1xBet ладзіць тысячы фіктыўных матчаў, у тым ліку ў Беларусі. На іх зарабляюцца касмічныя сумы
Букмекерская кантора 1xBet арганізоўвае велізарную колькасць фіктыўных матчаў па розных відах спорту, у якую за грошы ўцягваюцца непрафесійныя гульцы і нават маленькія дзеці. Гэтыя матчы ладзяцца 24/7 у закрытых памяшканнях без гледачоў, людзей апранаюць у формы вядомых каманд свету, і дзякуючы стаўкам зарабляюць на іх гіганцкія сумы грошай. У якасці пляцовак для матчаў выкарыстоўваюць у тым ліку беларускія спартыўныя аб'екты.
Сумеснае расследаванне праекта Bellingcat і платформы спартыўных расследаванняў Josimar выкрыла дэталі маштабнай аферы.
Аматарскія турніры 1xBet транслююцца ва ўсім свеце, у іх выкарыстоўваюцца гульцы з Расіі, Беларусі і Украіны, у тым ліку маленькія дзеці.
Велізарную папулярнасць на трансляцыях нелегальных аматарскіх гульняў мае так званы кароткі футбол, які ўключае каманды з двух да пяці гульцоў з кожнага боку і доўжыцца ад дзесяці да дванаццаці хвілін. Калі матч канчаецца, гульцы змяняюць майкі і пачынаюць новую гульню на адным з суседніх палёў, якія аддзеленыя мж сабою заслонамі. Такім чынам, «Арсенал» можа ператварыцца ў «Амстэрдам» або «Дортмунд». Галоўнае тое, што дзеянне ідзе бесперапынна, і заўсёды ёсць гульня, на якую можна зрабіць стаўку, як днём, так і ноччу.
Стаўкі на падобныя матчы і турніры прымаюць усе букмекеры, але ў гэтым выпадку ідзе гаворка пра арганізацыю падобных спаборніцтваў канторамі з мэтай павышэння ўласных заробкаў.
У нелегальных матчах па кароткім футболе можна таксама пабачыць такія каманды, як «Ліверпуль», «Рэал Мадрыд», «Барселона» і іншыя. Гульцоў апранаюць у формы гэтых сусветна вядомых каманд для лепшых праглядаў і высокага даходу на стаўках. Пры гэтым 1xBet — глабальны партнёр ФК «Барселона», а таксама ПСЖ, «Алімпік Ліль», Серыі А і Афрыканскай футбольнай канфедэрацыі (CAF).
Таксама гульцоў апранаюць у формы неіснуючых каманд, даючы ім фіктыўныя назвы і прыдумляючы новыя фальшывыя лігі.
За ўдзел у такіх гульнях, паводле Bellingcat і Josimar, людзі атрымліваюць грошы (аднак невядома, ці атрымліваюць грошы абсалютна ўсе гульцы). Адзін з удзельнікаў кароткага футбола, з якім пагутарылі расследавальнікі, заявіў, што кожны дзень кожнага тыдня за 5-гадзінную змену адгульвае мноства матчаў за розныя каманды. Па словах гульца, змены мяняюцца ўвесь час, гульні ладзяцца ў тым ліку па начах, і «некаторыя ўдзельнікі не вылазяць з пляцовак днямі», бо ім патрэбныя грошы.
Мужчына сцвярджае, што зарабляў за год больш, чым сярэдні доктар у Расіі (сярэдні заробак расійскага доктара ў месяц складае каля 80 тысяч расійскіх рублёў — гэта 3000 беларускіх рублёў).
Аналіз Bellingcat паказаў, што на сайце 1xBet у верасні на працягу 24 гадзін у жывым эфіры трансляваліся 1297 матчаў аматарскага кароткага футбола. Для параўнання, нямецкая Бундэсліга, англійская Прэм'ер-ліга і іспанская Ла Ліга праводзяць усе разам 1066 гульняў за ўвесь сезон.
1xBet ладзіць аматарскія фіктыўныя гульні кожны дзень, іх трансляцыя ідзе няспынна і іх глядзяць ад 5 мільёнаў гледачоў штомесяц. Гэта значыць, што колькасць аматарскіх футбольных матчаў, якія транслююцца на гэтым сайце кожны год, складзе амаль паўмільёна. І гэта толькі гаворка пра кароткі футбол.
Афера 1xBet была рэалізаваная ў прамысловых маштабах. Букмекер транслюе відэа з розных месцаў, дзе таксама ладзяцца непрафесійныя турніры па баскетболе, валейболе, флорболе, хакеі, тэнісе, настольным тэнісе і гэтак далей. Ёсць і абсурдныя віды спорту, напрыклад «Subsoccer» (таксама вядомы як «футбол на лаўцы»), дзе два гульцы спрабуюць забіць мяч у маленькую клетку з сеткі, седзячы на лаўках амаль побач адзін з адным.
Усе нелегальныя аматарскія матчы праводзяцца на складскіх памяшканнях і пераабсталяваных арэнах, частка з якіх падобныя да дэкарацый з тэлесерыяла «Гульня ў кальмара», адзначаюць праекты Bellingcat і Josimar.
Дагэтуль было невядома, дзе менавіта ладзяцца гэтыя кароткія матчы, і сам 1xBet ніколі не раскрываў гэтага, рэгулярна правяраючы некаторых гульцоў на дэтэктары хлусні з намерам высветліць, ці распавядалі тыя каму-небудзь характар іх занятасці і месцы правядзення гульняў.
Аднак журналісты здолелі вылічыць месца знаходжання некалькіх пляцовак, і частка з іх знаходзіцца ў Беларусі. Так, 1xBet ладзіць закрытыя фіктыўныя тэнісныя спаборніцтвы пад эгідай «Daily Aqua Tour» у прыватнай тэніснай акадэміі Avante Club у Мінску і арганізоўвае нелегальныя баскетбольныя матчы на пляцоўках дзяржаўнага спартыўнага комплексу «Алімпіец» у Магілёве, які служыць базай для Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы (прычым гэтыя баскетбольныя матчы ладзяцца фіктыўнымі камандамі ў рамках так званай «Беларускай нябеснай лігі», якой у краіне афіцыйна не існуе).
Ні Avante Club, ні Магілёўскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы не адказалі на запыты праектаў Bellingcat і Josimar даць каментар па сітуацыі.
Характэрна, што сам букмекер 1xBet афіцыйна прыпыніў дзейнасць у Беларусі і перастаў абслугоўваць беларускіх кліентаў, забараняючы ім рабіць стаўкі, ствараць дэпазіты і выводзіць сродкі.
У Расіі, дзе 1xBet афіцыйна забаронены і пераследуецца за парушэнні законаў, букмекер таксама ладзіць мноства нелегальных матчаў. Так, журналісты-расследавальнікі вылічылі, што падпольныя гульні 1xBet рэгулярна ладзяцца:
- на стадыёне «Мардовія Арэна» (адзін з самых вялікіх стадыёнаў Расіі, які будаваўся спецыяльна пад чэмпіянат свету па футболе — 2018),
- на базе прафесійнай футбольнай школы імя Аляксандра Сцёпіна ў Бранску, якая супрацоўнічае з кіруючай расійскай партыяй «Адзіная Расія» і энергетычнай дзяржкарпарацыяй Газпрам,
- на стадыёне «Беламорац» на базе комплексу фізічнай культуры і адпачынку «Зорачка» ў Северадзвінску.
У пералічаных вышэй месцах у фіктыўныя гульні 1xBet таксама ўцягваюцца дзеці ад 14 да 16 гадоў (як хлопчыкі, так і дзяўчаткі), а таксама ладзяцца дзіцячыя вайскова-патрыятычныя мерапрыемствы, дзе навучаюць карыстацца зброяй, паведамляюць праекты Bellingcat і Josimar.
Расследавальнікі знайшлі таксама адно месца для нелегальных гульняў 1xBet ва Украіне, дзе букмекер быў афіцыйна забаронены пасля пачатку расійскага ўварвання. Аднак фіктыўныя матчы па баскетболе дагэтуль ладзяцца на Svoi Arena ў Кіеве.
Кіраўніцтва Svoi Arena, адказваючы на запыт праектаў Bellingcat і Josimar, заявіла, што «нічога не ведае аб супрацоўніцтве з 1xBet».
Галоўнымі заснавальнікамі і арганізатарамі нелегальнай букмекерскай канторы 1xBet з'яўляюцца расіяне Дзмітрый Казорын, Раман Семіохін, Сяргей Каршкоў. Усе яны родам з Бранска.
Хто стаіць за нелегальным букмекерам 1xBet? Forbes выпусціў сваё расследаванне
У сярэдзіне 2000-х Семіохін з партнёрамі адкрыў камп'ютарны клуб — у падвале ў адным са спальных раёнаў Бранска. Акрамя падлеткаў, прыходзілі людзі старэйшыя, якія заходзілі ў інтэрнэт для ставак на спорт. Часам стаўкі перавышалі дзённую выручку клуба. Тады Семіохін задумаў стварыць сетку кантор па прыёме ставак пад крылом «Фанбет».
Свой першы пункт ён адкрыў у Доме культуры мясцовага машынабудаўнічага завода. Там жа выступала каманда КВЗ, капітанам якой быў Сяргей Каршкоў (у будучыні ён стане кіраўніком упраўлення па барацьбе з кіберзлачыннасцю).
Калі ў 2009 годзе ў Расіі закрылі казіно, наступіў росквіт букмекерскіх кантор.
Некалькі гадоў таму гандлёвая марка 1xBet перакачавала на кіпрскі афшор. Расійскім легальным брэндам засталася «1хставка».
Расійскае следства ацаніла нелегальны даход букмекераў за перыяд з 2017 па 2022 год у 63 мільярды расійскіх рублёў (848 мільёнаў даляраў). Уладальнікаў канторы абвясцілі ў міжнародны вышук і выдалі ордар на іх арышт.
Да таго моманту бранскія мільярдэры ўжо атрымалі кіпрскія пашпарты і дагэтуль сядзяць на востраве.
У кіпрскім офісе букмекераў толькі айцішнікаў працуе 400 чалавек. Працэнтаў 80 з іх — людзі з Бранска. Ёсць работнікі і з Беларусі. Айцішнік там атрымлівае ад 3500 еўра. Плюс кампанія будуе дамы і раздае супрацоўнікам беспрацэнтныя крэдыты на кватэры.
Сталі вядомыя падрабязнасці смерці 35-гадовага фрыстайліста Максіма Гусціка
Кіраўніцтва расійскага футбольнага клуба паабяцалі расстраляць за адсутнасць выніку. А там гуляе чацвёра беларусаў
«У камеры 2х2 метры знаходзіцца восем чалавек». Сын галоўнага трэнера хакейнага «Дынама» адсядзеў на Акрэсціна і атрымаў дэпартацыю
Каментары