Свет3838

Упершыню з II сусветнай у Еўропе перамагла партыя, заснаваная нацыстамі. Што для Беларусі азначаюць змены ў Аўстрыі?

На парламенцкіх выбарах у Аўстрыі ўпершыню перамагла ўльтраправая пракрамлёўская «Аўстрыйская партыя свабоды», заснаваная ў 1950-ыя групай ветэранаў войск СС. Яе сённяшні лідар Герберт Кікль адкрыта называе сябе «народным канцлерам» («Volkskanzler») — тэрмін, якім нацысты звычайна называлі Адольфа Гітлера. Расказваем, наколькі гэта ўсё сур'ёзна і чаго чакаць Еўропе і Беларусі.

Герберт Кікль, старшыня ўльтраправай папулісцкай і пракрамлёўскай «Аўстрыйскай партыі свабоды», якая ўпершыню перамагла на парламенцкіх выбарах у Аўстрыі. Партыя Кікля адкрыта сімпатызуе Крамлю і мае нацысцкія карані. Фота: Christian Bruna / Stringer / Getty Images

«Крэпасць Аўстрыя — закрытыя межы — гарантыя бяспекі»

На ўчорашніх парламенцкіх выбарах у Аўстрыі перамагла «Аўстрыйская партыя свабоды» (Freiheitliche Partei Österreichs, ці проста FPÖ), набраўшы 29,2% галасоў выбаршчыкаў і атрымаўшы 58 месцаў у парламенце з 183, паведамляе аўстрыйскае Міністэрства ўнутраных справаў. 

Услед за ёй з 26,5% галасоў ідуць кіруючая «Аўстрыйская народная партыя» (52 месцы ў парламенце), а таксама «Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі», якая атрымала 41 месца і 21% галасоў.

Перамогу «Аўстрыйскай партыі свабоды» ўжо называюць эпахальнай і беспрэцэдэнтнай. Яшчэ ніколі з моманту сканчэння Другой сусветнай у еўрапейскай краіне не перамагала партыя, створаная былымі нацысцкімі партыйцамі, чыноўнікамі і вайсковымі камандзірамі.

Лідар FPÖ-пераможцы Герберт Кікль пасля атрымання вынікаў выбараў заявіў радаснаму натоўпу прыхільнікаў, што ягоная партыя «адчыніла дзверы ў новую эру», і заклікаў урад краіны як мага хутчэй сысці ў адстаўку.

Ультраправая FPÖ была заснавана ў 1955 годзе групай перакананых аўстрыйскіх нацыянал-сацыялістаў і ветэранаў войск СС на чале з Антонам Райнталерам, які да паражэння гітлераўскай Германіі ў Другой сусветнай уваходзіў у Рэйхстаг ад сумна вядомай нямецкай нацысцкай партыі НСДАП, займаў пасаду намесніка міністра сельскай гаспадаркі Трэцяга Рэйха, а таксама быў ганаровым членам войск СС у званні брыгадэфюрэра (генерал-маёра). На працягу гісторыі існавання FPÖ у склад яе кіравання рэгулярна ўваходзілі былыя нацысцкія функцыянеры і вайскоўцы.

Генерал-маёр войск СС і член нямецкай нацысцкай партыі НСДАП Антон Райнталер, які пасля Другой сусветнай заснаваў і ўзначаліў «Аўстрыйскую партыю свабоды». Фота: архіў Аўстрыйскай Нацыянальнай бібліятэкі
Герберт Кікль, старшыня «Аўстрыйскай партыі свабоды». Фота: Andreea Alexandru / AP

Герберт Кікль, які ўзначальвае FPÖ, з'яўляецца заўзятым ворагам левых лібералаў, нелегальнай і звычайнай іміграцыі, кіраўніцтва Еўрасаюза, ісламу і антырасійскіх санкцый. Калі ён быў міністрам унутраных спраў Аўстрыі (2017-2019), ён прасоўваў механізм хуткай дэпартацыі на радзіму ўцекачоў, якія здзейснілі злачынства дома ці ў Аўстрыі (не канкрэтызуючы, ці падпадаюць пад механізм яшчэ і палітычныя ўцекачы), а таксама прапаноўваў аўстрыйскаму ўраду выйсці з міжнародных пагадненняў аб правах чалавека, каб яны «не перашкаджалі яму рабіць тое, што неабходна па законе».

У сваёй перадвыбарчай піяр-кампаніі палітык актыўна тыражуе лозунг «Крэпасць Аўстрыя — закрытыя межы — гарантыя бяспекі» і выступае за стварэнне «больш аднароднай» аўстрыйскай нацыі шляхам жорсткага кантролю межаў і «рэіміграцыі» (дэпартацыі з краіны) усіх імігрантаў, якія легалізаваліся ў Аўстрыі, «але не здолелі цалкам асімілявацца».

Кікль адкрыта называе сябе «народным канцлерам» («Volkskanzler») — тэрмін, які нацысты звычайна адносілі да Адольфа Гітлера. Як і Гітлер, Кікль упарта верыць у тэорыі змовы і выкарыстоўвае іх для прапаганды сваіх палітычных поглядаў.

Старшыня FPÖ, апроч іншага, лічыць антырасійскія санкцыі і дапамогу Украіне вялікай памылкай, адзначаючы, што «паставіць крыж на любых спробах Кіева ўвайсці ў ЕС і перастане выдаткоўваць грошы на падтрымку ўкраінцаў».

Сама FPÖ яшчэ ў 2016 годзе падпісала дамову аб супрацоўніцтве з расійскай партыяй «Адзіная Расія», а Кікль, займаючы пасаду кіраўніка МУС Аўстрыі, спрабаваў знішчыць галоўную контрразведвальную службу краіны BVT і ігнараваў наяўнасць у краіне расійскіх шпіёнаў. 

Адным з галоўных нацыянальных інтарэсаў Аўстрыі, па словах Кікля, з'яўляецца расійскі газ, а сяброўства з Расіяй лідар FPÖ ставіць у прыярытэт аўстрыйскай знешняй палітыкі. Прыкладам для ўласнага натхнення Герберт Кікль называе Венгрыю і яе прэм'ера Віктара Орбана.

Па інфармацыі агенцтва Reuters, Аўстрыя застаецца самай залежнай ад расійскага газу краінай ЕС нягледзячы на паспяховую агульную тэндэнцыю Еўрасаюза па адмове ад расійскіх рэсурсаў. Так, 83% ад усяго імпартаванага Аўстрыяй газу ў ліпені прыйшло менавіта з Расіі.
Аўстрыя таксама была адным з найбуйнейшых інвестараў будаўніцтва расійскага газаправода «Паўночны паток — 2».

Старшыня правапапулісцкай чэшскай партыі ANO («Так») Андрэй Бабіш, старшыня «Аўстрыйскай партыі свабоды» Герберт Кікль і старшыня венгерскай кіруючай партыі «Фідэс» («Саюз маладых дэмакратаў») Віктар Орбан. Фота: Anadolu / Contributor Getty Images

Чаго цяпер чакаць ад Кікля Еўропе і Беларусі?

Аналітыкі і чыноўнікі ЕС яшчэ перад парламенцкімі выбарамі ў Аўстрыі папярэджвалі, што Герберт Кікль у выпадку перамогі стане «яшчэ адным Орбанам» і паспрабуе стаць федэральным канцлерам Аўстрыі (прэм'ер-міністрам). У перспектыве кааліцыя Аўстрыі Герберта Кікля, Венгрыі Віктара Орбана, Славакіі Роберта Фіца і Чэхіі Андрэя Бабіша (паводле апытанняў, правапапулісцкая і прарасійская чэшская партыя ANO («Так») мае ўсе шанцы перамагчы на будучых парламенцкіх выбарах у Чэхіі) яшчэ мацней будзе скоўваць астатні Еўрасаюз у яго палітыцы дапамогі Украіне, ціску на Маскву і працягу еўраінтэграцыі.

«Аўстрыйская партыя свабоды» абяцала сваім выбаршчыкам «актыўную мірную палітыку», у тым ліку замарожванне шматмільярдных выплат Украіне, блакаванне любой дапамогі Украіны і яе ўступлення ў ЕС, недапушчэнне стварэння агульнай арміі ЕС, а таксама спыненне «вар'яцтва санкцый, якія разбураюць дабрабыт самой Аўстрыі». У адной з перадвыбарчых прамоваў Кікль заявіў, што ўсе санкцыі супраць Расіі трэба адмяніць.

Пры гэтым ёсць адно істотнае «але»: партыя Кікля не набрала большасць у парламенце Аўстрыі і таму павінна ўступіць у кааліцыю са сваімі канкурэнтамі па выбарах, калі хоча ўвайсці ў новы ўрад. І адзіны, хто мог бы пайсці на згоду з FPÖ (астатнія адмаўляюцца) — гэта кіруючая кансерватыўная «Аўстрыйская народная партыя» на чале з дзейным федэральным канцлерам Карлам Нехамерам, які павінен хутка сысці ў адстаўку. 

FPÖ за сваю гісторыю ўжо тройчы ўваходзіла ў склад урадавых кааліцый з кансерватарамі, таму ведае, што такое камандная праца ва ўрадзе нават за кошт адмовы ад часткі ўласных радыкальных прапановаў. Але FPÖ яшчэ ніколі дагэтуль не станавілася пераможцай на выбарах і не была ў той пазіцыі, калі можа размаўляць з апанентамі на роўных умовах. Акрамя таго, як адзначае вядомае аўстрыйскае выданне Der Standard, «партыі Кікля і Нехамера даволі блізкія ідэалагічна і ў цэлым даўно падзялялі погляды наконт пытанняў міграцыі і супрацоўніцтва з Масквой».

Аднак пасля пачатку вайны ва Украіне сітуацыя змянілася — канцлер Нехамер хоць і выступае за супрацоўніцтва з Расіяй, але лічыць недапушчальнымі расійскае ўварванне ва Украіну і ігнараванне Кіклем расійскіх шпіёнаў у Аўстрыі, таму адчувае да яго непрыязь і адмаўляецца будаваць з ім сумесны ўрад.

Der Standard прагназуе, што калі Нехамер не зможа сфармаваць урад у абыход FPÖ, то прапануе Кіклю пасаду свайго намесніка ў кааліцыйным урадзе пры ўмове абмежаванага ўплыву «Аўстрыйскай партыі свабоды» на знешнюю палітыку Аўстрыі.

Але ўнутраная палітыка краіны пры гэтым можа быць цалкам аддадзена на водкуп Герберту Кіклю.

Частка жыхароў Аўстрыі пратэстуе супраць перамогі ўльтраправай «Аўстрыйскай партыі свабоды» на парламенцкіх выбарах у краіне. На транспарантах напісана «Нацысты, прэч з парламенту» і «Кікль — нацыст». Фота: Andreea Alexandru / AP

Улічваючы ўсё вышэйсказанае, а таксама прарасійскую і антыіміграцыйную рыторыку Герберта Кікля, можна чакаць яшчэ больш талерантнага стаўлення Аўстрыі да рэжыму Лукашэнкі як да саюзніка Масквы (сёння Аўстрыя ўваходзіць у топ-3 буйных інвестараў у беларускую эканоміку, выступае супраць санкцый і, у адрозненне ад большасці іншых краін ЕС, працягвае супрацоўнічаць з беларускай Генпракуратурай).

Адначасова з гэтым можа адбыцца пагаршэнне становішча беларускіх мігрантаў у краіне, асабліва палітычных. У прыватнасці, можа быць скасаваная дамоўленасць з Офісам Ціханоўскай пра прызнанне аўстрыйскімі ўладамі пратэрмінаваных пашпартоў беларусаў, цалкам прыбраная магчымасць атрымаць у Аўстрыі палітычны прытулак, можа быць ускладнена ўсялякая легалізацыя ў краіне і пры гэтым можа ўзрасці рызыка дэпартацыі беларускіх уцекачоў з Аўстрыі, а таксама пашырыцца супрацоўніцтва паміж аўстрыйскімі і беларускімі сілавікамі.

Каментары38

  • Жвір
    30.09.2024
    Мяркуйце, як заўгодна, але гэта нішто іншае, як рэакцыя еўрапейцаў (аўстрыякаў) на нашэсьце эмігрантаў у Еўропу. Спрацаваў абарончы рэфлекс. Нешта падобнае будзе адбывацца й у іншых краінах Еўропы.
  • Bielarus´ Vedaj Hisotyju ! Моего дедушку расстреляли партизаны,
    30.09.2024
    Моего дедушку расстреляли партизаны, когда он пришел за своим конем,которого они взяли и сказали прийти забрать самому. Дядя так и не смог найти его магилу. Люди и после войны боялись их. Хотя,то что его расстреляли,многие подтверждали.Дядю поставили к стенке,и если бы бабушка не нашла самогон,то расстреляли бы. Когда это мне рассказывала покойная мамочка,я пионерка, не верила....
  • Джрдж
    30.09.2024
    Дмитрий, валі ў Расею. Там фашыстаў не будзе.

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў7

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Адна з найбагацейшых жанчын В'етнама прайграла апеляцыю. Калі яна не зможа сабраць $9 мільярдаў, яе пакараюць смерцю1

У Оршы за палітыку судзяць праўладнага блогера, які называў сябе «памагатым крывавага рэжыму Лукашэнкі»2

Украіна адмаўляецца ад любых іншых гарантый бяспекі, акрамя сяброўства ў НАТА2

УСУ вывелі вайскоўцаў з поўдня Глушкоўскага раёна Курскай вобласці4

Жанчына хацела забраць сабаку з дарогі і трапіла пад машыну ВІДЭА1

Да калоніі і буйных штрафаў асудзілі прадстаўнікоў мінскага стартап-хаба «Імагуру»3

«З такой навукай, як у нас, мы поспехаў не даб'ёмся». Лукашэнка зноў узяўся за Акадэмію навук41

Пашкоджаны кабель паміж Швецыяй і Фінляндыяй4

Авіякампанія Qantas запланавала самыя доўгія рэгулярныя рэйсы ў свеце — 22 гадзіны ў небе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў7

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →