мае калегі, паставілі жыццё на паўзу, разумееце, што гэта такое? Ніхто не жэніцца, ніхто не нараджае дзяцей. Мы працуем, робім, што можам, хочацца рабіць больш, каб наваліцца яшчэ раз і давесці да канца тое, пра што мы ўсе марым.

Каментары1

  • Woodoo Cult
    28.06.2024
    [Рэд. выдалена]

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ12

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ

Усе навіны →
Усе навіны

У Лукашэнкі знайшлася пазашлюбная дачка Крысціна? Вось што вядома58

Замежнікі скардзяцца — у беларускі ўніверсітэт не паступіш без пасярэднікаў2

Вальфовіч: У Лукашэнкі ёсць свой ядзерны чамаданчык і чырвоная кнопка17

Самалёт Пуціна ў Мінск суправаджалі два знішчальнікі

«Яшчэ 10 чалавек паехалі». Як кашмарылі Гродна падчас апошняй аблавы2

Мінчанка паслізнулася на прыступках свайго пад'езда, паламалася і адсудзіла 11 000 рублёў

З Новага года вырасце некалькі падаткаў

Беларускі «Гастрафэст» пройдзе ў трох краінах. Што ў меню?2

Палітвязня Толчына, які выйшаў па памілаванні, затрымалі па адміністрацыйнай справе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ12

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ

Галоўнае
Усе навіны →