Марыя Пеўчых прапанавала зняць з Расіі санкцыі ў абмен на вызваленне палітвязняў
Яна абмовілася, што можна было б зняць санкцыі з чаго-небудзь ці каго-небудзь.
У эфіры ютуб-канала «Папулярная палітыка» ў Марыі Пеўчых, кіраўніцы Фонду барацьбы з карупцыяй і былой паплечніцы Навальнага, спыталі, ці пойдзе Пуцін яшчэ раз на абмен палітвязнямі з Захадам.
Пеўчых адказала, што не ведае, ці будзе яшчэ такі фармат, ці ёсць наогул «банк шпіёнаў», якіх Расія злавіла для абмену.
«Я шчыра лічу, што палітзэкаў у дадзенай сітуацыі, улічваючы, што паўтары тысячы ўжо як мінімум (…), можна мяняць на санкцыі, на частковае зняццё санкцый з чаго-небудзь, з каго-небудзь.
(…) Можа быць, гэта маральная дылема, але для мяне яна нескладаная, і калі б можна было такія сцэнары абгаворваць, мне падаецца, што тут чалавечае жыццё нашмат больш каштоўнае, чым нейкія санкцыі, якія можна было б зняць», — выказала яна сваё меркаванне.
Некаторыя ўкраінскія эксперты абурыліся такой пазіцыяй. Палітолаг Пятро Аляшчук напісаў у фэйсбуку:
«Тое, што санкцыі накладаліся за агрэсію супраць Украіны, яе не моцна хвалюе. Як і тое, што ў расійскім палоне дагэтуль знаходзіцца велізарная колькасць украінскіх грамадзян, яе не хвалюе. Гадамі, у нечалавечых умовах.
Схема шыкоўная тым, што, калі яе ўзяць на ўзбраенне, то можна зняць з рашкі ўсе санкцыі. Таму што патэнцыйная колькасць «палітыкаў» там амаль бязмежная. Зняць без змены расійскай палітыкі і пакарання за агрэсію.
У гэтым, уласна, і сэнс існавання «ліберальнай апазіцыі» — прасоўванне на Захадзе пазбягання адказнасці для расійскага імперыялізму».
Каментары