У Клімавічах зладзеі скралі сейф з далярамі і знялі відэа, як яго ўзламалі
Зладзеі скралі ў Клімавічах са здымнай кватэры металічны сейф з далярамі, але пры гэтым самі стварылі важны рэчавы доказ свайго злачынства, паведаміў Следчы камітэт.
Здарэнне адбылося ў канцы ліпеня. Пацярпелы з сям'ёй у той дзень ездзіў у Мінск. Вярнуўшыся ж дахаты, пабачыў, што зладзеі вынеслі з ягонай кватэры сейф. Зламыснікаў, мужчын 40 і 42 гадоў, затрымалі ўжо праз некалькі дзён.
Каб трапіць у кватэру шматпавярховіка, адзін з мужчын спусціўся з даху на незашклёны балкон на пятым паверсе. Пасля ён адчыніў дзверы свайму таварышу. Злодзеі дзейнічалі вельмі асцярожна і ў кватэры амаль не пакінулі слядоў. Паколькі сейф не змясціўся ў заплечнік, то яны яго вынеслі на руках.
Скончыўшы справу з вынасам сейфа, зламыснікі выехалі за горад. Там яны на беразе возера спалілі сваё адзенне і з дапамогай падрыхтаваных інструментаў адчынілі сейф. Пры гэтым адзін з іх здымаў увесь працэс на мабільны тэлефон.
Цяпер відэа з таго тэлефона далучана да крымінальнай справы. Яе распачалі па факце «крадзяжу, які здзейснены арганізаванай групай у асабліва буйным памеры«.
У сейфе было больш за 25 тысяч даляраў. Частку грошай мужчыны, якія і раней былі судзімыя, паспелі патраціць — купілі ровар, залатыя вырабы ды іншае.
Каментары