Грамадства1010

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава

Што насамрэч стаіць за шоу дрыфцераў, якое каталася па ўсёй Беларусі, тлумачыць Дзяніс Амбражэвіч.

Нясвіж, Косава, Брэст, Гомель, Магілёў, Гродна… Аб іх перакрытыя цэнтры машыны з рэкламнымі бартамі Blockchain Sport Drift сціралі свае шыны два тыдні таму.

Потым напружыліся сталічныя даішнікі на праспекце, каля Бібліятэкі, аэрапорта, нават на лёдзе Мінск-Арэны.

І яшчэ дагэтуль у падазроным экстазе б'юцца дзяржСМІ: «у Беларусь прыехалі іменітыя дрыфцеры», «міжнародны ўзровень», «ІТ-інавацыі», «гіганцкі флэшмоб».

Фота: belta.by

Падзея сапраўды неардынарная, з розных пазіцый неадназначная: кіроўцы сплёўвалі ў аб'язных пробках, але пешаходы, асабліва ў правінцыі, разявалі раты, выцягваліся ў шарэнгі і даставалі тэлефоны.

Так перакрывалі рух толькі ў адзін дзень у Мінску. 

Кожны скрып шарніра, сполах белага дыму і бакавы занос фіксаваўся на прафесійныя відэакамеры мінімум з трох ракурсаў, а тое яшчэ і з дрона і са спадарожнай машыны.

На дэсерт з Германіі замовілі падзабытага вядучымі кінастудыямі Ціля Швайгера. 

Для чаго ўсё рабілася, не стамлялася (штодзень) нагадваць БелТА:

«Замежныя пілоты на прафесійных дрыфтавых аўтамабілях збіраюць даныя для машыны пад кіраваннем ШІ шляхам правядзення заезда на спецучастках, а найлепшыя беларускія дрыфцеры гасцінна праводзяць экскурсію па самых маляўнічых месцах. […]

У Беларусь замежных гасцей запрасіла міжнародная кампанія Blockchain Sports Ecosystem і кампанія «Дрыфт Лабс» у партнёрстве з рэзідэнтам беларскага ПВТ Х-Lаbs inc. Кампаніі працуюць над стварэннем сістэмы аўтаномнага кіравання дрыфт-машынай на базе штучнага інтэлекту. Навучанне адбываецца пры ўдзеле прафесійных пілотаў з Беларусі і іншых краін». 

Дырыжорыў усім гэтым стартапшчык Дзмітрый Саксонаў (на фота злева), кіраўнік кампаніі X-Labs inc., ідэйны натхняльнік падзеі. Фота: БелТА

Але гэтая версія выглядае паўпраўдай для наіўных газетчыкаў, не вытрымлівае крытыкі ў асноўных момантах. Калі адмахнуцца ад пылу ў вочы, то адкрываюцца абрысы чарговай мутнай гісторыі вакол «Шантэр Хіла» — гаротнага шакуцінскага доўгабуда каля Драздоў.

«Сусветныя зоркі» — не зоркі. А ідэя заляжалая

Найперш, што такое дрыфт? Гэта адгалінаванне класічнага аўтаспорту, у якім ацэньваецца не час на фінішы, а прыгажосць і дакладнасць уваходу ў кантраляваны занос, блізкасць да машыны суперніка, колькасць узнятага пяску або дыму, калі заезд на асфальце. 

Ці папулярны дрыфт у свеце? Нейкая аўдыторыя ёсць, але гэта не элітарная забава, як аўтагонкі, а субкультура.

Чэмпіянат свету па дрыфце субсідуе Red Bull. Фота: redbull.com

Не моцна пагружаны ў яе шараговы назіральнік не назаве ніводнага знакамітага дрыфцера, апроч хіба Пола Уокера і Він Дызеля. 

Вось і запрошаныя для здымак у Беларусь «іменітыя пілоты», строга кажучы, турысты з навыкамі экстрэмальнага кіравання. У сваёй большасці трэцярадныя фігуры.

Прозвішчаў гэтых людзей у турнірных заліках па-сапраўднаму дарослых дрыфцерскіх ліг вы не знойдзеце.

Daniel Messmer, які больш за іншых выдаваў авансаў у прэсе, у рэйтынгу лакальнай японскай лігі акурат пасярэдзіне трэцяга дзясятку. Аўтсайдар. Фота: БелТА

У Мінск замежнікі прыехалі без сваіх машын. Усё трымалася на руках і тэхніцы трох беларускіх пілотаў, чые спорткары і круцяцца ў кадры.

Як надоўга давалі патрымацца за стырно гасцям, дакладна не ясна, у відэасправаздачах унутры машын яны асабліва не фігуруюць; больш раскланьваюцца прэсе. 

Фота: belta.by

БелТА прыводзіла камічныя фота, дзе «запрошаныя зоркі» масоўкай сядзяць і круцяць галовамі на другім паверсе турыстычнага аўтобуса, вакол якога хасаняць беларусы. 

А адзін з японцаў прызнаецца, што першы раз мае справу з машынай для дрыфта з левым стырном (у Японіі рух левабаковы).

Відэакамеры не адпускалі «зорак дрыфта» нават калі тыя былі на пасажырскіх сядзеннях. Фота: belta.by

Якімі каштоўнымі данымі гэты моладзевы інтэрнацыял, седзячы на трыбунах, мог падзяліцца з ШІ? 

Пад сумнеў можна паставіць і камерцыйны сэнс ідэі. 

Беспілотны ўваход у занос у 2024 годзе — гэта ўжо не перадавое па сваёй сутнасці даследаванне, а фокус узроўню інжынернай лабараторыі Стэнфардскага ўніверсітэта. Там гэта зрабілі 9 год таму.

Аўтамабільная індустрыя даўно распрацавала і ўкараніла тэхналогіі аўтаномнага кіравання машынай. У тым ліку аварыйнага. Машыны «Таёты» ўмеюць беспілотна дрыфціць нават у пары

Але тут таксама ёсць нюанс, што магія гэтага трука добра вядомая і не ўяўляе цяжкасці для аўтаканцэрнаў з шырокімі навуковымі штатамі і бязмежнымі фінансамі, а таксаама для перадавых ВНУ. 

Беларускі стартап сабраўся паўтарыць старую ідэю з нуля і малымі сіламі; але замест сваіх інжынераў, тэхнікі і лабараторый назіральнікам падсоўваюць японскіх псеўдазорак і кіслотныя відэакліпы. Ці не больш тут самааблізвання і піяру, чым навукі і бізнэсу? 

Пад ботам катá

Расхвалены прапагандай брэнд Blockchain Sports Ecosystem карыстаецца ўсімі гатовымі формуламі і шаблонамі, да якіх прыбягаюць стартапы з прасядаючымі навуковай і камерцыйнай часткамі: прыпісваюць сабе фэйкавыя мільярдныя ацэнкі, накіроўваць сродкі на піяр, а не вытворчасць; кажуць пра планы, а не вынікі; не паказваюць прадукт ці яго прататыпы і гэтак далей.

Адныя псеўдаацэншчыкі ацанілі другіх псеўдабізнэсменаў на мільярд даляраў — скрыншот са старонкі аднаго са спрычыненых да дзейнасці Blockchain Sports менеджараў, які хваліўся, што інтэлектуальную ўласнасць Blockchain Sports нейкія «Рогі і капыты» ацанілі ў мільярд (!) даляраў. І нават выдалі аб гэтым сертыфікат (!). Без рамкі. Фота: скрыншот з Linkedin.

Тут трэба адзначыць, што «вялікай замежнай кампаніяй», як яе падаюць, Blockchain Sports не ёсць. Яе як юрыдычнай асобы ўвогуле не існуе. Гэта высвятляецца вельмі проста.

Дапусцім, вы інвестар, які вывучае магчымасць укладання грошай. 

Вы заходзіце на сайт гэтай арганізацыі і бачыце, што адрасам Blockchain Sports указана юрыдычная сметніца Dubai Silicon Oasis, DDP, Building A1. Вы правяраеце яго і бачыце, што той жа адрас як свой у інтэрнэце ўказалі сотні іншых кампаній, чый асноўны від дзейнасці — скам. 

У жаданні разабрацца вы дойдзеце да дамовы карыстання сайтам, дзе нарэшце будзе сказана, што Blockchain Sports — гэта субсідзіярная кампанія BCS Ecosystem Limited, зарэгістраванай на Сейшэлах па адрасе Ile Du Port, House of Francis, room 303.

Праверыце адрас і зразумееце, што ў тым жа 303-м пакоі зарэгістравы яшчэ безліч кампаній, чый асноўны від дзейнасці, зноў жа, — скам.

Але забаўней нават іншае. Сейшэльскай кампаніі з такой назвай і такім рэгістрацыйным нумарам не існуе, у мясцовага рэестра наконт гэтага цалкам адназначнае меркаванне.

На гэтым моманце вы ўжо ўсміхнецеся, уявіўшы, як тыя, хто «дапамагаў» Саксонаву адкрыць юрасобы ў замежных юрысдыкцыях, падсунулі такому вопытнаму (пра гэта далей) чалавеку фількіны граматы замест рэальных рэгістрацый. 

У любым разе, правільна будзе сказаць, што Blockchain Sports — гэта толькі брэнд, альтэр-эга свежаспечанага рэзідэнта ПВТ X-Labs inc., дзе Дзмітрый Саксонаў, на гэты раз дакументальна, сузаснавальнік.

Дзмітрый Саксонаў, чыя зорка ўжо два тыдні не згасае на беларускім тэлебачанні і ў прэсе. Яго партнёры па кампаніі — спрэс расіяне з цёмнымі біяграфіямі. Фота: belta.by

Якой тэхнічнай экспертызай валодае гэты малады СЕО? Якія асноўныя вехі ягонага камерцыйнага шляху? У якіх умовах гартавалася амбітнасць і прэтэнзія?

Дзмітрый Вячаслававіч Саксонаў нарадзіўся ў 1989 годзе ў Магдэбургу — нямецкім горадзе, дзе праходзіў службу ягоны бацька, сёння вайсковы пенсіянер.

Па вяртанні Дзмітрый скончыў школу №196 сталіцы, пасля якой паступіў не ў ВНУ, а ў Мінскі радыётэхнічны каледж. Вышэйшай адукацыі, паводле базаў Белпола, не мае.

Пасля заканчэння каледжу стаў ІП, папрацаваў на адной СТА, а потым стаў дырэктарам у іншай, дзе ўжо па-сапраўднаму разгарнуўся.

Будучы дырэктарам СТА «Сто рашэнняў», Дзмітрый Саксонаў з 2014 па 2017 год выдурыў у дзясяткаў людзей грошы на развіццё бізнесу, перагонку машын, пакупку крыптавалюты. Ад 5 да 50 тысяч даляраў. 

Каб атрымліваць большыя сумы, спачатку вяртаў меншыя. А потым пераставаў. Грошы траціў на дарагія машыны, якія афармляў на наміналаў, але карыстаўся сам. Даўгоў не аддаваў, вешаў локшыну ці ўхіляўся.

Начальнік X-Labs inc. некалькі год таму. Фота Першамайскага РАУС Мінска.

Па гэтай справе было вядома прынамсі 50 пацярпелых, і міліцыя апублікавала фота Саксонава, каб знайсці астатніх, хто пазнае яго. 

Але адкрыліся новыя абставіны: аб'явіліся людзі, з якіх Саксонаў браў грошы за іншае — на куплю майнінгавых ферм, якія так і не паставіў.

Саксонаў даў паказанні, што ён не змог паставіць фермы толькі таму, што яго затрымалі. Але і калі яго выпусцяць, паставіць таксама ўжо не зможа, таму што пакуль ён сядзіць пад следствам, невядомыя скралі гэтыя фермы са склада ў Калодзішчах. 

У выніку пры канцы 2018-га Саксонаў атрымаў чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму па трэцяй частцы артыкула 209 (Махлярства). 

ІТ-прадпрымальнікам і інаватарам Саксонаў стаў ужо па выхадзе з калоніі, перад тым, як нам расказалі калегі, абгрукаўшы некаторыя недзяржаўныя СМІ з просьбай выдаліць ягоную фотку, з дапамогай якой праз прэсу шукалі пагарэлых на папярэднім стартапе. 

Шакуцін і Баскаў

Пра гэтага Саксонава мы ўжо пісалі раней у кантэксце загадкавай гісторыі вакол шакуцінскага «Шантэр Хіла». 

Чытайце таксама: Шакуцін заляцеў мінімум на $40 мільёнаў

Тады, у верасні 2024, Саксонаў арганізаваў сумесную фотасесію з псеўдаінвестфондам, заявіўшы ў выніку, што яму выдзяляюць тры мільярды долараў недзе ў Саўдаўскай Аравіі, і адначасова разаслаў па беларускіх СМІ «навіну», што ягонай кампаніі X-Labs Inc. для перадавых ІТ-распрацовак выдзяляюць (хто — невядома) шакуцінскі недабуд «Шантэр Хіл».

Дзве неіснуючыя кампаніі дзеляць тры мільярды. Падстаўныя шэйхі хлусілі, што ў іх ёсць грошы, а Саксонаў сцвярджаў, што ягоная неіснуючая кампанія Blockchain Sports Ecosystem знаходзіцца ў Велікабрытаніі. Фота www.zawya.com

Інфармацыю аб тым, што будынак Шакуціна аддаюць нейкаму маладому Мюнхаўзену, сайты Onliner і OfficeLife прыбралі з сайтаў літаральна праз некалькі гадзін. 

Гісторыя троху забылася, але вось што аказваецца: фінальнай лакацыяй, вакол якой дрыфцеры круцілі рэкламныя віражы, стаў… Шантэр Хіл! Нічым, на фоне гістарычных славутасцяў, не прыкметнае месца, пустая няскончаная будоўля. Калі толькі не лічыць, што яна вось-вось можа выслізнуць з рук уладальніка, якому не хапае грошай давесці праект да розуму.

Фота: belta.by

Пад фасад нагналі камер, праклалі чырвоны дыванок да бязлюднага будынку, над галовамі масоўкі запалілі сафіты. Высадзілі з машыны пратэрмінаваную зорку Ціля Швайгера. Зафіксавалі на відэа і разышліся.

Фота: belta.by

Цікава, якія гэта выклікала пачуцці ў Шакуціна, але той з прэсай не размаўляе. 

Няўжо жыццё не навучыла Саксонава быць асцярожным у справах, якія датычаць чужой маёмасці? Асабліва з ягонай біяграфіяй. Або, можа, у гэтай гісторыі прысутнічае нейкая нябачная для назіральніка спланаванасць? Надзейныя сувязі? 

Далей толькі хісткія версіі

Забаўна і таямніча, што адносна як нядаўна свабодны ад потнай чорнай робы Саксонаў атрымаў пратэкцыю Дзмітрыя Баскава — трэнера зборнай №1 па хакеі, сенатара, аблашчанага патронам. Надзвычай набліжанай да Лукашэнкі асобы.

Дзмітрый Саксонаў (злева) і Дзмітрый Баскаў (па цэнтры) Фота: sovrep.gov.by

«Нейкі час таму да мяне звярнуўся заснавальнік праекта Blockchain Sports Ecosystem Дзмітрый Саксонаў з ініцыятывай развіцця футбола, — паведамляе сайт сената. — Як член Савета Рэспублікі, адказны за спорт, я не мог яму адмовіць. Гэта сапраўды цікавы праект, які заслугоўвае ўвагі і падтрымкі. […] Такія праекты дазваляюць зрабіць класічны спорт больш прывабным для маладой аўдыторыі, таму спадзяюся, што з дапамогай Blockchain Sports Ecosystem мы многіх хлапчукоў прывядзем у спорт […]». 

Гэтым жа летам тая самая кампанія праводзіла на стадыёне «Дынама» «Футбольны карнавал», цэнтральнымі фігурамі якога сталі збяднелыя футбольныя зоркі Рамарыа і Кураньі. Яны рэкламавалі іншую суперсучасную тэхналогію кампаніі Саксонава. Фота: БелТА

Гэтым абзацам прынамсі можна патлумачыць простасць, з якой Саксонаў дамовіўся з гарадскімі ўладамі, даішнікамі і дзяржаўнай прэсай па ўсёй краіне. Такую дробязь Баскаў можа вырашыць парай званкоў.

Застаецца адкрытым пытанне, хто ж канечны адрасат усёй гэтай рэкламнай траскатні і чаму абавязкова любая справа Саксонава ўпіраецца ў «Шантэр Хіл»?

Трэба сказаць, што пакуль мала хто гэта дакладна разумее, а ў мінскай дэвелаперскай тусоўцы выказваюцца толькі супярэчлівыя версіі.

Практычны вынік з гэтых двух тыдняў які? Тонны кантэнту са сцягамі Blockchain Sports у пазнавальных лакацыях па ўсёй краіне. 

Калі глядзець на справу як на рэкламную стратэгію стартапа, то можна падумаць, што адрасат недзе сярод арабскіх пяскоў.

Можа быць, Саксонаў разлічвае, што калі прыйдзе час для наступнага раўнда збору інвестыцый, то гэта дапаможа запудрыць мазгі тым, хто не валодае кантактамі ў Беларусі і не можа навесці даведкі.

Такі інвестар, можа разлічваць Саксонаў, вымушаны будзе абапірацца толькі на сеткавы due diligence і пачутую з першых вуснаў захапляльную гісторыю поспеху, якой масавая цытаванасць і безліч фота ў лакальных СМІ толькі дададуць даставернасці.

Гэта самае лагічнае тлумачэнне, якое, аднак, усё ж не дае адказу на пытанне «прычым тут Шантэр Хіл?». Якая справа Мюнхаўзэну ў цені Баскава да Шантэр Хіла?

Ціль Швайгер быў выпісаны для таго, каб прыгожа высадзіцца з машыны і прайсці ў пустату пабудаванага на непагашаныя кітайскія грошы Шантэр Хіла.

Можна было б западозрыць і ласага да праблемных актываў сенатара Баскава (тут мы маем на ўвазе акумулятарны завод у Брэсце і сонечную станцыю ў Чэрыкаве) у гульні чужымі рукамі, абдурванні дзяржавы казкамі і пазбяганні прамога канфлікту з Шакуціным. Але для гэтай версіі мала фактуры, час пакажа. 

Ну а самая экстравагантная з пачутых намі трактовак у тым, што пад казкі пра блакчэйн сам Шакуцін імкнецца знайсці грошы там, дзе яны ёсць — у венчурных арабскіх фондах. Гэта б дапамагло вырашыць ягоную праблему. Магічная палачка. 

Фінал здымак каля Шантэр Хіла. Фота: belta.by

Калі ўдасца знайсці некрытычных інвестараў і ўнушыць ім вобраз пра беларускі блакчэйн-рай, то легальна атрыманыя сродкі можна было б пусціць на пагашэнне кітайскага крэдыту, а пра лёс саміх стартапаў развесці рукамі — не выгарала, не ўдалося. 

А Саксонаў Шакуціну падвярнуўся проста пад руку і, са сваімі кампетэнцыямі, атрымліваецца ідэальным кандыдатам для пошуку лахоў?

Машыну для дрыфту загналі нават на лёд Мінск-Арэны, а хакеістаў «Дынама» прымусілі захапляцца. Фота: БелТА

Каментары10

  • .
    17.11.2024
    Не толькі дзяржава-тэрарыст, ужо і дзяржава-скамер.

    P.S.
    І калі ласка, няма ў нас "сената" і "сенатараў".
    Кантэкст пра Баскава павінен мець факт "саўдзельнік забойства".
  • барадзед
    17.11.2024
    гэта ўсё цікава, але галоўнае забылі сказаць
    баскаў - забойца
  • Ганьба
    17.11.2024
    Дзякуй, цікава напісана!
    Забойцы і махляры - хэдлайнеры Лукашарыі.

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава10

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава

Усе навіны →
Усе навіны

За хабар затрымалі галоўнага інжынера на адным з прадпрыемстваў Мінгарвыканкама

Замест крэмаў і мазяў. Навукоўцы распрацавалі пластыр для эфектыўнага лячэння псарыязу

Пад Навагрудкам прапануюць заробак да 9500 рублёў — што за вакансія4

Названы топ найгоршых пароляў. Каб іх узламаць, спатрэбіцца менш за секунду4

У прыгарадзе Парыжа ў рэстаране захапілі закладнікаў

Пакуль Лукашэнка скардзіцца на беларусаў за любоў да Versace, прапагандыстка пахвалілася іх парфумай19

Нямецкую вёску назвалі найлепшым «разумным горадам» у свеце1

39-гадовы прэм‘ер Марыінскага тэатра ў Пецярбургу загінуў, калі палез праз балкон па наркотыкі11

Міністарка роўных правоў Швецыі пакутуе ад незвычайнай фобіі — яна баіцца бананаў21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава10

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава

Галоўнае
Усе навіны →