«Давайце называць правільна». Праўладны палітолаг асудзіў «Молдавию» і «Белоруссию»
У праграме тэлеканала СТВ «По существу» праўладны палітолаг-прапагандыст Вадзім Баравік, які часта стаіць у сваіх выступленнях на прарасійскіх пазіцыях, раптам рэзка выказаўся супраць выкарыстання «наратываў пэўных Z-патрыётаў».
Абмяркоўваючы выбары ў Малдове, Баравік адзначыў, што ў іх, маўляў, умешваюцца абодва бакі — і Усход, і Захад, бо гэта змаганне «за жыццёвую прастору».
Паводле яго, «там Расія і расійская разведка працуюць — і ў Малдове…», пасля чаго праўладнага палітолага раптам пацягнула ў бок тэрміналогіі:
«Давайце называць правільна, ніякай «Молдавии» няма, і «Белоруссии» няма. Малдова, Беларусь, Туркменістан. Тады вы будзеце сябе паважаць.
Калі вы будзеце гаварыць наратывы пэўных Z-патрыётаў, у вас будзе няправільная тэрміналогія, і мы будзем няправільна моладзь выхоўваць.
У нас дзяўчынкі правільна Галкіну гаварылі: няма такой краіны «Белоруссия», ёсць Беларусь. Я хачу ўсе краіны называць па Канстытуцыі. З гэтага пачынаецца павага і цэнтраімклівыя сілы».
Яго падтрымаў і вядучы праграмы, адзначыўшы, што трэба гаварыць не Бераг Слановай Косці, а Кот д'Івуар.
45-гадовы Вадзім Баравік быў на выбарах-2020 даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі. Яго афіцыйная праца — дырэктар «Гарадскога цэнтра перакладаў». Але найбольш раскруціўся Баравік як тэлеэксперт па любой тэме.
Калі коратка апісаць яго амплуа, то гэта Гайдукевіч на мінімалках. Такі ж істэрычны, такі ж самаўпэўнены, такі ж генератар каментароў па любой тэме — нават інтанацыі падобныя! — але харызмы ўсё ж паменей. На БТ яго прэзентуюць як «беларускага Жырыноўскага».
У пачатку 2024 года Вадзім Баравік, як і шэраг іншых прапагандыстаў, быў прызначаны дэпутатам Мінскага гарадскога савета.
У Курасоўшчыне за месца ў Мінгарсавет б’юцца тэлеперсанажы — сталініст і прарасійскі палітолаг. Вы за каго?
Тэлеперсанаж Вадзім Баравік прапанаваў дадаваць нявінніцам балаў на ЦТ
Прапагандысты азадачыліся: як упэўніць народ, што мех бульбы — гэта крута, а Мальдывы — не
Эйсмант, Пуставы, Крывашэеў. Усе прапагандысты прабіліся ў Мінгарсавет
Каментары