Радзіна рэзка адказала Халезіну: Пасля Плошчы-2010 мы ўсе трапілі ў турмы, а Мікалай — не
Галоўная рэдактарка сайта «Хартыя'97» апублікавала адказ рэжысёру Мікалаю Халезіну. У інтэрв'ю ТОК Халезін заявіў, што расійскі алігарх Леанід Неўзлін фінансуе «Хартыю'97» яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, а таксама дае грошы «на ўсе медыя, якія паліваюць Святлану Ціханоўскую».
Радзіна піша, што інтэрв'ю кіраўніка Свабоднага тэатра Мікалая Халезіна каналу ТОК — «настолькі занадта хлуслівае», што яна не можа не адказаць.
Яна піша, што яе здзіўляе Халезін, з якім яна асабіста працавала ў газеце «Имя» і затым у «Хартыі'97».
«Да самога сайта Charter97.org гэты чалавек ніколі не меў дачынення, зрэдку ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х на нашых старонках з'яўляліся яго аўтарскія артыкулы, але не больш за тое. У 2005 годзе ён стварыў Свабодны тэатр і дыстанцыяваўся ад якой-небудзь палітычнай і журналісцкай дзейнасці, — піша яна і дадае. — Але зараз я хачу спытаць: што ты вярзеш, Мікола?»
Яна адмаўляе словы Халезіна пра тое, што Неўзлін фінансаваў Саннікава і «Хартыю'97» з 2010 года.
«Заява, што сайт «Хартыі'97» і выбарчую кампанію кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава ў 2010 годзе фінансаваў ізраільскі мецэнат Леанід Неўзлін — поўнае глупства. І Халезін выдатна ведае, як мы, не маючы практычна ніякіх сродкаў, кінуліся як у атаку ў гэтую кампанію і практычна перамаглі ў ёй.
Па звестках незалежных назіральнікаў, лідар «Еўрапейскай Беларусі» Саннікаў тады выходзіў у другі тур з Лукашэнкам. Але пасля Плошчы 19 снежня 2010 года мы ўсе трапілі ў турмы. Халезін, дарэчы, не.
Напярэдадні гэтых «выбараў» быў забіты заснавальнік сайту «Хартыі» Алег Бябенін, я была фігуранткай шматлікіх крымінальных спраў і ўрэшце была збітая і арыштаваная ў дзень выбараў аўтаматчыкамі ў масках разам з усімі журналістамі.
Халезін цудоўна ведае, як я пасля турмы і напярэдадні суда ўцякала з Беларусі без капейкі ў кішэні. Якімі цяжкімі былі мае ўцёкі без пашпарта, які ў мяне канфіскавалі ў турме КДБ. І як мы з калегамі потым аднаўлялі працу сайта на эміграцыі: спачатку ў Вільні, дзякуючы дапамозе літоўскага ўрада, а потым і ў Варшаве, куды нас запрасіла Міністэрства замежных спраў Польшчы.
А агучаная Халезіным інфармацыя аб кватэры былога палітвязня Змітра Бандарэнкі — наогул падсудная хлусня. Ніякай кватэры ў Варшаве ва ўласнасці Змітра няма і ніколі не было. А кватэра ягонай жонкі Вольгі ў Мінску, дзе ён быў прапісаны, нядаўна была арыштаваная беларускімі ўладамі», — піша Радзіна.
Але пазней у публікацыі рэдактарка «Хартыі'97» не адмаўляе дапамогі фонда Неўзліна. Але звяртае ўвагу на іншае.
«Адкуль узяўся наратыў пра «рускага алігарха»? Леанід Неўзлін — грамадзянін Ізраіля, жыве там больш за 20 гадоў, ён адмовіўся ад расійскага грамадзянства, з'яўляецца асабістым ворагам дыктатара Пуціна, прысуджаны пуцінскім судом да пажыццёвага зняволення.
І сапраўды, Неўзлін — мой сябар і чалавек, які шмат зрабіў для развіцця дэмакратыі ў многіх краінах. У сённяшніх атаках на яго і неабгрунтаваных абвінавачаннях я бачу руку расійскіх спецслужбаў, а цяпер, відавочна, да гэтых нападак актыўна далучыўся і беларускі КДБ, адначасова спрабуючы чарговым разам знішчыць ненавісную «Хартыю», — сцвярджае яна.
Радзіна піша, што не хоча думаць, што «Халезін — частка плана рэжыму Лукашэнкі ў дыскрэдытацыі «Хартыі'97».
«У мяне няма іншага лагічнага тлумачэння, акрамя як падазраваць, што ў Мікалая пачаўся ранні старэчы маразм і ён ужо блытае рэальнасць са сваімі хворымі фантазіямі. Таму што толькі чалавек з відавочнымі адхіленнямі ў псіхіцы будзе так самазабыўна хлусіць, трэсціся ад нянавісці і мэтанакіравана паклёпнічаць на сваіх былых сяброў. Як яму дапамагчы? Па старым сяброўстве магу параіць добрага лекара», — пераходзіць на абразы Радзіна.
Каментары
Дзля Беларусі беларусаў толькі адно мае карысць .
.Фінансаванне мутнымі цмянымі " бізьнісменамі" як з усхода захада так і з поўдня- поўначі павінна ставіць вялікі ×♧ на Рэпутаціі і палітычнай дзейнасці як асоб так і смі г
и ещё тот референт, что из органов
лявацтва , лявацкая ідэалёгія , лявацкія смі - гэта хлусьня