Святлана Алексіевіч: Давайце спачатку возьмем уладу, а потым будзем вырашаць моўнае пытанне
Святлана Алексіевіч у спецвыпуску ТОКу патлумачыла, чаму не размаўляе на беларускай мове і ці галасавала б за дзве дзяржаўныя мовы.
Вялікая размова ў ТОКу з пісьменніцай, нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч выклікала шмат заўваг. Адной з іх тычылася таго, што пісьменніца не гаварыла на беларускай мове.
Адказваючы на гэтую прэтэнзію, Алексіевіч назвала некалькі прычын:
«Я сорак гадоў пісала сваю энцыклапедыю «Галасы утопіі» і аб'ездзіла ўвесь былы Савецкі Саюз. І «Утопія» гаварыла па-руску. (…) І нават у вёсцы, у якой я вырасла, усе настаўнікі гаварылі па-руску».
«Гэта вельмі вялікае і глыбокае пытанне для нашай культуры: чаму ў нас і адукацыя на рускай мове, і ўсё на рускай мове», — заўважыла пісьменніца. Яна выказала меркаванне, што для змены становішча «сапраўды трэба такі ўздым нацыі, такое ўзрушэнне нацыі як гэта адбылося на Украіне, калі ўсе раптам загаварылі па-ўкраінску, усе пачалі вучыць украінскую мову, ва ўсіх адрынанне рускай мовы».
Калі б зараз вынеслі на рэферэндум пытанне аб адной ці дзвюх дзяржаўных мовах, то як прызнаецца Алексіевіч, яна б галасавала за двухмоўе, бо «ў палітыцы трэба быць рэалістамі»:
«Трэба ведаць, які народ. А народ гаворыць на дзвюх мовах. Таму павінна быць дзве мовы. Хаця я разумею, як у сённяшніх умовах пры канкурэнцыі такой магутнай рускай мовы вельмі цяжка было б выжыць нашай мове. Але гэта запатрабавала б ад нас нейкіх крэатыўных рашэнняў.
Але не тое, што забараніць [рускую] мову. Палова народа павінна была б перастаць гаварыць, бо яны гавораць толькі на рускай мове. Гэта было б няправільным. Стратэгічна няслушным для нацыі».
На аргумент аб тым, што калі дзяржаўнай будзе толькі беларуская мова, то ніхто не будзе забараняць гаварыць на рускай мове, але гэта будзе спрыяць паступоваму пераходу людзей да больш шырокага выкарыстання беларускай мовы, Алексіевіч заўважыла:
«Я хачу сказаць: давайце спачатку дэмакратыя, а потым ужо ўсе гэтыя пытанні. Давайце спачатку возьмем уладу, давайце спачатку пачнём будаваць новую дзяржаву. А цяпер падзяляцца, калі нас так няшмат, нават мала, я б сказала, людзей, якія супрацьстаяць, супраціўляюцца. Не час дзяліцца і сварыцца. Гэта пытанні будучыні.
А прапагандаваць мову — тая любоў да беларускай мовы, якую цяпер асабліва сярод маладых пакаленняў чуваць — гэта здорава, гэта добра. Але без улады ўсе нашы спрэчкі не маюць ніякага значэння».
Глядзіце цалкам:
Каментары