Стала вядома, за што пасадзілі на чатыры гады журналістку Вольгу Радзівонаву
На мінулым тыдні Вольгу Радзівонаву асудзілі на чатыры гады калоніі. Генпракуратура расказала, за што яна была асуджана.
Генпракрутара паведамляе, што Вольга падрыхтавала і прадаставіла нямецкай штодзённай газеце «Die Tageszeitung» шэраг артыкулаў з выказваннямі, «накіраванымі на распальванне нацыянальнай і сацыяльнай варожасці, дыскрэдытацыю Рэспублікі, а таксама паклёп і абразы ў дачыненні да Лукашэнкі».
«Артыкулы Радзівонавай апублікаваныя ў вольным доступе для ўсеагульнага агляду на старонцы інтэрнэт-рэсурсу названай штодзённай газеты. На падставе прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў Мінскі гарадскі суд пастанавіў абвінаваўчы прысуд. На падставе ч. 1 арт.130, ч. 1 арт. 368, арт. 369-1, ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса Радзівонавай прызначана пакаранне — 4 гады са штрафам у памеры 100 базавых велічынь (4 тыс. рублёў). Адначасова з абвінавачанай спагнаны даход, атрыманы злачынным шляхам», — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Вольгу Радзівонаву затрымалі 7 сакавіка 2024 года.
Хворая маці Вольгі Радзівонавай, якой больш за 80 гадоў, мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.
Вольга працавала да 2020 года ў KYKY.org, пераважна для рубрыкі «Боль», таксама супрацоўнічала ў якасці фрылансеркі з беларускімі і замежнымі медыя.
Каментары