Колькасць выпадкаў кавіду, выкліканага штамам амікрон, пайшла на зніжэнне. Аднак хутка распаўсюджваецца па свеце яго падвід, так званы стэлс-амікрон, і гэта прымушае медыкаў хвалявацца.
Стэлс-амікрон, які навукоўцы ведаюць пад назвай BA.2, упершыню быў выяўлены ў снежні 2021 года. Пакуль BA.2 яшчэ вывучаюць, але ўжо лічыцца, што гэты падвід амікрона яшчэ больш заразны за свайго «бацьку». Стэлс-амікрон мае іншую структуру шыпавіднага бялку, чым ранейшыя мутацыі кавіду, піша Mirror.
Сімптомы BA.2 падобныя да прыкмет звычайнай прастуды. Гэта боль у горле, насмарк, чханне, лёгкія болі ў мускулах, стомленасць і галаўны боль. Трохі радзей сустракаюцца такія сімптомы, як непрытомнасць, туман у галаве, сып на скуры, кан’юктывіт, млосці ці ваніты, сонны паралюш і начная патлівасць.
Але ж ёсць яшчэ адзін сімптом, і ён часта сустракаецца пры стэлс-амікроне. Гэта тахікардыя — павышаны пульс. Наша сэрца можа біцца часцей у адказ на павышаную тэмпературу ці на запаленне, выкліканае кавідам. Яно павінна праганяць па целу больш крыві, каб змагацца з інфекцыяй, а для гэтага сэрцу прыходзіцца працаваць больш цяжка.
Звычайна павышаны пульс — не той сімптом, што павінен выклікаць хваляванне. Але, калі тахікардыя не праходзіць доўгі час ці суправаджаецца сімптомамі накшталт болю ў грудзях, галавакружэння ці страт прытомнасці, вам варта наведаць доктара.
Каментары