Грамадства2222

Неардынарны бацюшка з Гомеля атрымаў ужо 25 сутак арышту: чаму яго не бароніць БПЦ?

Праваслаўнага святара Уладзіміра Драбышэўскага 28 верасня павінны былі выпусціць з ізалятара, дзе ён адбываў 10-дзённы арышт. Аднак яго зноў павезлі ў суд, вынік — яшчэ 15 сутак арышту.

Драбышэўскі — гэта той двухметровы святар, які 13 жніўня ў сутане выйшаў да гомельскага Следчага камітэта з плакатам «Спыніце гвалт». «Наша Ніва» сабрала цікавыя факты пра гэтага неардынарнага святара.

Уладзімір Драбышэўскі. Фота kp.by.

Айцу Уладзіміру Драбышэўскаму (папулярнае ў Гомелі прозвішча) 42 гады. Дваццаць з іх ён правёў у сане святара. Трынаццаць апошніх гадоў бацюшка служыў у храме святога Іана Кармянскага ў Гомелі. Да гэтага даводзілася шмат дзе паслужыць, у тым ліку ў вёсках.

Па адукацыі Драбышэўскі — інжынер-сістэматэхнік, скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, але па спецыяльнасці працаваць не давялося, бо яшчэ ў час студэнцтва стаў на шлях святарства, калі заканчваў ВНУ ўжо быў дыяканам.

Багаслоў Наталка Васілевіч кажа, што айцец Драбышэўскі меў аўтарытэт сярод вернікаў. «Гэта інтэлектуал, у нас з ім было шмат багаслоўскіх спрэчак, у тым ліку пра айца Сергія Булгакава. Але яго паважалі не толькі інтэлектуалы, ёсць відэа, як Уладзіміра спрабуюць адбіць царкоўныя жанчыны ў сілавікоў».

Напрыканцы ліпеня Драбышэўскі быў пазбаўлены права свяшчэннаслужэння, але застаўся ў сане. Справа ў тым, што святара хацелі перавесці з Гомеля настаяцелем у вёску Старая Беліца ў раёне. Яго запрасілі а 12 гадзіне на епархіяльны савет, але прайшла ўжо гадзіна ў чаканні, а яго ўсё не выклікалі. Тады бацюшка проста пакінуў памяшканне. Яму званілі і прасілі вярнуцца, але той не захацеў. У выніку ў той жа вечар яго пазбавілі права служыць на тэрыторыі Гомельскай епархіі і звольнілі з царквы.

У інтэрв’ю «Моцным навінам» святар тлумачыў, што спачатку з епіскапам Сцяфанам у яго былі прыязныя адносіны, а потым сталі пагаршацца. Напрыклад, Драбышэўскі займаў зусім іншую пазіцыю, чым епархіяльнае начальства адносна сітуацыі з каранавірусам. Ён лічыў, што гэтую праблему не варта недаацэньваць, а наадварот усяляк засцерагацца. Асабліва гэта стала актуальна, калі сталі хварэць гомельскія клірыкі. Драбышэўскі мяркуе, што менавіта за гэтыя рознагалоссі яго і маглі саслаць у вёску.

Пры гэтым сана бацюшку не пазбаўлялі, яму было прапанавана знайсці працу ў іншай епархіі. То-бок працуй дзе заўгодна, але не ў Гомелі.

Драбышэўскі — шматдзетны бацька, у яго шасцёра дзяцей. Старэйшая скончыла школу, малодшаму — дзевяць гадоў. Транспарту ў яго няма, пераязджаць, маючы такую вялікую сям’ю, у іншае месца для яго вельмі праблематычна.

Тая акцыя ля Следчага камітэта была не адзінай, у якой удзельнічаў айцец Драбышэўскі, менавіта таму, мабыць, яго ўжо асудзілі ў другі раз. Адзначым, што Драбышэўскі таксама ўвайшоў у Каардынацыйную раду, створаную пасля выбараў.

Чаму БПЦ не бароніць свайго святара ў судах? Прэс-сакратар БПЦ Сяргей Лепін паведаміў «НН», што ўладыка Веніямін мае інфармацыю па гэтай справе. «Сочым, уладыка інфармаваны», — адказаў ён. Тым не менш, ніякіх хадайніцтваў у суд з боку БПЦ не дасылалася.

Кіраўнік інфармацыйнага аддзелу Гомельскай епархіі Алег Кастрама адзначыў, што да іхняй епархіі Уладзімір Драбышэўскі не мае ніякага дачынення, за ягонымі зняволеннямі там не сочаць. «Уладыка Сцяфан зараз адсутнічае, нават не ведаю, ці ён у курсе», — адказаў айцец Алег. Тое, што гэта адбываецца на тэрыторыі Гомельскай епархіі для іх таксама нічога не значыць. «У нас на тэрыторыі епархіі шмат святароў з Расіі жыве, але працуюць у іншым месцы, якое гэта мае да нас дачыненне?»

Уладзімір Драбышэўскі казаў, што на акцыі пайшоў бы і калі б заставаўся ў штаце Гомельскай епархіі.

«Чаму Патрыярх можа за Пуціна агітаваць, епіскап Гурый — за Лукашэнку, а я, просты поп, выйду з плакатам «Свабоду палітвязням» — мне адразу павесяць ярлык «палітыкан»?

Людзі сядзяць за тое, што збіралі подпісы. Гэта фантастычныя гісторыі з пункту гледжання юрыдычнага права. І гэта ж не 1950-я, калі адзіная крыніца — газеты «Праўда» і «Ізвестія». Калі гэта ўсё на ютубе, у фэйсбуку, у телеграме. Калі па БТ кажуць «банкір спрабаваў скрасці карціны і вывезці», а ты, нават калі не сачыў за гэтай гісторыяй, гугл чытаеш і разумееш, куды зніклі гэтыя карціны, пачынаеш пытаць, што ў нас адбываецца», — казаў Драбышэўскі «Моцным навінам».

Каментары22

Сацыялагічны аналіз: хто падтрымаў Трампа, а хто — Харыс5

Сацыялагічны аналіз: хто падтрымаў Трампа, а хто — Харыс

Усе навіны →
Усе навіны

Рак тоўстай кішкі сярод насельніцтва Беларусі на першым месцы4

У «Байсоле» расказалі пра апошнюю хвалю масавых затрыманняў і параілі, што рабіць людзям у зоне рызыкі5

У Вільні зноў з'явіўся антыбеларускі надпіс на дзвярах беларускай установы ФОТА11

У Ізраілі звольнілі міністра абароны, які лічыўся памяркоўным

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»4

Сабаленка гарантавала сабе першы радок сусветнага рэйтынгу па выніках года3

Мінская дызайнерка расказала, як яе зачараваў, а пасля падмануў былы муж і тата двайнят9

Сацыял-дэмакраты паведамілі пра затрыманні сярод сваіх сяброў

У Смаленску хлопца без галавы прызналі прыдатным да вайсковай службы9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сацыялагічны аналіз: хто падтрымаў Трампа, а хто — Харыс5

Сацыялагічны аналіз: хто падтрымаў Трампа, а хто — Харыс

Галоўнае
Усе навіны →