Эканоміка11

Змены, якія перажывуць не ўсе, а адчуюць многія. Што ўлады рыхтуюць для ІП

Выглядае, што ўлады вырашылі не абмяжоўвацца падняццем падатковай нагрузкі і скасаваннем ільгот па адлічэннях у ФСАН. Сабралі, што вядома пра будучыя змены.

Добраахвотна-прымусовая трансфармацыя ў юрыдычную асобу

Ужо з 1 ліпеня ІП больш не будуць мець магчымасці займацца арганізацыяй канцэртаў і іншых відовішчных мерапрыемстваў. Каб працягнуць дзейнасць, ім давядзецца адкрыць юрыдычную асобу. 

Для іх падрыхтавалі некаторыя льготы. Напрыклад, яны змогуць зарэгістраваць юрыдычную асобу без аплаты дзяржпошліны (1 базавая). Куды больш значным паслабленнем можна назваць скасаванне абавязку здымаць офіс. Для рэгістрацыі дастаткова будзе пазначыць адрас заснавальніка.

Калі з наступнага месяца змены закрануць толькі невялікую долю ІП, якія займаліся арганізацыяй канцэртаў і іншых мерапрыемстваў, то ўжо з 2025 года з немагчымасцю працаваць як ІП сутыкнуцца куды больш шырокія колы.

Рэч у тым, што парламент хутка прыме праўкі ў заканадаўства, якія скароцяць спіс відаў дзейнасці, якімі могуць займацца ІП. Іх поўны пералік дагэтуль не паказалі грамадскасці.

Частку пераліку днямі апублікаваў «Спутнік». Вось некаторыя віды дзейнасці, якія пакінуць за ІП:

  • скупка каштоўных металаў і каштоўных камянёў у грамадзян у вырабах і ломе;
  • вытворчасць хлебабулачных вырабаў і мучных кандытарскіх вырабаў непрацяглага захоўвання;
  • вытворчасць гатовых тэкстыльных вырабаў, акрамя адзення;
  • друкаванне іншай паліграфічнай прадукцыі, не ўключанай у іншыя групоўкі;
  • дзейнасць па падрыхтоўцы матэрыялаў да друку і распаўсюджванні;
  • вытворчасць іншых гумовых вырабаў, пластмасавых вырабаў;
  • фармаванне і апрацоўка ліставога шкла;
  • рэзка, апрацоўка і аздабленне каменя;
  • вытворчасць мэблі;
  • вытворчасць ювелірных вырабаў, біжутэрыі;
  • тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў, матацыклаў;
  • рознічны гандаль;
  • дзейнасць грузавога аўтамабільнага транспарту і паслугі па пераездзе;
  • паслугі па грамадскім харчаванні;
  • камп'ютарнае праграмаванне, кансультацыйныя і іншыя спадарожныя паслугі.

На цяперашні момант выбар відаў дзейнасці для ІП не істотна розніцца ад юрыдычных асоб.

Самазанятасць выратуе не ўсіх

Тыя індывідуальныя прадпрымальнікі, чые віды дзейнасці не патрапяць у зацверджаны спіс, да 2025 года будуць вымушаныя адкрыць юрыдычную асобу, ці спыніць дзейнасць, ці, напрыклад, адысці ў цень.

Таксама частка ІП зможа перайсці ў самазанятыя. Для самазанятых прадугледжаны падатак на прафесійны даход у памеры 10% ад выручкі — пры ўмове, што выручка будзе да 60 000 рублёў у год. Калі выручка будзе большай за 60 тысяч, то давядзецца плаціць падатак 20% ад выручкі. Але перайсці ў гэты статус змогуць не ўсе. Напрыклад, стаць самазанятымі не змогуць тыя, хто мае наёмных супрацоўнікаў.

Скарачэнне відаў дзейнасці, якімі можна будзе займацца ў статусе ІП, застаецца не адзінай непрыемнай навіной для беларускіх прадпрымальнікаў. З 2024 года ўлады чарговы раз плануюць падняць стаўку падаходнага падатку. З наступнага года памер падатку вырасце з 20% да 25%.

Удар па ІП, як у 2008 годзе

Сітуацыя, у якую ўлады хочуць паставіць ІП з 2025 года, чымсьці нагадвае канец нулявых, калі з 1 студзеня 2008 года ім забаранілі браць на працу людзей не з ліку блізкіх сваякоў. Тады змены прымусілі частку ІП спыніць дзейнасць або адкрываць юрыдычныя асобу. Многія знаходзілі паратунак у тым, што па магчымасці наймалі супрацоўнікаў неафіцыйна і выплачвалі ім зарплаты ў канвертах. Тая забарона праіснавала да сярэдзіны 2014 года, калі ІП у Беларусі зноў дазволілі браць на працу людзей у незалежнасці ад ступені роднасных сувязяў.

Цяперашнюю «турботу» аб прадпрымальніках улады тлумачаць вельмі проста: у першую чаргу яны хочуць павялічыць аб'ёмы падаткавых адлічэнняў. 

Праз павелічэнне падатковай нагрузкі летась удалося сабраць нашмат больш падаткаў. Так, напрыклад, за першае паўгоддзе мінулага года бюджэт атрымаў у 2,6 разу больш грошай у выглядзе падаткаў ад ІП. 

Заўважна, што павелічэнне адбывалася на фоне скарачэння агульнай колькасці ІП. За мінулы год іх стала меней на 10 тысяч. Па стане на 1 студзеня 2023 года ў Беларусі налічвалася 263 тысячы ІП супраць 273 тысяч годам раней. Скарацілася і доля ІП у рознічным таваразвароце — з 6,8% да 5,9%.

Калі ўлады пачалі ўскладняць жыццё прадпрымальнікам?

1 студзеня 2022 года быў перагледжаны спіс відаў дзейнасці, па якіх можна было выкарыстоўваць спрошчаную сістэму падаткаабкладання (ССП). Большасць ІП яшчэ тады згубілі такую магчымасць. Для іншых стаўкі пры выкарыстанні ССП выраслі з 5% да 6%.

Пачынаючы з 2023 года ІП цалкам забаранілі працаваць па ССП. Таксама з 2023 года павялічыліся стаўкі пры выкарыстанні агульнай сістэмы падаткаабкладання. Сам падатак павялічылі з 16% да 20%.

Апроч гэтага, у 2022 і 2023 гадах павялічвалі стаўкі адзінага падатку. Па некаторых відах дзейнасці рост складаў 2-4 разы. Разам з павелічэннем ставак адзінага падатку ішло скарачэнне спісаў відаў дзейнасці, дзе дазвалялася яго выкарыстанне.

Паралельна з гэтым з 2023 года шэраг катэгорый ІП пазбавілі правоў на льготы пры адлічэннях у ФСАН. Гэта 35% ад мінімальнага заробку (на цяперашні момант 194 рублі ў месяц). Раней ІП, якія паралельна з прадпрымальніцкай дзейнасцю працавалі па працоўнай дамове, рабілі адлічэнні ў ФСАН добраахвотна.

Такі падыход дазваляў пазбегнуць двайнога абкладання. Ад гэтага года спіс такіх асобаў значна звузіўся. Не плаціць у ФСАН, напрыклад, маюць права пенсіянеры.

Да чаго могуць прывесці гэтыя змены?

Агучаныя новаўвядзенні ў найбліжэйшыя гады мусяць прывесці да павелічэння паступленняў грошай у бюджэт. Гэта будзе адбывацца як за кошт паднятых падатковых тарыфаў, так і за кошт скасавання льгот па лініі ФСАН.

Але тут трэба разумець, што прынамсі частку дадатковых выдаткаў, якія кладуцца на плечы ІП, у выніку заплацяць спажыўцы, бо пры істотна павялічаных выдатках прадпрымальнікі не змогуць утрымліваць цэны на свае тавары і паслугі на ранейшым узроўні.

Апроч гэтага, мы будзем назіраць далейшае скарачэнне агульнай колькасці ІП. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

Як падаткавікі выяўляюць тых, хто жыве не па сродках? Расказвае супрацоўнік інспекцыі

Каментары1

  • Лёлік з-пад Лімасола
    14.06.2023
    ЗМІ: Ніколі такога не было - у Беларусі звіздзец!
    Беларус у Беларусі: Нічога, патроху яшчэ дыхаем неяк. Галоўнае навіны не чытаць і ўсё будзе добра =)

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго16

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Усе навіны →
Усе навіны

У Ждановічах затапляе выезд на кальцавую2

Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм»16

Даляр абнавіў гадавы максімум1

У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць4

Пяцёра расіян загінулі пры ўзыходжанні на гару-людажэрку ў Гімалаях19

У пункце пропуску «Беняконі» могуць вырасці чэргі

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

«Мне пастаянна сніцца затрыманне». Гісторыя былой палітзняволенай Наталлі Кукішавай3

«Лаўлю на сабе позіркі людзей сталага ўзросту». Беларуска ў 32 гады наважылася хадзіць з кіем, які быў прапісаны ёй даўно6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго16

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Галоўнае
Усе навіны →