Эканоміка1212

Шакуцін заляцеў мінімум на $40 мільёнаў

Шматпакутны комплекс «Шантэр Хіл» на праспекце Пераможцаў у Мінску можа давесці сябра Аляксандра Лукашэнкі да цугундара. І не аднаго яго.

«Шантэр Хіл». Фота: realt.onliner.by

У 2013-м Аляксандр Лукашэнка асабіста дамаўляўся з кітайцамі аб выдзяленні льготнага крэдыту для сябра сваёй сям'і Аляксандра Шакуціна, які задумаў вырасціць каля Драздоў грандыёзны, на 140 тысяч квадратных метраў, бізнэс-квартал «Шантэр Хіл».

Колькі інвеставаў сам Шакуцін, дакладна невядома. Банкі звычайна просяць, каб кліенты ўносілі ўласнымі грашыма хаця б 10% ад агульнай сумы. Кітайцы ж дакладвалі $120 мільёнаў.

Паручальнікам стала дзяржава праз гарантыі ўрада. Калі пазычальнік не зможа вярнуць грошы, крэдыт стане абавязкам бюджэту. 

Фінансавая мадэль ясная. Уласнік «Амкадора» планаваў гасіць крэдыт з арэндных прыбыткаў пасля ўводу аб'екта ў эксплуатацыю. Пачаўшы будаўніцтва ў 2016-м, Шакуцін меўся здаць яго летам 2019-га, але не паспеў.

Памылкі ў канструктарскіх рашэннях запавольвалі будоўлю, тут жа пачаўся перыяд буйных няўдач у асноўным бізнэсе.

Санкцыі закрылі Захад, кітайская экспансія звузіла магчымасці ў Расіі.

Як кажуць бізнэсмены, якія займаюцца экспартам тэхнікі, да выхаду заходнікаў з Расіі кітайская прадукцыя была ў слабой пазіцыі, бо не існавала арганізаванага абслугоўвання і каналаў паставак расходнікаў. Цяпер усё гэта ёсць, і кітайскія аналагі атрымліваюцца таннейшымі за беларускія па ўсіх параметрах. Гэта праблема не толькі МТЗ і МАЗа, але і для «Амкадора» Шакуціна.

Праз тое, што ў адным месцы звышпрыбыткі зніклі, а ў іншым іх не здарылася, ён не тое што не можа дафінансоўваць будоўлю, але вымушаны трыбушыць і знякроўліваць свае профільныя актывы, каб з цяжкасцямі, пры ўсебаковым спрыянні дзяржавы, вышукваць грошы на пагашэнне доўгу перад кітайцамі, у якіх не прынята дыскантаваць крэдыты сябрам Лукашэнкі.

Мы можам прыкладна ўявіць, колькі Шакуцін выдаткаваў на «Шантэр Хіл» за гэтыя гады, нават не ведаючы дакладнай працэнтнай стаўкі і тэрміну кітайскага крэдыту.

«Шантэр Хіл». Фота: realt.onliner.by

Малаімаверна, каб Шакуцін атрымаў настолькі льготны крэдыт, каб ён быў таннейшым за базавыя стаўкі кітайскага Цэнтрабанка. У 2016-м годзе, калі пачыналася будаўніцтва, стаўка складала 4,3%.

Возьмем гэты працэнт як арыенцір для разумення парадку лічбаў.

Шакуцін мог атрымаць адтэрміноўку пагашэння цела доўга на час будаўніцтва (2016-2019), а мог і не атрымаць. Гэта мала мяняе сутнасць. Толькі за першыя тры гады Шакуцін па ніжняй планцы падлікаў меўся выплаціць кітайцам каля $15 мільёнаў гадавымі.

Ён карыстаецца грашыма ўжо восем год, а прыбытку ад іх ніякага не атрымлівае. Апошнія гады стаўка ў Кітаі плаўна зніжалася да сённяшніх 3,35%.

Калі б Шакуцін выплачваў толькі працэнты, то яго выдаткі сягнулі б пад $40 мільёнаў без уліку ўласных інвестыцый.

Калі ж ён ужо пачаў гасіць цела крэдыту, адпаведна, скарачаючы базу, з якой налічваюцца гадавыя, то выдаткі будуць блізкімі да сотні мільёнаў даляраў. 

Тонкасці дакладных лічбаў вядомыя толькі пагружаным у ягоныя балансы і фінансавыя справаздачы.

Але праблемы відавочныя пры любой методыцы падліку, хоць сам Шакуцін і сказаў бы, што фармальных стратаў у яго няма — ёсць толькі выдаткі на тое, што існуе і нечага каштуе. Ну, хіба што толькі не акупляецца.

Вельмі падобна, што пад бязлюдным недабудам на праспекце Пераможцаў і хаваецца большасць праблем галадаючага «Амкадора» і вялікай сям'і ягоных «дочак». 

«Шантэр Хіл». Фота: realt.onliner.by

Самастойна давесці праект да розуму ягоны аўтар цяпер не ў стане. У гэтым сэнсе траекторыя лёсу Шакуціна вельмі нагадвае траекторыю лёсу Юрыя Чыжа, які таксама на чужыя грошы пазалазіў у праекты, якія не змог пацягнуць і акупіць, і ў выніку страціў усё. 

Пакуль што, наколькі можна разумець, дзяржава не дапамагае Шакуціну гасіць доўг наўпрост з бюджэту, але робіць гэта праз дыскантаванне ўнутраных крэдытаў і рэфінансаванне абавязкаў «Амкадора» і даччыных кампаній перад беларускімі банкамі. 

Пра тое, што сітуацыя менавіта такая, ускосна сведчыць і сёлетняе расследаванне «Белпола», у якім аўтары прывялі множныя факты невытлумачальных рэверансаў дзяржавы ў бок Шакуціна. Імаверна, тут самы значны матыватар — пытанне разліку з кітайцамі, а не вялікі клопат пра Шакуціна. 

Што цяпер рабіць бізнэсмену? Па логіцы — шукаць дурных увайсці ў праект; а яшчэ і ўвайсці так, каб цалкам не выставіць за дзверы самога Шакуціна, які столькі год адмучыўся.

І можна ўявіць, што знайсці партнёра, гатовага выкупіць частку бізнэсу (а заадно і частку доўга), Шакуціну сёння не так проста.

Людзей, здольных пацягнуць такія інвестыцыі, унутры краіны малавата, а расіяне не спяшаюцца ў Беларусь па тых жа прычынах, што і заходнія капіталы — самадурства Лукашэнкі ў любы момант можа памножыць іх інвестыцыі на нуль.

Ды і сама бізнэс-думка, якая ў 2013-м нарадзіла паперу з праектам «Шантэр Хіла», ужо састарэла: у Мінску прафіцыт арэндных плошчаў, маса плацежаздольных арандатараў уцяклі здымаць офісы ў суседнія сталіцы. Тры офісныя свечкі не абяцаюць залатых гор.

Сёння рукі грэюць метрдатэлі — расіяне загружаюць гасцініцы пад 100%.

У гэтым мог бы быць актуальны бізнэс «Шантэр Хіла», які б дазволіў хутчэй разлічыцца з крэдыторам і зарабіць самім. Але каб перарабіць яго з неперспектыўнага офіснага цэнтра на ўскраіне Мінска ў маржынальны апарт-гатэль, трэба мяняць і наноў узгадняць праект, укладваць у пераробку… Маса нюансаў. Тым больш забаўна, што раней Шакуцін ужо мяняў праект, парэзаўшы колькасць гатэльных метраў на карысць офісных. Пралік за пралікам.

У гэтых умовах па Мінску ўжо з паўгода поўзаюць чуткі, што дзяржава разглядае варыянт адабраць комплекс у банкрута. Невядома толькі, на чыю карысць. Сам Шакуцін пра гэта, несумненна, таксама інфармаваны.

Шакуцін — адзіны на здымку без гальштука. Фота прэс-службы Саўміна летам 2024 года

У сітуацыі няпэўнасці на праекце спрабуюць спекуляваць літаратурныя персанажы. Найсвежы такі эпізод здарыўся на мінулым тыдні. 

У пятніцу, 29 жніўня, некалькі беларускіх рэсурсаў — «Анлайнер» і OfficeLife, — апублікавалі дзіўныя прэс-рэлізы аб тым, што комплекс «Шантэр Хіл» нібыта перададзены ў кіраванне беларускай IT-кампаніі X-Labs inc., рэзідэнту Парка высокіх тэхналогій.

«X-Labs inc. атрымае комплекс «Шантэр Хіл» і замову на $180 мільёнаў ад кампаніі Blockchain Sports Ecosystem для распрацоўкі перадавых рашэнняў на базе штучнага інтэлекту», — паведамлялася ў тэкстах.

Пад вечар без ніякіх тлумачэнняў тэкст на OfficeLife знік увогуле, а на «Анлайнеры» выдалілі частку пра «атрымае Шантэр Хіл», пакінуўшы — ужо ні да чаго — фота комплексу ў шапцы матэрыялу. 

Гэтыя паведамленні цікавыя тым, што паказваюць, якія кадры прабіваюцца на камерцыйны ландшафт у сённяшняй Беларусі, пакуль многія іншыя залеглі на дно.

Кіруе кампаніяй X-Labs inc. беларус Дзмітрый Саксонаў. Укідваць чуткі, што комплекс забірае менавіта ён, Саксонаў пачаў з пару месяцаў таму. Публікацыі ў СМІ — толькі кульмінацыя.

Праз сугучнасць імёнаў мінскія рыэлтары, якія нават не падазравалі пра існаванне Саксонава, сталі дзяліцца адзін з адным плёткамі аб меркаваным прыходзе ў Мінск расійскага дэвелапера Дзмітрыя Аксёнава. 

У Беларусі не рэдкасць, калі людзі даведваюцца аб сваім далейшым лёсе са СМІ. І можна ўявіць пачуцці абалдзелага Шакуціна, які з «Анлайнера» даведаўся, што больш не гаспадар свайму стварэнню.

Але, як аказалася ў выніку, гэтае паведамленне было няпраўдай, спекуляцыяй Саксонава з магчымым прыцэлам на вялікую аферу. 

Справа ў тым, што і X-Labs inc., і сам Blockchain Sports Ecosystem — гэта праекты Саксонава. «Выдаваць» $180 мільёнаў ён намерыўся сам сабе.

Дзмітрый Саксонаў, фота: pressball.by

У тым, што ў гэтага чалавека быў час зарабіць такія грошы, можна смела сумнявацца — ён толькі нядаўна памяняў чорную робу на прэзентабельны гарнітур. У канцы 2018 года Саксонаў атрымаў чатыры гады ўзмоцненага рэжыму. Базы «Белпола» ведаюць Дзмітрыя Саксонава (1989 г.н.) як чалавека з дзясяткамі эпізодаў махлярства і двума судовымі прысудамі па ч.3 арт. 209.

«Шляхам падману і злоўжывання даверам завалодаў грашовымі сродкамі […]», — апісваюць базы яго кампетэнцыі. 

Пасля выхаду з калоніі Саксонаў захапіўся стартапамі. Стартап-сфера — гэта такое месца, дзе можна легальна збіраць грошы на фантастычныя ідэі і потым, калі яны не ўзляцелі, не несці ніякай адказнасці — гэта рызыка, якую прымаюць венчурныя інвестары ў пошуках геніяў. 

Чытайце таксама: Паспяховая стартаперка ці баранэса Мюнхгаўзен? Як Таццяна Зарэцкая трапіла ў Аб'яднаны кабінет і чаму яна яго пакінула 

Зразумеўшы тэму, Саксонаў аб'яднаўся з парай айцішнікаў, якія раней ужо паспяхова, але без практычных вынікаў засвойвалі венчурныя сродкі; абклаўся збяднелымі зоркамі, як, напрыклад, былыя футбалісты Кевін Кураньі і Рамарыа — і стаў развіваць футбольны стартап у Бразіліі.

Дзеці, абвешаныя датчыкамі, гуляюць у футбол, і мяркуецца, што збор інфармацыі і яе наступны аналіз штучным інтэлектам дапаможа футбольным скаўтам больш эфектыўна знаходзіць будучых талентаў, а інвестарам дазволіць укладацца наўпрост у футбалістаў на ранніх стадыях. 

Гэта ідэя не новая, ніякіх прыкмет яе прыбытковасці пакуль не відаць. Але тое, што Саксонаў недзе знайшоў грошы прынамсі на разгортванне дробнай школы ў Бразіліі — факт.

А паколькі ні ў тройцы расійскіх кампаній, дзе Саксонаў з'яўляецца акцыянерам, ні ў адзінай ягонай беларускай і не пахне мільёнамі даляраў прыбытку, то падобна, што дзейнічае Саксонаў на чужыя сродкі.

І хоць у яго няма кампаній, як ён заяўляе, ні ў Дубаі, ні на Сейшэлах (мы правяралі кампанію BCS Ecosystem Limited, ад якой ён прадстаўляецца, у сейшэльскім і эмірацкім рэестры юрыдычных асобаў — такой не існуе), гэта не замінае яму прадстаўляцца буйным дзеячам і гастраляваць па офісах даверлівых арабаў у спробе напыласосіць грошай на свае праекты.

Хаця наколькі сапраўдныя самі шэйхі, з якімі Саксонаў падпісвае салідныя пагадненні — таксама вялікае пытанне.

На жывапісным фота ў артыкуле «Анлайнера» за спінамі радасных падпісантаў — лагатыпы неіснуючай юрыдычна Blockchain Sports і яшчэ менш рэальнага рыядскага інвестфонда Jossor Alpha Investment.

Інтэрнэт пра праекты гэтага фонду нічога не ведае, члены ягонага праўлення не маюць дачынення да кіруючай саудаўскай дынастыі. Вэб-сайт «інвестыцыйнага фонду» ўяўляе сабой створаны летась лэндзінг з аплачаным на адзін год хостынгам. 

Гэтыя людзі без грошай сабраліся разам будаваць у Саудаўскай Аравіі разумны горад пад кантролем штучнага інтэлекту на 65 гектараў, 1500 вілаў, 3300 кватэраў і футбольную акадэмію. Фота: Onliner.by

Атрымліваецца, спамерская рассылка ўласніка X-Labs inc. па беларускіх медыя аб тым, што ў яго самога ёсць сотні мільёнаў даляраў, беларуская дзяржава паверыла ў ягоныя ідэі і выдзеліла гіганцкі комплекс для «работы над штучным інтэлектам», а арабы выдзелілі 65 гектараў зямлі — гэта, хутчэй, яскравая сучасная адаптацыя казкі пра Ката ў ботах з пазнавальнымі героямі і зразумелымі мэтамі. 

Наступнае цікавае пытанне — як узброены ўплывовымі сувязямі ўласнік «Амкадора» абыдзецца з хлопцам, які расхваляваў і яго самога, і ўсю дэвелаперскую тусоўку Беларусі сваім жаданнем нажыцца на шакуцінскіх слязах.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары12

  • Suxxonau
    05.09.2024
    Пытанне ў іншым: хто замовіў гэтую медыйную правакацыю, якую элегантна выканаў "стартапер" Саксонаў? Бо абсалютна відавочна, што нехта яму за гэта заплаціў. Самому Саксонаву праблемны неліквід не трэба, бо гэта толькі галаўняк і мінусы.
  • Беня
    05.09.2024
    Ничего, земли много. Со всеми расчитаются.
  • Народный
    05.09.2024
    Suxxonau, ты сказку про кота в сапогах читал? Чье это здание? - Маркиза Карабаса. Никакой ответственности никто там брать явно не собирался, смысл в медийном упоминании, чтобы в другом месте показать скриншоты и мнимое владение, а там глядишь и денег дадут и даже поверят, что они обеспечены залогом, если что))

«Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі

«Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі

Усе навіны →
Усе навіны

«Дактары падазраюць сардэчны прыступ». Беларуса, які абвясціў галадоўку ў Літве, забрала хуткая7

Аршанскага чыноўніка, летась асуджанага за карупцыю, зноў заўважылі побач з кіраўнікамі2

У Мінску збіраюцца пашырыць вуліцу Максіма Багдановіча

Украінскія войскі прарвалі мяжу Расіі на яшчэ адным участку ў Курскай вобласці24

60-гадовага псіхолага з вялікім стажам судзяць за «садзейнічанне экстрэмізму»5

Папулярная сербская спявачка выступіла на канцэрце без ніжняй бялізны37

Зірніце, як схуднеў былы дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. Вось як гэта было2

Яшчэ адзін абмен палоннымі адбыўся на мяжы Беларусі і Украіны3

Качанава: Як кажуць нашы сябры, якія прыязджаюць да нас: «вы жывяце ў раі»17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі

«Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі

Галоўнае
Усе навіны →