Як Качанава за паўгода абагнала ў чарзе на жыллё 10530 жыхароў Цэнтральнага раёна Мінска
«Чарга на паляпшэнне жыллёвых умоў» у Мінску — досыць эфемерная рэч. Агулам у спісе больш за 200 тысяч сем’яў, а за мінулы год права пабудавацца атрымалі толькі 626 чалавек. Праз такія тэмпы будаўніцтва чарга фактычна спынілася на тых, хто запісаўся ў яе ў канцы 1980-х.
Аднак многія ўсё адно запісваюцца ў льготны спіс — на ўсялякі выпадак. Каб зрабіць гэта, трэба пражыць у сталіцы 10 гадоў. Аднак ёсць і выключэнні — вайскоўцы, суддзі і іншыя падобныя катэгорыі. Звычайна яны будуюцца ў ведамасных дамах.
Зрэшты, існуюць і выключэнні з выключэнняў. Інтэрнэт-партал Мінгарвыканкама дазваляе адсачыць, якое месца ў чарзе займае той ці іншы грамадзянін.
Нашу ўвагу прыцягнуў выпадак Наталлі Качанавай, цяперашняй кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта. Яна разам з мужам пераехала ў Мінск у снежні 2014 года, калі была прызначаная віцэ-прэм’еркай. Спачатку жыла ў гатэлі, пасля, мусіць, на тэрыторыі рэзідэнцыі Дразды.
Сайт Мінгарвыканкама паведамляе, што грамадзянка Наталля Іванаўна Качанава (дата нараджэння — 25 верасня 1960) стаіць на ўліку ў Цэнтральным раёне Мінска са складам сям’і 2 чалавекі. Яна знаходзіцца ў агульным спісе з 14 чэрвеня 2016 года пад нумарам 10532. Апроч таго, Качанава уключана ў асобны спіс з 14 чэрвеня 2016 года, яе нумар у гэтым спісе 3.
Чыноўніца (на той момант віцэ-прэм’ерка па сацыяльных пытаннях») упершыню з’явілася ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў у чэрвені 2016 года. І ўжо ў кастрычніку 2016 года Мінгарвыканкам выдзеліў ёй участак пад забудову ў «Драздах-2»
Такім чынам Качанава змагла вырашыць сваё кватэрнае пытанне за чатыры месяцы, абышоўшы ў чарзе 10530 жыхароў Цэнтральнага раёна Мінска.
Чытайце таксама: Качанава пачынае будоўлю катэджа ў Драздах ФОТЫ
Што такое 10 тысяч чалавек, якіх абагнала Качанава?
Гэта, напрыклад, аўдыторыя аншлагавага канцэрта Сяргея Міхалка на «Мінск-Арэне».
Альбо насельніцтва такога горада, як Узда ці Валожын.
Каментары