Эканоміка11

Даляр па 4 рублі і зніжэнне заробкаў? Што чакае беларускую эканоміку пасля выбараў 2025 года

Многія лічаць, што пасля выбараў цэны вырастуць, а заробкі застынуць. «Наша Ніва» спытала ў эканаміста Алеся Аляхновіча, наколькі апраўданыя гэтыя засцярогі і чаго наогул варта чакаць у эканоміцы ў 2025 годзе.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images

Чаму людзі чакаюць горшага?

Так было пасля выбараў 2010 і 2015 гадоў.

Перад выбарамі 2010 года заробкі імкліва раслі, а курс беларускага рубля штучна ўтрымліваўся, таму літаральна праз некалькі месяцаў пасля выбараў, увесну 2011-га, у Беларусі пачаўся моцны фінансавы крызіс. Цягам года рубель адносна даляра ЗША прасеў амаль у тры разы.

На фоне пачатку вайны на Данбасе, санкцый супраць Расіі і эканамічных складанасцей ва Украіне беларуская эканоміка напярэдадні выбараў-2015 і пасля іх таксама перажывала крызіс.

Але па базавым сцэнары нейкіх кардынальных зменаў у эканамічным жыцці Беларусі пасля выбараў 2025 года не адбудзецца.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Курс беларускага рубля ўжо даволі працяглы час не вызначаецца штучным чынам. Нацбанк прытрымліваецца палітыкі плаваючага курсу. Курс на штодзённай аснове рэагуе на тое, што адбываецца ў беларускай, расійскай і глабальнай эканоміцы.

Таму рэзкага падзення курсу рубля пасля выбараў чакаць не варта.

Падзеі апошняга часу паказваюць, што рубель у залежнасці ад розных абставін можа як прасядаць, так і ўмацоўвацца», — звяртае ўвагу Алесь Аляхновіч.

Чаго чакаць бізнэсу?

На думку эканаміста, для ўладаў палітыка ўсё яшчэ застаецца важнейшай за эканоміку. Таму пасля выбараў не варта чакаць пазітыўных змен у бізнэсе.

«Трымаць кантроль над эканомікай для Лукашэнкі важней, чым даваць людзям і бізнэсу развівацца. Таму не відаць ніякіх прыкмет таго, што пасля выбараў можа пачацца нейкая лібералізацыя ў эканамічным плане.

Можна будзе чакаць працягу той палітыкі, якая была апошнія чатыры гады. Працягнуцца рэпрэсіі супраць прыватнага бізнэсу, які падтрымаў пратэсты. Застанецца забарона на продаж акцый 1850 кампаній, якія маюць замежны капітал. Застанецца штучнае рэгуляванне цэн, якое ўжо перажывала пэўныя паслабленні.

Наступны год будзе апошнім для прыблізна 10% ІП, якія не змогуць працягваць працу ў ранейшым статусе. Ім давядзецца змяніць форму дзейнасці і ўтварыць юрыдычную асобу або закрыць справу», — адзначае Аляхновіч.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Цягам апошніх гадоў умовы працы для індывідуальных прадпрымальнікаў сістэматычна пагаршаліся. Раслі падаткі, скасоўваліся льготы, скарачаўся спіс відаў дзейнасці, даступных для ІП.

Як імаверная замарозка вайны можа адбіцца на эканоміцы Беларусі?

Важным фактарам, які можа паўплываць на эканоміку Беларусі, Аляхновіч называе вайну ва Украіне. Яе імаверная замарозка ў наступным годзе можа адбіцца па-рознаму. Але тут многае будзе залежаць ад таго, на якіх умовах можа наступіць перамір'е і што будзе з санкцыямі і іншымі абмежаваннямі ў дачыненні да Беларусі і Расіі.

«Калі вайна пачыналася, большасць экспертаў схілялася да таго, што беларуская эканоміка вельмі моцна пацерпіць ад яе, бо Беларусь страціла такога важнага эканамічнага партнёра як Украіна, на якую прыходзілася 14% таварнага экспарту. З Беларусі пайшлі некаторыя замежныя кампаніі і сусветныя арганізацыі, якія істотна інвеставалі ў нашу эканоміку або крэдытавалі яе.

Напачатку здавалася, што вайна адназначна пойдзе не на карысць эканоміцы. Але Лукашэнка знайшоў сваю нішу і настолькі ўдала прысмактаўся да Расіі, што беларуская эканоміка пад завязку стала працаваць на расійскі ВПК. У выніку, паводле даных «Белпола» за студзень-жнівень 2024 г., каля 84% экспарту Мінпрама ідзе ў Расію», — адзначае Аляхновіч.

Гэта зрабіла беларускую эканоміку яшчэ больш залежнай ад таго, што адбываецца ў Расіі. Таму, на думку эканаміста, Лукашэнку ў цяперашніх умовах выгадна, каб вайна працягвалася.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Contributor Getty Images

«Для ўладаў завяршэнне вайны нявыгадна. Прычым няважна, на карысць каго яна скончыцца. Калі перамагае Расія, яна зноў будзе адчыняцца, будзе павялічвацца канкурэнцыя на расійскім рынку, беларускія прадукты будуць менш запатрабаваныя. Зменшацца патрэбы і самога ВПК Расіі. Калі перамагае Украіна, то Расія можа пачаць больш агрэсіўна ставіцца да Беларусі, даваць менш грошай.

Таму менавіта для Лукашэнкі самая выгадная сітуацыя — гэта калі вайна будзе працягвацца», — лічыць эксперт.

Рост зарплат запаволіцца, адставанне ад еўрапейскіх суседзяў павялічыцца

Такога росту рэальных заробкаў, які назіраўся ў 2023-2024 гадах, у наступным годзе дакладна не будзе, бо чакаецца запавольванне росту расійскай эканомікі, што ў любым выпадку будзе адбівацца на эканоміцы Беларусі.

Пры гэтым эксперт адзначае, што, нават калі беларуская эканоміка пасля выбараў-2025 не стане падаць і будзе паказваць мінімальны рост, адставанне Беларусі ад еўрасаюзаўскіх суседзяў будзе працягваць расці.

«За апошнія 13 гадоў сярэдні гадавы рост рэальнага ВУП складае 0,7%. То-бок беларуская эканоміка за гэтыя 13 гадоў вырасла ўсяго на 10%, а, напрыклад, у Польшчы рост за гэты перыяд склаў 52%.

У выніку Беларусь — трэцяя па беднасці краіна ў Еўропе па ВУП на душу насельніцтва пасля Украіны і Малдовы, прычым па прагнозах Малдова ў хуткім часе можа абагнаць Беларусь. А такія былыя краіны СССР, як Грузія і Арменія, у 2023 годзе ўжо абагналі нас па гэтым паказчыку. І гэта пры тым, што ў 1994-м яны былі ў некалькі разоў бяднейшыя за Беларусь».

Такая тэндэнцыя адбіваецца на дабрабыце беларусаў. Эксперт лічыць, што па дынаміцы сацыяльных і эканамічных паказчыкаў апошняе дзесяцігоддзе можна называць найгоршым у гісторыі пасляваеннай Беларусі.

З улікам інфляцыі даляра сярэдні заробак у Беларусі ў параўнанні з 2013 годам не толькі не вырас, але і скараціўся на 12,5%.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Для параўнання за гэты самы час заробкі [брута] у Польшчы скочылі з $1231 да $2011, а ў Малдове — з $298 да $792.

Пры сённяшнім палітычным рэжыме Беларусь чакае працяг застою. І рэч не ў эканамічных санкцыях, а ў стымулах, якія ствараюць улады», — кажа Алесь Аляхновіч.

Каментары1

  • Лейцар коркавы
    19.12.2024
    Так усё ёсьць - жабракі. Але што будзе, ніхто не ведае, мо сканае 19 студзеня апасьля акунаньня ў палонку.

Даляр па 4 рублі і зніжэнне заробкаў? Што чакае беларускую эканоміку пасля выбараў 2025 года1

Даляр па 4 рублі і зніжэнне заробкаў? Што чакае беларускую эканоміку пасля выбараў 2025 года

Усе навіны →
Усе навіны

«У нас няма сіл вярнуць іх». Зяленскі — пра Крым і Данбас3

Першая ахвяра тонкага лёду

Мадэлі OnlyFans пачалі ва Украіне плаціць падаткі і ваенны збор. Колькі ўдалося сабраць?4

Аўтобус МАЗ згарэў у Пецярбургу2

Двое малых дзяцей ледзь не патанулі ў ваннай у Светлагорску

Махляры пішуць беларусам ад імя МТБанка і Альфа банка2

Пад Баранавічамі заўважылі незвычайную жывёлінку1

«Цяпер яна з гумовага сала, гэта жах!» Жанчына купіла любімую каўбасу і абурылася11

Гайдукевіча трымаюць на апошнім месцы па колькасці намаляваных подпісаў11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Даляр па 4 рублі і зніжэнне заробкаў? Што чакае беларускую эканоміку пасля выбараў 2025 года1

Даляр па 4 рублі і зніжэнне заробкаў? Што чакае беларускую эканоміку пасля выбараў 2025 года

Галоўнае
Усе навіны →