Грамадства55

«Дачка марыла стаць настаўнікам гісторыі, а сёння марыць з'ехаць з краіны». Бацькі беларускіх школьнікаў расказалі, якія планы цяпер у іхніх дзяцей

Выданне «Салідарнасць» на ўмовах ананімнасці распытала ў бацькоў цяперашніх выпускнікоў і старэйшых школьнікаў, як усё, што адбываецца цяпер у краіне, у тым ліку і ў сістэме вышэйшай адукацыі, адбілася на іх планах на будучыню: куды плануюць, а куды катэгарычна не хочуць іх дзеці паступаць, і ці збіраюцца вучыцца далей у Беларусі.

Фота ілюстрацыйнае

«Стаць хадзячым мемам я не хачу»

«Сын скончыў восьмы клас, і пасля дзявятага паступаць не плануем. Ён пакуль зусім не ўяўляе, кім хоча быць, ды і мы з мужам пэўных схільнасцяў і інтарэсаў у яго не бачым, — кажа Ірына з Віцебска. — Некалькі гадоў ён захапляўся спортам: футбол, каратэ, потым баскетбол, але на аматарскім узроўні, а як толькі трэнеры прапаноўвалі займацца на больш сур'ёзным узроўні і намякалі, што гэта можа стаць прафесіяй, губляў цікавасць.

Таму я яму прапаную спрабаваць сябе ў розных гуртках і секцыях — час яшчэ ёсць, і калі нешта сапраўды захопіць, будзем разумець, куды рухацца.

Затое цалкам дакладна магу сказаць, куды ён не пойдзе, — у міліцэйскія або вайсковыя ВНУ. Да іх у мінулым і гэтым навучальным годзе часта прыходзілі ў школу з гутаркамі і агітацыяй, як добра там і там служыць, Радзіму абараняць. Але па рэакцыі майго сына бачу, што дамагліся роўна супрацьлеглага эфекту.

Калі раней яму, як многім хлапчукам, падабалася збіраць мадэлі вайсковай тэхнікі, гуляць у «танчыкі», ездзіць з экскурсіямі ад класа ў Брэсцкую крэпасць або на Лінію Сталіна, то цяпер я бачу жорсткае непрыманне вайсковай і сілавой тэматыкі. Ён кажа:

«Мам, разумееш, яны такія абмежаваныя, у іх адзін і той жа набор слоў пра Вялікую Айчынную вайну, НАТА ўздоўж межаў і што мы не дамо нікому на Беларусь напасці, зберажом наша мірнае неба… Я, можа быць, не самы разумны чалавек, але стаць вось такім жа хадзячым мемам я не хачу».

Па словах Ірыны, навучанне за мяжой яе сям'я цяпер не разглядае: «па-першае, не пацягнем фінансава, а па-другое, занадта шмат нявызначанасці, каб планаваць на тры-чатыры гады наперад».

«Але, вядома, калі такая магчымасць з'явіцца, я абедзвюма рукамі «за». Таму адзіныя прадметы, па якіх сына ганяю неміласэрна, — беларуская і англійская мовы: родную мову трэба вывучыць максімальна, пакуль яе яшчэ не развучыліся выкладаць у школе, а мова міжнародных зносін у любым выпадку лішняй не будзе.

А вось мой пляменнік, на год старэйшы за сына, наадварот, паступае пасля 9-га класа. Яны са школай ледзь дацярпелі адно аднаго да выпускных экзаменаў і разышліся з узаемным задавальненнем. Ён такі цяжкі падлетак, але рукасты, у бацьку, таму вырашыў ісці на рабочую спецыяльнасць, куды па балах пройдзе.

Кажа, што айцішнікаў ужо і так занадта шмат і што ўсе скардзяцца на заробкі, а кухар ці электрык патрэбныя будуць заўсёды, і ў чымсьці ён мае рацыю».

«Дапускаю, што з'едзе не толькі дачка»

Жыхарка беларускай сталіцы Ала — мама дзвюх дачок, дзяўчынкі скончылі 10-ы і 3-ці класы. І калі малодшая над пытаннем, кім хоча стаць, калі вырасце, пакуль не занадта задумваецца, то старэйшая, наадварот, шмат разважае на гэтую тэму. І чым далей, тым менш перспектыў бачыць для сябе ў Беларусі.

«Да 2020-га яна хацела стаць настаўніцай, прычым абавязкова выкладаць гісторыю — у іх у гімназіі былі вельмі добрыя педагогі, якія ўмелі «запаліць» дзяцей прадметам. А потым з усімі нашымі падзеямі гэтая мара дала першую расколіну.

За два гады ў іх звольніліся (або звольнілі, не ведаю дакладна падрабязнасцяў) некалькі добрых настаўнікаў, а тыя, хто застаўся, прынялі правілы гульні і сталі піхаць у дзяцей значна больш ідэалогіі. На гісторыі, якую раней дачка вельмі любіла, яшчэ і ўрокі памяці пра «генацыд беларускага народа». Ды і самі настаўнікі адгаворваюць: маўляў, куды заўгодна, толькі не ў школу.

Яна была б не супраць пайсці вучыцца на экскурсавода або на музейную справу. Але тут ужо супраць я, таму што бачу, што адбываецца ў гэтай сферы: ні пра якое развіццё і гаворкі няма, суцэльныя «чысткі» і звальненні нелаяльных спецыялістаў.

Мы ўсё абмеркавалі на сямейнай радзе, і цяпер у дачкі новая мэта — яна некалькі гадоў вучыла польскую мову, цяпер узмоцнена падцягвае з рэпетытарам, і новая мара — з'ехаць з краіны, вучыцца ў еўрапейскім універсітэце. І калі тут у нас нічога не будзе мяняцца да лепшага, дапускаю, што з'едзе не адна дачка, а будзем перабірацца ўсёй сям'ёй».

«Я супраць, каб сын і служыў тут, і вучыўся»

Сын Міхаіла і Алены скончыў 9 класаў у гімназіі і паступае гэтым летам у Мінскі лінгвагуманітарны каледж.

«Гэта не азначае, што потым ён абавязкова будзе паступаць у лінгвістычны, — тлумачыць бацька, — хутчэй, наша мэта была пайсці са школы на больш высокі ўзровень, таму што якасць адукацыі там яўна пагоршылася (апошнія два гады некалькі прадметаў даводзілася падцягваць з рэпетытарамі — не таму, што сын такі, а таму што настаўнікі арыентуюцца на большасць, з сярэдняй і нізкай паспяховасцю), а справядлівасць выстаўлення адзнак выдатна характарызуе фраза класнай кіраўніцы: «Бал на экзамене не можа быць вышэйшы за гадавую адзнаку».

Калі сын не пройдзе ў выбраны каледж, таму што ў мінулым годзе быў патрэбны вельмі высокі сярэдні бал атэстата, у нас ёсць запасны варыянт, таксама ліцэй з профільнай англійскай, або каледж з нядрэнным зачынам на IT-спецыяльнасць. За гэтыя пару гадоў вырашым, куды пайсці далей.

Таму што раней я б сказаў: нічога страшнага, калі пасля каледжа давядзецца адслужыць у войску і страціць год у адукацыі, але з пазіцыі сённяшніх рэалій я супраць, каб сын і служыў тут, і вучыўся — з перспектывай прымусовай адпрацоўкі, таму што «павінен дзяржаве».

Расійскія ўніверсітэты, як вы разумееце, цяпер ужо таксама не разглядаем.

«Вучыцца мастацтву ў атмасферы татальнай хлусні — дрэнны варыянт»

«Усё жаданне заставацца ў Беларусі, паступаць тут ва ўніверсітэт і заставацца працаваць па прафесіі адбівае сама сістэма адукацыі, — катэгарычная ў ацэнках мінчанка Святлана, чыя дачка-выпускніца паступае гэтым летам у адзін з еўрапейскіх універсітэтаў. — З ВНУ знікла з розных прычын велізарная колькасць кваліфікаваных выкладчыкаў. Затое з'явіліся характарыстыкі для тых, хто паступае, нечуваныя льготы для мэтавікоў і сілавікоў, і да таго ж практыкі «пакаянных відэа». І перспектывы нейкіх жахлівых па часе абавязковых адпрацовак, ад якіх зусім трошкі да прыгоннага права.

Гэта з аднаго боку. А з другога — калі раней выпускнікам казалі: маўляў, адвучыцеся і працуйце ў роднай краіне, таму што ў Беларусі стабільнасць і росквіт, цяпер пласцінка змянілася.

Прама і намёкамі даюць зразумець: заставайцеся тут, таму што каму вы на тым Захадзе патрэбныя, там нічога добрага вас не чакае, а ўсе, хто з'язджае з Беларусі, у Еўропе працуюць максімум на зборы клубніц і ўборцы прыбіральняў…

Дачка вельмі хоча стаць рэжысёрам, але вучыцца гэтаму мастацтву ў атмасферы татальнай хлусні — дрэнны варыянт. Каб потым што, працягваць хлусіць далей? Так што апошнія 1,5 года мы з ёй удваіх вельмі шмат рыхтаваліся, каб паступіць вучыцца ў Еўропе. Вельмі спадзяюся, што ўсё атрымаецца.

І хочацца верыць, што пройдзе не занадта шмат гадоў, калі нашым дзецям не трэба будзе з'язджаць з краіны, каб здымаць праўдзівае кіно пра Беларусь».

Чытайце таксама:

Беларусы — другая па колькасці група замежных студэнтаў у Польшчы

Чаму лукашысты так любяць публічныя прыніжэнні і як гэта змяняе нас

Міністр адукацыі расказаў, па якіх правілах пройдзе ўступная кампанія ўлетку

Каментары5

  • ром
    17.06.2023
    Бред уровня 5 класса
    Тут трохи грошай пока еще можна зарабить… поэтому и едут… не более
  • Ананим
    17.06.2023
    Гэта выдуманыя интэрвью, занадта шаблонна сфармуляваныя адказы, тыповае навязванне гатовых тэзисау. Ва умовах ананимнасци - усе што хош можна накалякаць, нихто не праверыць.
  • Kotya
    17.06.2023
    Ананим, еще до всех событий было много агенств, которые оказывали услуги в помощи с поступлением заграницу. Довелось в таком поработать и детей уже тогда до 2020 года шло в такие агенства немало, а сами дети с 8х классов учили кто чешский, кто польский чтобы поступить. Пусть в Европе тоже не так много вузов с супер качественным образованием, но всяко лучше чем сидеть куковать в РБ и потом отрабатывать в Костюковичах несколько лет в гос контроре за копейки. 

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку6

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі2

«Перавыхоўваюць і мілітарызуюць». Для суда ў Гаазе падрыхтавалі даклад пра тое, хто і як вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь4

Пісьменнік і цырульнік Сяргей Календа пастрыг Андрэя Хадановіча проста на сцэне ФОТАФАКТ1

У Жодзіне мужчына памёр у паліклініцы ў чарзе па талоны18

У Расіі жорстка затрымалі ваеннага блогера «Трынаццатага»8

Рыта Дакота аддае фанаткам сваю вясельную сукенку. Але забіраць трэба на Балі6

СМІ даведаліся пра гібель пераемніка Насралы пасля чарговага ўдару Ізраіля18

Вольга Карач атрымала нямецкую антываенную прэмію — разам з украінцам, які заклікае спыніць пастаўкі зброі Кіеву16

Як выглядае будынак павятовай бальніцы ў Мазыры, які гарэў учора ФОТЫ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку6

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →