Квіткі з Мінска ў Вільню адчувальна падаражэлі. З чым гэта звязана і чаму цэны могуць узляцець яшчэ больш?
З сакавіка цэны на некаторыя квіткі на аўтобус з Мінска ў Вільню выраслі ў два разы. І хутчэй за ўсё сітуацыя працягне горшаць.
Сёлета ў сакавіку самы танны квіток з беларускай сталіцы ў літоўскую можна было набыць за 80 рублёў. Самы дарагі ў той жа час каштаваў 140 рублёў.
Цяпер жа самы бюджэтны варыянт, які ёсць на сайце «Мінсктрансу» на канец жніўня, каштуе каля 155 рублёў. Самы дарагі — 335 рублёў.
У «Экалайнс» квіток можна набыць за 200 рублёў. У «Eўралайнс» — ад 165 рублёў.
Самыя танныя цэны прапануе «Атлас». У гэтага перавозчыка білеты ў Вільню пачынаюцца ад 140 рублёў (яшчэ месяц таму можна было ўзяць за 120, а летась — за 80 рублёў).
У той жа час цэны на квіткі з Мінска ў Варшаву амаль не змяніліся. Напрыклад, у сакавіку «Экалайнс» прадаваў квіткі на гэты маршрут за 200 рублёў — і роўна столькі ж яны каштуюць цяпер. На сайце «Мінсктрансу» на канец жніўня ёсць і таннейшыя прапановы: цэны пачынаюцца са 135 рублёў.
Рост цэн на квіткі менавіта ў Вільню можна растлумачыць тым, што Літва рэалізуе план па скарачэнні патоку аўтобусаў з Беларусі. Па-першае, быў закрыты шэраг пунктаў пропуску праз мяжу — цяпер дзейнічаюць толькі два (з беларускага боку гэта «Каменны Лог» і «Беняконі»). Па-другое, літоўскія ўлады імкнуцца паменшыць колькасць дазволаў для беларускіх і літоўскіх кампаній, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі. Атрымліваецца так, што пасля заканчэння тэрміну дзеяння дазволу на перавозкі перавозчыкі не атрымліваюць новыя і таму вымушаныя сысці.
Калі да 1 сакавіка 2024 года людзей з Беларусі ў Літву вазілі 58 перавозчыкаў, то цяпер іх засталося 35. Плануецца, што да лютага 2025 года іх колькасць паступова будзе зніжана да 29, агучвала лічбы ў эфіры LRT міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ.
Якая абстаноўка па пагранпераходах па стане на раніцу чацвярга?
Велічэзная чарга з аўтобусаў і аўтамабіляў на польскай мяжы ніяк не хоча змяншацца
Літва плануе паступова зменшыць колькасць аўтобусных маршрутаў з Беларуссю
Больш за 60 еўра ў кашальку — будуць праблемы? На выездзе з Літвы беларусы сутыкаюцца з новымі цяжкасцямі
Каментары