Міністэрства абароны Швейцарыі пракаментавала факт суправаджэння знішчальнікамі F-18 самалёта авіякампаніі «Расія» з урадавай дэлегацыяй і журналістамі «крамлёўскага пула», піша Reuters.
Па словах прэс-сакратара міністэрства абароны Швейцарыі, гэта была руцінная «праверка» самалётаў, якія пралятаюць у небе краіны.
«Гэта як праверка машыны на вуліцы паліцыянтам патрулём, каб пераканацца, што яна не была скрадзеная», — цытуе агенцтва прадстаўніка Мінабароны Швейцарыі.
Паводле яго слоў, знішчальнікі суправаджалі расійскі борт на працягу сямі хвілін падчас палёту над тэрыторыяй краіны.
За год, удакладнілі ў міністэрстве, ВПС Швейцарыі правяраюць каля 400 замежных самалётаў падчас пралёту над тэрыторыяй краіны.
Пра інцыдэнт у небе Швейцарыі стала вядома ўвечары ў пятніцу, 18 лістапада. Самалёт Іл-96-300 з расійскай дэлегацыяй на борце накіроўваўся ў Перу на саміт Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АЦЭС). У небе лайнер Швейцарыі сустрэлі два зьнішчальнікі F-18, якія некаторы час суправаджалі яго.
Каментары