Дзяржаўнаму ТБ збіраюцца дапамагчы зарабіць — рэкламы стане больш, у тым ліку пра алкаголь
На тэлеканалах і радыё хочуць дазволіць рэкламаваць алкаголь і даваць рэкламу нават у кароткія перадачы.
Што можа змяніцца ў законе «Аб рэкламе», прапісана ў праекце закона на Нацыянальным прававым партале.
Цяпер рэклама піва і слабаалкагольных напояў на ТБ і радыё забаронена з 7 да 22 гадзін, а рэкламаваць іншы алкаголь нельга наогул. У новай рэдакцыі закона прапануюць скараціць час абмежавання рэкламы піва (круціць такія ролікі можа будзе ўжо пасля 21 гадзіны) і дазволіць позна ўвечары рэкламу алкаголю (час забароны прапішуць з 7 да 22 гадзін).
Таксама прапануюць даць ТБ і радыё магчымасць больш рэкламаваць ігральныя ўстановы і азартныя гульні. Цяпер такія ролікі пад забаронай з 7 да 22 гадзін, а ў новай рэдакцыі закона — з 7 да 21 гадзіны.
У прайм-тайм могуць дазволіць болей ролікаў. Цяпер з 18 да 22 гадзін на ТБ і радыё рэклама не павінна перавышаць 16 хвілін. Па новай рэдакцыі — можна да 18 хвілін.
Перадачы, якія ідуць 15 хвілін і меней, перарываць ролікамі па-ранейшаму нельга. Але прапануюць дазволіць сумяшчаць іх з рэкламай, у тым ліку ў выглядзе накладанняў (напрыклад, бягучым радком).
Пры гэтым абмяжуюць рэкламу безалкагольнага піва і безалкагольных піўных напояў. Прапануюць забараніць яе:
— у будынках (памяшканнях) устаноў адукацыі, арганізацый аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры, спорту;
— у выданнях, сродках масавай інфармацыі, прызначаных для падлеткаў да 18 гадоў альбо якія спецыялізуюцца на пытаннях экалогіі, адукацыі, аховы здароўя;
— калі там вобразы людзей або жывёл, у тым ліку маляваныя, мультыплікацыйныя (анімацыйныя), за выключэннем выкарыстання такіх вобразаў у зарэгістраваных таварных знаках, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння безалкагольнага піва і безалкагольных піўных напояў;
— калі там вобразы, выказванні, якія пераконваюць, што спажыванне безалкагольнага піва і безалкагольных піўных напояў садзейнічае дасягненню поспеху альбо паляпшае фізічнае ці псіхічнае стан чалавека;
— калі рэклама стварае ўражанне, што безалкагольнае піва і безалкагольныя піўныя напоі бясшкодныя або карысныя для здароўя альбо з'яўляюцца адным са спосабаў здаволення смагі;
— калі рэклама заклікае да ўжывання безалкагольнага піва і безалкагольных піўных напояў альбо дыскрэдытуе ўстрыманне ад іх ужывання.
Рэклама безалкагольнага піва і безалкагольных піўных напояў па новай рэдакцыі закона павінна будзе ўтрымліваць указанне на безалкагольны характар напояў.
Каментары