Фельетон Лёліка Ушкіна.
— Запрасілі, значыць, дыктатара нашага, — сказала Швейку ягоная служанка пані Мюлевара.
— Якога дыктатара? — сказаў Швейк, масіруючы калені. — Я ведаю двух дыктатараў: Кіма і Татукіма. І ніводнага з іх мне зусім не шкада.
— Не, пане, апошняга дыктатара Еўропы. Таго, стабільнага. Запрасілі на пражскі саміт Еўрасаюзу.
— Ісус Марыя! — выгукнуў Швейк. — Вось дык так! І як гэта магло адбыцца?
— Міністр нашых справаў замежных яго запрасіў.
— Нічога сабе! Ды для такога запрашэння відавочна патрэбна нейкая асаблівая папера. Зразумела, запрашаць дыктатара — справа нялёгкая. Я б для такой справы набыў сабе аўтаручку: на першы погляд цацка, з дапамогай яе можна запрасіць хоць дваццаць дыктатараў, хоць стабільных, хоць якіх… Ну добра, калі што — я ў інтэрнэт‑кавярні.
У інтэрнэт‑кавярні сядзеў толькі адзін наведнік. Гэта быў агент таемнай паліцыі Брэтшнэйдар, які спрабаваў праверыць на крамолу бармена Паліўца.
— Ну і нарабілі нам спраў у Мінску!
— У якім такім Мінску? Мінску‑Мазавецкім, ці што? Вядома, гэта ж эканамічна дэпрэсіўнае ваяводства Польшчы.
— У беларускім, пане. Наш МЗС уцягнуў у арбіту ўплыву аўтарытарны рэжым. Што вы пра гэта скажаце?
— Я ў такія справы не лезу. Тут Гаагай пахне.
Брэтшнэйдар расчаравана агледзеў пустую залу. Яго твар павесялеў, калі ў памяшканне зайшоў Швейк.
— Гэта ўсё літоўцы і палякі, новыя сябры Еўрасаюзу, нарабілі ў Мінску, — пастараўся накіраваць размову ў патрэбны кірунак Брэтшнэйдар.
— Памыляецеся, — адказаў Швейк, — гэта ўсё прэзерватывы.
І Швейк выклаў свае погляды на сучасную еўрапейскую палітыку:
— Папа змагаецца супраць выкарыстання прэзерватываў і хацеў, каб Еўрасаюз дапамог. А калі гэты нумар не прайшоў, запрасіў у саюзнікі апошняга дыктатара Еўропы. Падумайце самі — ну навошта яшчэ ім сустракацца? А наш МЗС пабаяўся, што ствараецца партнёрства супраць прэзерватываў і яго таксама запрасіў. Цяпер будзе бойка.
Трэба чакаць спецыяльнай абразлівай энцыклікі Святога Рыму наконт Усходняга Партнёрства. А таксама цвярозай рэакцыі беларускага народу на ўсё гэта.
— А якой можа быць цвярозая рэакцыя беларускага народу? — ажывіўся агент.
— Ды любая. Працверазейце і папрасіце пачытаць вам услых «Советскую Белоруссию». Самі пабачыце, чаго вы нагаворыце.
Брэтшнэйдар падскочыў і папрасіў суразмоўцу на пару хвілін на вуліцу. Там Швейка чакаў невялікі сюрпрыз — сабутэльнік склаў на яго пратакол за брудную лаянку і спраўленне малой патрэбы ў публічным месцы. Цяпер увесь саміт Швейк мусіў парыцца на нарах у Панкрацы.
Потым Брэтшнэйдар вярнуўся у залу і сказаў Паліўцу, каб таксама збіраўся.
— За што?! Я такі асцярожны.
— А чаму на сцяне партрэт Вацлава Клаўса, а не Карла Шварцэнберга?..
Так ўступіў у эру Усходняга Партнёрства бравы салдат Швейк. Калі далей падзеі разгарнуліся не так, як ён думаў, дык толькі таму, што Швейк на той момант проста не разумеў тонкасцяў палітыкі ЕС ва Усходняй Еўропе.
Каментары