Уладзімір з вёскі Моргі Вілейскага раёна расказаў kraj.by, як сустрэў у лесе мядзведзя і што рабіў, каб звер яго не крануў.
Уладзімір сустрэўся з мядзведзем вясной. Гуляў з аўчаркай Рокі, убачыў нешта, падобнае да цюка саломы.
«Спачатку падумаў, што нехта салому згубіў, потым прыгледзеўся — мядзведзь! Рокі малайчына, не кінуўся на яго, а на мяне паглядаў, скажа гаспадар нападаць ці не. Калі б ён кінуўся на звера і стаў брахаць, невядома, як скончылася б гэтая гісторыя.
Павольна, спакойна адыходзіў задам, не паварочваючыся да мядзведзя спіной. Я шмат чытаў, як трэба сябе паводзіць пры сустрэчы з гэтай жывёлай. Галоўнае — не напалохаць, не ўцякаць, не глядзець яму ў вочы.
Калі адышлі за паварот, патэлефанаваў сыну. Ён прыехаў на машыне, забраў. А то як прайсці, калі мядзведзь ля дарогі корпаецца?»
Тады Уладзіміру страшна не было, ды і пасля той сустрэчы ён не баіцца ў лес хадзіць. Упэўнены: калі звера не чапаць і не палохаць, то ён не кране.
Каментары