З'явіліся спадарожнікавыя ФОТЫ наступстваў украінскага ўдару па складзе боепрыпасаў у Таропцы
Амерыканская кампанія Maxar, якая займаецца спадарожнікавымі здымкамі Зямлі, апублікавала фатаграфіі склада боепрыпасаў у горадзе Таропец Цвярской вобласці да і пасля налёту ўкраінскіх дронаў. На здымках відаць стан аб'екта да ўдару, а таксама наступствы, уключаючы паднятыя слупы дыму, што сведчыць пра пашкоджанні пасля атакі.
Фоты да ўдару былі зробленыя 7 верасня. На здымках пасля ўдару відаць, як над складамі падымаюцца слупы дыму.
Сэрвіс НАСА FIRMS, які агрэгуе спадарожнікавыя даныя пра пажары, таксама паказаў вялікі ўчастак пажару на ўсход ад Таропца, каля вёскі Кудзіна і возера Кудзінскага.
Расследавальніцкі праект «Схемы» («Радыё Свабода») піша, што кожнае з некалькіх дзясяткаў сховішчаў арсенала змяшчае да 240 тон боепрыпасаў.
Міністэрства абароны Расіі сцвярджала, што склад пасля рэканструкцыі ў 2018 годзе быў абаронены нават ад «паражальных фактараў ядзернага выбуху».
Склад у Торопцы быў атакаваны ў ноч на 18 верасня з дапамогай беспілотнікаў. У выніку пачаўся пажар, а боепрыпасы пачалі выбухаць. У горадзе была абвешчаная эвакуацыя. Паводле даных расійскага Міністэрства аховы здароўя, пацярпелі 13 чалавек.
Каментары