Памёр вядомы кампазітар, харавы дырыжор і педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Алег Елісеенкаў. Яму было 66 гадоў.
Алег Елісеенкаў нарадзіўся 21 верасня 1958 года ў расійскім горадзе Спас-Дземенску. Але вырас у Маладзечне, куды ягоная сям'я пераехала неўзабаве пасля нараджэння сына.
Бацька кампазітара быў адным з першых выкладчыкаў Маладзечанскага музычнага вучылішча, яго скончыў і сам Алег у 1973 годзе па спецыяльнасці «Тэорыя музыкі».
Пасля Алег Елісеенкаў працаваў дацэнтам кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кіраваў студыяй «Гран-пры» Дзяржаўнага канцэртнага аркестра. Быў членам Беларускага саюза кампазітараў.
Елісеенкаў напісаў музыку да многіх папулярных у Беларусі эстрадных песень, якія выконвалі Андрэй Хлястоў, Ірына Дарафеева, Алеся, Аляксандр Саладуха.
Адыграў вялікую ролю ў станаўленні маладых выканаўцаў Таццяны Путырскай, Валерыя Дзідзюлі, Дзмітрыя Калдуна, Пятра Ялфімава. Таксама сярод яго выхаванцаў былі Вера Карэтнікава, Слава Нагорны і група «Ванільнае неба».
Каментары