Шрайбман расказаў, чаму закрылася яго ютуб-перадача на «Люстэрку»
Некалькі гадоў палітычны аналітык Арцём Шрайбман адказваў на пытанні чытачоў і гледачоў «Люстэрка». Сёння ён паведаміў, што выйшла апошняе відэа праекта «Шрайбман адкажа».
У апошнім выпуску Арцём Шрайбман разважаў, ці гатовыя Захад і Украіна запрасіць Беларусь за стол перамоў па заканчэнні вайны, навошта Еўрасаюз траціць грошы на грамадзянскую супольнасць Беларусі і ці быў гэты год удалым для Аляксандра Лукашэнкі.
Сам палітычны аналітык падзякаваў тым, хто гэтыя гады глядзеў яго відэа, і асабліва тым, хто дасылаў пытанні. Ён таксама дадаў: «Да сустрэчы ў новых фарматах».
«Наша Ніва» звярнулася да Арцёма з пытаннем, чаму праект скончыўся:
— Тут усё вельмі проста. Я магу шчыра сказаць, што ў кожнага праекта ёсць свой цыкл жыцця. Мы вялі гэты праект з «Люстэркам» больш за тры гады. Ну і на мой погляд, час закругляцца. Пра тое, што будзе далей, я пакуль казаць не гатовы.
«Люстэрка» ўжо анансавала, што не расстаецца з аналітыкам — пасля Новага года раскажуць пра далейшыя планы.
Шрайбмана можна таксама пачуць у ютуб-перадачы «Гадзіннічак цікае».
Каментары