У беларускай культурнай прасторы скралі бокс з данатамі на дапамогу Украіне
У беларускай культурнай прасторы CreateCulture Space у Вільні хтосьці скраў данат-бокс, у якім збіралі грошы на дапамогу Украіне. Зараз шукаюць чалавека, які трапіў у аб’ектыў камеры.
Адбылося ўсё ў мінулую нядзелю ў 14:52.
«Звычайна па нядзелях мы не працуем, − распавяла «Нашай Ніве» дырэктарка CreateCulture Space Таццяна Штэйнбук. — Але на гэтых выходных наша каманда прымала ўдзел у міжнародным конкурсе 48HFP. З пятніцы па нядзелю ішоў творчы працэс: людзі абмяркоўвалі ідэі, пісалі сцэнарыі, здымалі відэа».
Людзей было шмат, але яны знаходзіліся ў розных памяшканнях: нехта ў асноўнай зале, нехта ў студыі. Уваходныя дзверы не зачынілі — ніхто нават не падумаў пра тое, што можа зайсці старонні. Данат-бокс заўсёды стаяў каля самага ўвахода на стале адміністратара.
«Ніколі не было такога, каб нехта спрабаваў забраць гэтую каробку, — сказала Таццяна. — Тым больш што камера ў нас усталявана якраз насупраць уваходных дзвярэй. Ёсць і папярэджанне, што вядзецца відэаназіранне. Дзіўна, што мужчына, які скраў бокс, не заўважыў ні папярэджання, ні камеру».
Якая дакладна сума была ў боксе, сказаць немагчыма: там было шмат манет і купюры па 5, 10, 20 еўра. CreateCulture Space ужо звярнуліся па дапамогу ў літоўскую паліцыю. Але тых, хто пазнаў мужчыну на скрыншоце з відэа, якое зняла камера, просяць таксама паведаміць адміністрацыі прасторы.
Чытайце таксама:
У Клімавічах зладзеі скралі сейф з далярамі і знялі відэа, як яго ўзламалі
Салігорац скраў для жонкі куртку, а той яна не спадабалася
Знойдзены найгоршы вартаўнік: у Сан-Дыега сабака дазволіў незнаёмцу скрасці ровар проста з гаража
Беларус паставіў фотапастку, каб нічога не скралі з будоўлі. Скралі фотапастку
Каментары