Алексіевіч: Дыктатура робіць нас дурнейшымі, бо мы абмяркоўваем гэта вар'яцтва
У новым выпуску ТОКу пісьменніца і нобелеўскай лаўрэатка Святлана Алексіевіч паразважала пра тое, як дыктатура ўплывае на нас. І расказала, як ставіцца да тэзісу прапаганды, што Лукашэнка гарант незалежнасці.
Па меркаванні Святланы Алексіевіч, усе беларусы — закладнікі дыктатуры Лукашэнкі, якая не дае ім развівацца:
«Дыктатура заўсёды прызямляе нас. Яна робіць нас больш дурнымі, чым мы ўсе ёсць. Яна не дае нам развівацца, бо мы абмяркоўваем вось гэтае вар'яцтва, якое нараджаецца ў іх галовах (яно ж не нараджаецца ў галовах інтэлектуалаў нейкіх, калі ты сапраўды, думаючы аб гэтым, расцеш)».
«Лёгка ўпасці ў роспач, калі так доўга думаць аб гэтым», — заўважае Алексіевіч і расказвае, што калі яе пытаюцца аб дыктатуры ў Беларусі, яна заўсёды раіць:
«Галоўнае — не ўпасці ў роспач, спрабаваць за нешта зачапіцца. У жыцці шмат цікавых рэчаў. А дыктатура ўсё роўна не займае ўсё наша жыццё. Яна паламала нам жыццё, перавярнула ўсё ў ім. Але ўсё роўна яна не заняла нашу душу, сэрца».
«Гэта эфект асфальту. Маленькая такая трава, нямоцная, і здавалася б асуджаная. А яна прабівае асфальт», — вобразна апісвае Алексіевіч, як беларусы выжываюць у цяперашні час.
Часам ад прапаганды можна пачуць тэзіс, што Лукашэнка ў сённяшніх умовах адзіны гарант незалежнасці Беларусі. Святлана Алексіевіч у адказ на гэта заўважыла: «На жаль, павінна прызнаць, што ў гэтым ёсць доля праўды».
«Калі б не ён, тут ужо сядзеў які-небудзь рускі губернатар. А ён [Лукашэнка] так любіць уладу, што неяк падманвае, усякімі [спосабамі] не пускае [Расію]».
«Але якім коштам ён гэта робіць? — адзначае пісьменніца. — Уласна мы ж ваюем. Самалёты іх [Расіі] адсюль вылятаюць, бамбяць адсюль, параненых іх лечаць тут. Мы ўсё-такі ўдзельнічаем у вайне. Вам гэта не падабаецца, мне не падабаецца. Сорамна. Але гэта факт».
Разважаючы пра матывы паводзін дыктатара, Алексіевіч схільна бачыцца не клопат пра краіну, а імкненне захаваць асабістую ўладу:
«Магчыма, ён так адкупаецца. Я так думаю. Гэта яго форма адкупіцца. Але ён ратуе не Беларусь. Чамусьці я яму не давяраю. Ён ратуе сваю ўладу. Ён вельмі зросся з уладай».
«Слава Богу, на гэты момант нашы інтарэсы супалі. Таму што, я думаю, без яго праблема вырашылася б імгненна. Тут бы ўвялі войскі і ўсё. І губернатара б прывезлі», — мяркуе пісьменніца.
Глядзіце цалкам:
Каментары
Замест руху наперад вырашаюцца і выконваюцца жаданні горшых з людзей.
Інтэлектуальныя сілы нацыі распыляюцца. Нават раней, калі была магчымасць уплыву праз петыцыі, па сутнасці гэта была спроба разумных неяк змяніць звыклыя працэсы і шкурныя рашэнні тупых.
Зараз і тое немагчыма, разумных прымушаюць выконваць малакаштоўныя працы ў калоніях, губляць час за кратамі.
Раніцай падумаў, чаму нейрасетка магла памыліцца і трохі развеяўся. Гэта будучыня, хоць і складаная і неадназначная. А пасля ізноў у нашу рэчаіснасць "логіка карнікаў". Як тупыя і злыя псуюць і знішчаюць цывілізацыю.