«Славакія і Аўстрыя выконваюць просьбы». У Генпракуратуры расказалі, з якімі краінамі Еўропы супрацоўнічаюць
Большасць дзяржаў фактычна спынілі ўзаемадзеянне, але ёсць выключэнні.
Намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук раказаў пра супрацоўніцтва з еўрапейскімі краінамі.
Паводле яго слоў, у апошні час назіраецца спад такога супрацоўніцтва з дзяржавамі, якія чыноўнікі называюць недружалюбнымі.
«З 239 просьбаў, накіраваных за апошнія паўтара года (гэта значыць за 2023 год і па стане на 20 чэрвеня бягучага года), выканана толькі 33 просьбы. З іх са 111 просьбаў, якія накіраваныя па справе аб генацыдзе, выканана толькі чатыры. Але, да гонару германскіх праваахоўнікаў, усе чатыры просьбы выкананыя нямецкім бокам. А ўсяго імі выканана шэсць просьбаў», — цытуе Стука БелТА.
Намеснік генпракурора расказаў, што захоўваецца супрацоўніцтва са Славакіяй — гэтай краінай выкананыя як просьбы па агульных крымінальных справах, так і просьба па справе аб генацыдзе.
«Аўстрыя нядрэнна выконвае гэтыя просьбы. Але, на жаль, з астатнімі краінамі абсалютная зацішша», — адзначыў Стук.
Пры гэтым Польшча, краіны Балтыі, Ізраіль, Швейцарыя супрацоўніцтва прыпынілі, адмаўляюць у выкананні просьбаў і ў ЗША.
Каментары