Грамадства22

«Мы пацярпелі ад пераездаў не менш, чым дарослыя». Беларускія падлеткі, якія эмігравалі з бацькамі, робяць падкаст пра такіх, як самі

Беларускія падлеткі Рома і Ева ў 16 гадоў перажылі эміграцыю, «пра якую не прасілі». Новая школа, новыя сябры, адзін заплечнік з сабой, трывога. Цяпер яны запісваюць падкаст, дзе збіраюць эмігранцкія гісторыі падлеткаў. «Медиазона» паразмаўляла з падлеткамі пра тое, як змянілася іх жыццё праз змены ў жыцці бацькоў, і спыталася, ці збіраюцца яны ў Беларусь, калі вырастуць.

Ілюстрацыя: Майкл Скарн / «Медиазона»

Запіс падкасту займае ў Ромы з Евай некалькі гадзін, з якіх да слухача даходзіць толькі 15—20 хвілін. Пасля запісу Ева мантуе яго, прыбіраючы ўсё лішняе. Яшчэ некалькі гадзін сыходзіць на тое, каб загрузіць запіс на стрымінгавыя сэрвісы. Гугл-падкасты і спатыфай дазваляюць зрабіць гэта бясплатна.

У эпл-падкастах падлеткаў пакуль няма: платформе трэба плаціць грошы за размяшчэнне. А Ева з Ромай нічога не зарабляюць на сваіх запісах і не імкнуцца да гэтага.

«Я хачу, каб нас слухалі не толькі падлеткі. Бацькі, людзі, у якіх няма дзяцей. Важна ведаць, што адбываецца з іншымі. Так, у дарослых свае важныя праблемы: знайсці ў новай краіне працу і жыллё. Але і нам па-свойму трэба неяк будаваць тут новае жыццё. Я хачу, каб падлеткаў пачулі, бо нам таксама цяжка», — кажа Ева.

«Бабулі вырашылі не казаць, што з'язджаем»

Рома — з Брэста. Цяпер ён жыве ў Польшчы, з Беларусі разам з мамай, айчымам і малодшым братам ён з'ехаў у студзені 2022 года. Бацькі Ромы ўдзельнічалі ў пратэстах у 2020 годзе, а калі яны сціхлі — раздавалі самвыдатаўскія газеты і расклейвалі налепкі. Маме некалькі разоў тэлефанавалі са Следчага камітэта — прасілі з'явіцца. Сям'я вырашыла з'ехаць.

З'ехалі, уладкаваліся ў Кіеве, потым, перад пачаткам поўнамаштабнай вайны, перабраліся ў Львоў, а адтуль — у Польшчу.

Ева — з Мінска. Пасля пачатку вайны кампанія, у якой працавалі яе бацькі, паставіла ўмову — абавязковая рэлакацыя ўсіх супрацоўнікаў. Ева даведалася пра дату пераезду за восем дзён.

Пазнаёміліся Ева з Ромам ужо ў Беластоку, тут і пачалі працаваць над падкастам.

«Цяпер шмат кажуць пра дарослых — інтэрв'ю бяруць у дарослых, але мы пацярпелі ад пераездаў не менш, у нас хапае сваіх праблем», — тлумачыць Рома.

Яны з Евай вырашылі, што будуць збіраць у падкасце гісторыі падлеткаў-мігрантаў: тых, каму давялося пакінуць Беларусь з-за палітычнага пераследу бацькоў, ці тых, хто проста з'ехаў з краіны на вучобу і дзеля больш перспектыўнай будучыні.

У першых эпізодах падкасту падлеткі распавядаюць пра свой ад'езд з краіны. У Ромы ён быў бязладным: увечары сабралі рэчы і ноччу ўжо былі ў аўтобусе на Кіеў.

«Мы нават вырашылі спачатку не казаць, што з'язджаем, нашай бабулі, каб яе не хваляваць. Але яна прыйшла раней з працы і ўбачыла, як мы збіраем рэчы. Прыйшлося прызнавацца», — распавядае Рома.

У новае жыццё кожны член сям'і ўзяў з сабой па заплечніку — так першапачаткова дамовіліся. Рома кажа, што, акрамя рэчаў першай неабходнасці, узяў з сабой нататнік з фоткамі і запісамі некалькіх сяброў на памяць.

«Яны нават не ведалі, што я з'ехаў. Мама сказала пакуль нікому не казаць, таму я напісаў ім пра тое, што я з'ехаў і не ведаю, калі вярнуся, калі ўжо быў у Кіеве», — кажа ён.

Бацькі Евы думалі пра пераезд даўно, сваю ролю ў прыняцці рашэння адыгралі і пратэсты ды рэпрэсіі 2020 года. Ева ўспамінае пра іх так:

«Гэта змяніла маё стаўленне да жыцця. Мне было цяжка, мяне тады замкнулі дома, без інтэрнэту. А летам у час канікулаў хацелася б пагуляць. А ты сядзіш дома і думаеш, што бацькоў могуць пасадзіць. А я што? Я застануся з сястрой? Ці мы можам з'ехаць у любы момант? А што наогул будзе заўтра?»

З Беларусі Ева з бацькамі з'язджала на машыне, таму ў яе была магчымасць узяць з сабой больш рэчаў. На памяць пра жыццё ў Мінску яна ўзяла з сабой гітару і ўкулеле: некалькі гадоў таму яна пачала займацца музыкай і не змагла выбраць, які з інструментаў ёй бліжэй.

«Пераезд — гэта рашэнне маіх бацькоў, якое ад мяне наогул не залежала, мяне паставілі перад фактам.

…Мне казалі пра тое, што гэта калі-небудзь адбудзецца, але ў мяне была надзея, што я там адвучуся 11 класаў або да нейкага канчатковага моманту майго дзяцінства, а потым пачну новае жыццё ў іншай краіне», — распавядае яна ў падкасце.

Пасля ад'езду з Беларусі Ева адразу апынулася ў Беластоку. А Рома ўспамінае яшчэ жыццё ва Украіне: кажа, што ў Кіеве было проста выдатна. Падабалася жыць у вялікім імклівым горадзе.

«Мы жылі ў доме ў Алены Жаркевіч, там было яшчэ некалькі дзяцей прыкладна майго ўзросту. Мы хутка знайшлі агульную мову, я таму там сабе сяброў нават і не шукаў», — кажа ён. Напярэдадні вайны сям'я перабралася ў Львоў, 24 лютага прыйшлося спешна пакідаць і Украіну.

«Мы тады ў хостэле жылі, мама мяне будзіць і кажа на эмоцыях уся: «Прачынайся, гэты підарас на нас напаў». Я спачатку не паверыў», — успамінае Рома.

«Нашы аднакласнікі нас не разумеюць». Адаптацыя

Сцэнары да выпускаў падкасту Рома з Евай пішуць «на каленцы», самы першы напісалі на ўроку фізкультуры ў каледжы. Сярод пытанняў для гасцей падкасту адно — пра адаптацыю ў новай краіне. Ім самім адаптацыя далася па-рознаму.

«Пакуль яшчэ вучобы не было, я днямі спрабавала прыйсці ў сябе. Страшна было — усё ж трэба пачынаць з нуля тут. Мяне выцягвалі толькі мае сябры ў Беларусі, я ўвесь час была з імі на сувязі. Тэлефон адкладаю — і ў мяне льюцца слёзы», — кажа Ева.

Рома распавядае, што новых сяброў знайшоў хутка, мае зносіны ў асноўным з беларусамі і ўкраінцамі. Палякаў сярод сяброў у падлеткаў няма.

«Нашы аднакласнікі — яны нас не разумеюць, яны не ведаюць, што цяпер адбываецца ў Беларусі, ва Украіне, іх гэта не вельмі хвалюе», — лічыць Рома.

«Галоўнае адрозненне — стаўленне настаўнікаў да хатніх заданняў, да вучняў». Адукацыя

У сваіх выпусках падлеткі плануюць гаварыць з гасцямі падкасту пра планы на будучыню і пра адукацыю ў іншых краінах. Самі Рома з Евай атрымліваюць медыцынскую адукацыю ў Беластоку, Рома дакладна вырашыў, што хоча стаць доктарам, Ева — пакуль не.

Падлеткі кажуць, што да новай мовы адаптаваліся хутка, і яны разумеюць усё, пра што ідзе гаворка на ўроках. Акрамя профільных прадметаў. «Цяпер неяк усё быццам у парадку, добры сярэдні бал. Але хімія і біялогія па-польску — гэта нейкая мова эльфаў», — кажа Рома.

«У Беларусі было цяжка ў параўнанні з Польшчай.

Але галоўнае адрозненне — стаўленне настаўнікаў да хатніх заданняў, да вучняў у прынцыпе. У іх няма такога, што ты павінен нешта ведаць, вучыцца. Гэта табе трэба. Калі ты чагосьці не ведаеш, гэта твае праблемы, табе з гэтым жыць», — дзеліцца ў падкасце ўражаннямі Ева.

«Лепшага за Брэст месца няма», але і будучыні там няма

Падлеткі не бачаць сваёй будучыні ў Беларусі. Абое вераць, што ў краіне адбудуцца аднойчы дэмакратычныя перамены, але кажуць, што часу чакаць у іх няма.

«Я веру, што ўлада ў Беларусі зменіцца, адбудуцца перамены, але на гэта сыдзе шмат-шмат гадоў. А тут, у Польшчы, эканоміка больш стабільная і краіна больш дэмакратычная. Тут цяпер больш магчымасцяў — атрымаць добрую адукацыю, атрымліваць потым годны заробак», — кажа Рома.

Дадому, у родныя гарады, Рома з Евай хочуць прыязджаць толькі ў госці. Абое вельмі цёпла адгукаюцца пра іх.

«Брэст я, вядома, вельмі люблю, ён не надта ціхі, не надта шумны. Там добра і летам, і зімой. Лепшага за Брэст месца няма», — кажа Рома. Па яго словах, перш за ўсё, калі атрымаецца прыехаць, ён наведае сваіх сяброў, па якіх вельмі сумуе.

Каментары2

  • Хм
    15.07.2023
    Калі эміграцыі "не прасілі", дык вяртайцеся, гаўно-вапрос. А ячшэ лепш - адразу ў Расею, чаго хочацца шчыра параіць усім гэткім русскоязычным пакутнікам. На Беларусі і без вас рускамірнага люду нашмат больш, чым трэба. 
  • Сухі закон
    16.07.2023
    Як жа вы абрыдлі са сваім бясконцым ныццём... Бедалагі...

Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве

Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве

Усе навіны →
Усе навіны

МЗС Польшчы дало лаканічны адказ на заяву Васкрасенскага12

Ад якіх хвароб лечыць лазня?2

«Знішчае вірусы, умацоўвае імунітэт». У Брэсце прадаецца дом з кедру3

«Ябацькі спалохаліся, што вайна, аказваецца, побач». Як у Гомелі абмяркоўваюць выбухі беспілотнікаў над горадам5

«Ну дзе ж я мог сустрэць класнага кіраўніка? У камеры магілёўскага СІЗА! А затрымалі яго праз наш чат выпускнікоў»4

У Нясвіжы памянялі мову вулічных шыльдаў «для зручнасці турыстаў і гасцей горада»15

Убачыць Беларусь з вышыні: топ-5 цікавых аглядных пляцовак

Жыхара Мінскага раёна будуць судзіць за адмаўленне генацыду беларускага народа2

Ці прыйдзе беларускі Хрушчоў пасля Лукашэнкі? Мікола Бугай адказвае Дракахрусту16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве

Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве

Галоўнае
Усе навіны →