Больш за 60 еўра ў кашальку — будуць праблемы? На выездзе з Літвы беларусы сутыкаюцца з новымі цяжкасцямі
У апошнія тыдні беларусы паведамляюць у памежных чатах, што літоўскія мытнікі на выездзе з краіны сталі старанна правяраць наяўныя грошы ў пасажыраў. Калі ў кагосьці больш за 60 еўра, іх могуць развярнуць назад, піша «Анлайнер».
Яшчэ ў 2022 годзе Літва ўвяла забарону на вываз банкнот еўра, аднак дакладная сума ў 60 еўра тады была прыбраная з афіцыйных дакументаў. Да нядаўняга часу асаблівых праблем з вывазам наяўных не ўзнікала.
Але ў жніўні 2024 года сітуацыя змянілася: мытнікі зноў сталі правяраць кашалькі пасажыраў і высаджваць тых, у каго з сабой больш дазволенай сумы. Што кажуць падарожнікі?
«Прайшлі мяжу цяпер на аўтобусе, кіроўца прасіў праверыць, каб у кашальку не было больш за 60 еўра, шукаць, сказаў, ніхто не будзе», — дзеліцца досведам праходжання мяжы беларуска.
«Вядомая рэч, абмежаванні па 60 еўра — гэта з боку літоўскай мытні. Беларусь пускае да 10 000 даляраў або 9200 еўра, а Літва з еўра не пускае і разварочвае назад», — піша іншая турыстка.
«Некаторыя мытнікі называюць дазволеную суму ў 0 еўра, тлумачаць гэта тым, што ў РФ і РБ еўра не патрэбныя, яно не з'яўляецца нашай валютай, кажуць, вязіце або даляры, або мяняйце на рублі. Рэальна былі выпадкі, напрыклад, на эстонскай мяжы, што не прапусцілі 30 еўра, адправілі мяняць, усё залежыць ад «шкоднасці» канкрэтнага мытніка. У Літвы ліміт 60 еўра на чалавека», — піша ўдзельнік чата.
«Акрамя правілаў мытні Літвы, ёсць правілы Еўрасаюза. І, у прынцыпе, калі трапіцца не вельмі мілы памежнік, то ні мяса, ні алкаголю, ні малочкі ён не прапусціць. Як і кучу еўра», — піша яшчэ адна дзяўчына.
«Гэта патрабаванне ЕС. Забарона на вываз наяўных еўрабанкнотаў у Расію і Беларусь. Дазваляецца толькі мінімальна неабходная сума для асабістых патрэб. Мяркую, што мытня Літвы ўстанавіла гэтую суму як дастатковую на аднаго чалавека на адны суткі. А далей — вашы праблемы, раз вы выязджаеце з ЕС, значыць, у вас ёсць іншыя крыніцы забеспячэння сваіх патрэбаў. Ну, гэта мая версія. А калі прасцей, то бярыце даляры, да іх пытанняў у літоўскай мытні няма», — расказвае іншы карыстальнік.
Паводле інфармацыі з памежных чатаў, часам важна, каб у кашальку было не больш за 60 еўра. Якім будзе дагляд, залежыць ад настрою змены, бывае, што гэтая працэдура праходзіць хутка і без асаблівай увагі да наяўных. Аднак перавозчыкі ўсё ж раяць улічваць абмежаванні і быць гатовымі да праверак.
60 еўра — гэта не міф. Даляры выратуюць сітуацыю
Такім чынам, фізічныя асобы, якія накіроўваюцца з Літвы ў Беларусь ці Расію, могуць мець пры сабе не больш за 60 еўра на чалавека для асабістага карыстання. Гэта ж тычыцца і супрацоўнікаў юрыдычных асоб, такіх як кіроўцы.
Колькасць наяўных у іншых валютах не абмежаваная. Калі сума наяўных у еўра перавышае 60, то мытня не выдасць дэкларацыю, і чалавеку давядзецца вярнуцца ў Літву. За парушэнне правіл магчымая адміністрацыйная адказнасць.
«Калі ў вас шэнген-віза і вы едзеце дадому ў Беларусь і вязеце звыш 60 еўра, то ў мытні будуць пытанні. Калі ў вас ДНЖ ЕС і вы едзеце ў Беларусь і вязеце 300-500 еўра для асабістых патрэб таму, што ў вас няма іншых крыніц плацежаздольнасці, то, думаю, мытня забіраць у вас грошы не будзе. Усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі», — дзеліцца меркаваннем яшчэ адзін падарожнік.
Забарона не распаўсюджваецца на выпадкі, калі банкноты патрэбныя для асабістага карыстання грамадзян, якія накіроўваюцца ў Беларусь (або РФ), або членаў іх сем'яў, якія вандруюць з імі, а таксама на афіцыйныя мэты дыппрадстаўніцтвам, консульствам або міжнародным арганізацыям, якія валодаюць імунітэтам у адпаведнасці з міжнародным правам.
Кампанія-перавозчык «Атлас» у сваім тэлеграм-канале таксама пракаментавала гэтую сітуацыю. Паводле сведчанняў кіроўцаў аўтобусаў кампаній-партнёраў «Атласа»:
«Сур'ёзнасць праверкі на мяжы залежыць, перш за ўсё, ад змены ў літоўскім пункце пропуску. Бывае, што дагляд праходзіць некалькі дбайней чым звычайна. Але вось асаблівай увагі да наяўных не праяўляюць. Аднак, мы раім пасажырам мець на ўвазе і гэтую забарону, і абмежаванні на ўвоз у Літву тавараў з Беларусі».
Каментары
Ці магу я не пагаджацца з высадкай і не высаджвацца?
Як мне зафіксаваць парушэнне маіх правоў, куды тэлефанваць?
Што рабіць, калі я ўсё ж хачу праехаць з еўра, хай афармляюць акт канфіскацыі і потым адсуджваць?
Зрабіце ўцямны ўласны артыкул, а не перадрук.
Наконт дурноты "я купіў білет і хто мяне высадзіць.." лішне нагадваць, што білет на аўтобус не падстава для перасячэння мяжы.