Байструк, сыновец, адроддзе. Як беларусы называюць членаў сям’і ў розных кутах краіны
Palatno пагартала «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», які ўтрымлівае мноства беларускіх слоў, і выявіла, што ў многіх рэгіёнах Беларусі аднолькавыя па сэнсе словы моцна адрозніваюцца. Расказваем пра восем слоў з розных беларускіх рэгіёнаў, якія называюць сваякоў.
Пазашлюбнае дзіця
Пазашлюбных дзяцей на захадзе і поўдні беларускіх зямель нашы продкі называлі байструкамі.
На тэрыторыі сучасных Магілёўскай, Віцебскай абласцей і паўднёвай часткі Міншчыны пазашлюбных дзяцей называлі крапіўнікамі. А яшчэ на Віцебшчыне і Міншчыне распаўсюджанымі назвамі былі бансюк, багдан, бэнсь і банкарт.
На тэрыторыі Віцебскай вобласці, амаль на межах з Расіяй, было распаўсюджанае слова выбледак.
На Гомельшчыне яшчэ былі назвы бенок і баркан.
А побач з Магілёвам пазашлюбных дзяцей звалі і бязбацькавічамі.
Радня
Амаль па ўсёй тэрыторыі радню так і называлі радня. Аднак ёсць і адрозненні.
Каля Гродна, Брэста, Гомеля сустракаецца назва свае. Гэтая назва дамінавала на тэрыторыі Мёршчыны, Шаркаўшчыны і часткова Глыбоччыны і Полаччыны.
А яшчэ была назва крэўныя. Так называлі радню часам на паўночна-заходняй частцы Міншчыны. Там жа сустракаліся і адзінкавыя назвы свае.
Айчым
Асноўныя адрозненні ў назве — на захад ці на ўсход ад Мінска. У заходняй частцы краіны айчымаў так і называлі — айчымамі. А ва ўсходняй — отчымамі.
На Палессі быў свой варыянт — атчым.
На Расоншчыне айчымаў называлі войчымамі.
Пасынак
Пасынкаў так і называлі — пасынкамі. На ўсходзе Магілёўскай і Гомельскай абласцей — амаль на мяжы з Расіяй — выкарыстоўвалі назву несын.
На самым захадзе Беларусі — пасерб.
На тэрыторыі Драгічынскага і Кобрынскага раёнаў сустракалася і назва сыновец.
Падчарка
Назва падчарка сустракаецца ва Усходняй Беларусі.
На тэрыторыі Заходняй Беларусі быў шэраг назваў, якія азначалі падчарку. У асноўным дамінавала слова падчарыца.
На Палессі — панчэрыца, пасэрба, падчарка, пасярбіца, дочанка.
Стрыечныя браты і сёстры
Дваюраднымі і дваюроднымі называлі кузэнаў ва Усходняй Беларусі. Першы варыянт дамінаваў на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Другі — на Палессі.
У адзінкавых выпадках назва дваюрадныя сустракалася на тэрыторыі Гродзеншчыны, але там, як і на Брэстчыне, у асноўным выкарыстоўвалі — стрыечныя браты ці сёстры.
У Заходняй Беларусі была і назва збрадзеці. Яна была шырока распаўсюджанай на Шаркаўшчыне і Глыбоччыне.
Продкі
А як жа называлі продкаў нашы продкі? Амаль па ўсёй тэрыторыі — дзяды.
У Заходняй Беларусі была яшчэ назва прадзяды.
Прэдкамі называлі на Палессі і Магілёўшчыне. Назва продкі была распаўсюджана на Міншчыне.
А яшчэ сустракаліся радзіцелі — так называлі продкаў на мяжы Віцебшчыны і Магілёўшчыны з Расіяй.
Нашчадкі
Вядомае нам слова нашчадкі раней шырока ўжывалі на Гродзеншчыне.
У асноўным у Беларусі дамінавала слова патомства і патомкі.
Слова пакаленне бытавала ля Брэста, Гомеля і Гродна.
На Міншчыне выкарыстоўвалі словы наследнікі і наследства.
У сённяшнім Маларыцкім раёне нашчадкаў называлі праўнукі.
А на Полаччыне і Ушаччыне — адроддзя.
Каментары