Адну з ключавых пасадаў заняў патомны вайсковец, які да апошняга часу быў начальнікам Генштаба.
Пасада дзяржсакратара Рады бяспекі была вольнай з кастрычніка 2020, калі Валерыя Вакульчыка нечакана адправілі памочнікам Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці. На пошукі новай кандыдатуры сышло тры месяцы.
Аляксандру Вальфовічу 53 гады. Ён усё жыццё звязаў з арміяй. Пасля школы паехаў вучыцца ў Маскоўскае вышэйшае вайскова-каманднае вучылішча, якое скончыў яшчэ да развалу СССР у 1988 годзе. Цікава, што вучыліся яны там разам з былым міністрам абароны і дзяржсакратаром Рады бяспекі Андрэем Раўковым. Далей яны таксама працавалі часта разам, але вышэйшыя пасады нязменна займаў Раўкоў. Пасля Вальфовіч замацоўваў адукацыю ў Вайсковых акадэміях Беларусі і Расіі.
У 2005 годзе стаў працаваць у Галоўным аператыўным упраўленні Генштаба. З 2008 — камандзір 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Быў намеснікам камандуючага Заходняга аператыўнага камандавання і камандуючым Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання. У 2012 стаў генерал-маёрам. Апошнія тры гады быў у Генштабе: спачатку першым намеснікам, а са студзеня 2020 — начальнікам, першым намеснікам міністра абароны.
У бытнасць камандуючага Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання Аляксандр Вальфовіч запомніўся тым, што стаў ініцыятарам таго, каб прызыўнікі ў Барысаве прынеслі прысягу СССР.
«Была задача паказаць падчас цырымоніі прыняцця прысягі пераемнасць пакаленняў. Сёння, як бы на імгненне зазірнуўшы ў легендарнае мінулае, мы паказалі, як прымалі прысягу нашы прадзеды і дзяды ў далёкім 1918-м і 1941 годзе, як прымалі яе ў часы Савецкага Саюза. І ўслед за імі, выконваючы пераемнасць пакаленняў абаронцаў Айчыны, прынеслі ўрачыстую клятву на вернасць нашай Радзіме — Рэспубліцы Беларусь — і нашы вайскоўцы. Я думаю, што гэта мерапрыемства стане добрай традыцыяй», — цытавала словы Вальфовіча «Беларуская вайсковая газета».
«Наша Ніва» датэлефанавалася да мамы цяперашняга дзяржсакратара Рады бяспекі Таццяны Якаўлеўны, каб яна расказала пра сына.
«Ён вельмі сумленны і справядлівы, выдатны сем’янін і сын, такіх дзяцей, як ён, больш няма на свеце. І ён так перажывае за боль іншых людзей, як ніхто. Бясплатна дапамагае ўсім, каму толькі можа. І ніколі б яго не прызначылі, калі б усяго гэтага не ведалі», — адразу хваліць свайго сына мама, пераходзячы на слёзы.
Аляксандр Вальфовіч нарадзіўся ў Казані. Справа ў тым, што там служыў ягоны бацька Рыгор Аляксандравіч Вальфовіч, падпалкоўнік у адстаўцы, танкіст. Сын, дарэчы, не стаў танкістам праз высокі рост. Цяпер бацьку 74 гады, нядаўна зрабілі шунтаванне на сэрцы.
Бацька родам з Балты Адэскай вобласці Украіны, але жыла сям’я з малых гадоў у Слуцку. Дзед — таксама Аляксандр Рыгоравіч — быў вайскоўцам. «Ён ваяр ад Бога, памёр у 49 гадоў, маладым», — кажа пра цесця нявестка.
«Сашанька нарадзіўся ў Казані. Справа ў тым, што ягоны бацька дзе толькі не служыў: у Ленкарані (Азербайджан), потым — у Германіі, потым — у Маскве, а яшчэ пазней у Барысаве. У школу сын хадзіў у Барысаве, выдатна скончыў, адкуль паехаў паступаць у Маскву. Ён вельмі любіў вайсковую справу, без гэтага не мог», — расказвае Таццяна Якаўлеўна.
У сям’і яшчэ ёсць сын Дзмітрый, ён таксама вайсковец, палкоўнік. Служыць пры Вайсковым камісарыяце Віцебскай вобласці, намеснік вайсковага камісара. Насамрэч жа біяграфія ў Дзмітрыя нашмат больш цікавая і рознабаковая.
Дзмітрый быў удзельнікам першай чачэнскай вайны. Туды малады лейтэнант трапіў пасля таго, як яго завербавала Федэральная служба контравыведкі Расіі. І ўдзельнічаў Вальфовіч у гэтай вайне не ў складзе расійскай арміі, а сярод чачэнскай апазіцыі Дудаеву, якая, на думку контравыведкі, і павінна была ўзяць уладу ў рэспубліцы. Для гэтага з Масквы апазіцыі дапамагалі зброяй і людзьмі, сярод якіх і быў Вальфовіч.
Такі план крамлёўскіх стратэгаў не спрацаваў, а Вальфовіч трапіў у палон, адкуль звяртаўся да Барыса Ельцына са словамі, што чачэнскі народ сапраўды падтрымлівае Дудаева. Вальфовіч быў вызвалены ў снежні 1994 года. На прэс-канферэнцыі ў Думе Дзмітрый расказаў, што павінен быў атрымаць ад ФСК 6 мільёнаў рублёў за свой удзел у чачэнскай апазіцыі. Гэта выклікала вялікі скандал. Не ўсім палонным пашанцавала так, як Вальфовічу.
Бацькі Вальфовіча пераехалі з Барысава ў Мінск у 1985 годзе. Бацька працаваў да 70 гадоў. Займаў пасаду намеснікам гендырэктара прадпрыемства «БелЭЗ», якое належыць кіраўніцтву справамі прэзідэнта. «БелЭЗ» займаецца пытаннямі эксплуатацыі будынкаў.
У Аляксандра Вальфовіча адзін сын — Максім. Ён таксама вайсковец, маёр. Да нядаўняга часу Вальфовіч-малодшы ўзначальваў механізаваны батальён пры 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе, якая размяшчаецца ў Гродне. Адметна, што ў гэтым батальёне цягам апошніх гадоў было зафіксавана два суіцыды. Бабуля Таццяна Якаўлеўна кажа, што цяпер унук працуе пры Вайсковай акадэміі.
Жонка Аляксандра Вальфовіча — адміністратарка ў цырульні.
Каментары