На момант распаду Савецкага Саюза аграрый Арнольд Руйтэль кіраваў Вярхоўным саветам Эстонскай ССР. А ў пачатку 2000-х стаў прэзідэнтам.
Былы эстонскі прэзідэнт Арнольд Руйтэль памёр увечары 31 снежня ва ўзросце 96 гадоў. Апошнія дні жыцця ён знаходзіўся ў шпіталі ў цяжкім стане.
Руйтэль нарадзіўся 10 мая 1928 года ў сям'і праваслаўных эстонцаў. Сваю кар'еру ён пачынаў у сельскагаспадарчай галіне: у 1969-1977 гадах ён быў рэктарам Эстонскай сельскагаспадарчай акадэміі. Пасля працаваў у Савеце міністраў і ў Вярхоўным савеце Эстонскай ССР.
Руйтэль прымаў удзел у падрыхтоўцы Дэкларацыі аб суверэнітэце Эстоніі, а пасля і Канстытуцыі Эстоніі.
У 1990-1992 узначальваў Вярхоўны савет Эстоніі. Пры ім краіна здабыла незалежнасць.
У 1992 годзе ў Эстоніі стварылі пасаду прэзідэнта. Руйтэль перамог у першым туры з вынікам 43%, але ў другім прайграў. Спроба абрацца ў 1996 таксама правалілася.
Удалай для Руйтэля стаў трэці ўдзел у выбарах, у 2001 годзе, калі рашэнне прымала спецыяльная калегія выбаршчыкаў. Ён узначальваў Эстонію пяць гадоў.
Калі ў 2006 годзе балатаваўся на чарговы тэрмін, то прайграў.
Каментары