Хацелі як лепш, а выйшла як заўсёды. Пра што сведчаць малдаўскія выбары
У гэтую нядзелю прайшло галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах у Малдове, сумешчаных з рэферэндумам па замацаванні ў канстытуцыі курсу Малдовы ў Еўрапейскі саюз. Гэта паказальная падзея для ўсяго нашага рэгіёна, у якім ідзе тое самае «змаганне цывілізацый», і вывады з яе трэба зрабіць і беларусам, піша Алесь Сантоцкі.
Пра што можна сцвярджаць дакладна ўжо цяпер — што ў настроях малдаўскага грамадства, нягледзячы на падзеі апошніх гадоў, не адбылося пералому, якога многія чакалі.
Малдова здаўна адзначаецца тым, што праеўрапейскія і прарасійскія (ва ўсіх іх адценнях) настроі тут — калі не браць Прыднястроўе — ішлі ўпоравень, дзелячы грамадства прыблізна напалову. І гэта засведчвалі любыя выбары, якія ў гэтай краіне праводзіліся цягам апошніх дзесяцігоддзяў, фактычна ўвесь час незалежнасці. Адпаведна і кожная электаральная кампанія стварала немалую інтрыгу — хто ж гэтым разам?
Апагеем гэтага электаральнага расколу краіны стала сітуацыя, калі нацыянальны парламент з 5 красавіка 2009 па 23 сакавіка 2012 года, то-бок амаль тры гады, не мог абраць прэзідэнта, паколькі ніводзін з бакоў не меў для гэтага неабходнай колькасці галасоў. І не дапамагалі нават датэрміновыя парламенцкія выбары, паколькі яны толькі паўторна фіксавалі статус-кво. Уласна кажучы, з-за гэтага ў Малдове ўрэшце і прынялі рашэнне перайсці ад абрання прэзідэнта парламентам да яго ўсенародных выбараў. Хоць гэта дапамагала пазбегнуць палітычнага крызісу толькі часткова: яшчэ свежая памяць пра тое, як прарасійскія ініцыятывы прэзідэнта Ігара Дадона блакаваліся і пераадольваліся парламентам шляхам часовага пазбаўлення яго паўнамоцтваў.
У апошнія гады ўзнікла ілюзія, што гэта ўсё засталося ў мінулым і ў Малдове нарэшце стварылася праеўрапейская большасць, што празаходнія сілы гэтым разам пераканаўча перамогуць. Прытым гэтая ілюзія стварылася, падобна, не толькі ў назіральнікаў за межамі краіны, але і ў саміх уладных колаў, пра што сведчыць прызначэнне з падачы Маі Санду рэферэндуму аб еўраінтэграцыі.
Выступаючы з такой ініцыятывай, Санду разлічвала на тое, што яе падтрымае прыкметная большасць грамадзян і гэта галасаванне, тым больш калі ягоныя вынікі будуць аформленыя канстытуцыйна, стане важкім аргументам для таго, каб курс на еўраінтэграцыю Малдовы працягваўся без залежнасці ад зменаў ва ўладзе. Хоць сама патрэба — унесці праўкі ў канстытуцыю — прапагандысцкая, эфемерная. Можна ўнесці — і не ўступіць. А можна не ўносіць — і ўступіць (і большасць краін рабілі так).
Атрымалася ж фіксацыя старога падзелу. Папярэднія вынікі галасавання (50,5% «за» і 49,5% «супраць») сведчаць пра тое, што прыхільнікі еўраінтэграцыі сапраўды нібыта складаюць большасць у грамадстве, але гэтая большасць зусім мізэрная, як кажуць, у межах статыстычнай памылкі.
Чыста фармальна гэта нібыта перамога праеўрапейскіх сіл у цэлым і Маі Санду ў прыватнасці, але фактычна гэта параза.
Паколькі замест таго, каб давесці, што большасць малдаван, нягледзячы на іх палітычныя погляды, у цэлым за Еўрасаюз, рэферэндум паказаў, што акурат ніякага нават адноснага адзінства няма, грамадства расколатае напалову.
І гэта відавочна будзе ўплываць не толькі на ўнутраны палітычны працэс, але і на стаўленне замежных чыннікаў.
Вынікі рэферэндуму, з аднаго боку, дадаткова натхняць Расію на актывізацыю сваёй палітыкі на малдаўскім палітычным полі, а з другога — выб’юць некаторыя казыры з рук тых, хто лабіруе малдаўскія інтарэсы ў Еўропе.
Не сакрэт, што ў Еўрасаюзе таксама няма адзінства адносна мэтазгоднасці яго пашырэння, і тое, што прынамсі палова малдаван самі не гараць жаданнем еўраінтэгравацца, стане сур’ёзным аргументам для еўрапейскіх праціўнікаў гэтага працэсу.
Што да вынікаў выбараў прэзідэнта, то ў першым іх туры перамагла Санду, але святкаваць перамогу ёй пакуль вельмі рана. Так, у яе каля 42,4%, у галоўнага суперніка Аляксандра Стаяногла каля 26%.
Разрыў вялікі, дабіраць да 50% засталося нібыта не так і шмат. Але пытанне, за кошт чаго дабіраць.
Сярод тых іншых прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла, якія занялі наступныя месцы за Санду і Стаяногла, яўных палітычных саюзнікаў Санду няма. Рэната Усаты набраў каля 14%, Ірына Улах — каля 5,5%, Вікторыя Фуртунэ — каля 4,5%, Васіль Тарлеў — каля 3%, Іон Кіку — каля 2%. Гэта ўсё людзі, якія палітычна куды больш блізкія да прарасійскіх сацыялістаў, ад якіх балатуецца Стаяногла, чым да Санду. І падчас першага туру адбіралі галасы яны хутчэй ад яго, чым ад яе. І ў другім туры, калі прыйдуць на выбары, то найхутчэй будуць галасаваць за Стаяногла, асабліва калі палітычныя фаварыты іх да таго заклічуць.
Зрэшты, папуліст Рэната Усаты, у руках якога цяпер у значнай ступені будучыня краіны, не адзначаецца палітычнай прынцыповасцю і ў залежнасці ад бягучай кан'юнктуры можа займаць розную пазіцыю. На мінулых выбарах, дзе ў другі тур выйшлі з адрывам усяго ў 3,5% тая ж Мая Санду і тагачасны прарасійскі прэзідэнт Ігар Дадон, Усаты ў першым туры таксама быў трэцім, набраўшы 16,90%. І тады ён у другім туры падтрымаў Санду, па нейкіх сваіх разліках палічыўшы яе меншым злом у параўнанні з Дадонам. У той час як на выбарах 2016 года, дзе трэцяе месца пасля тых жа Дадона і Санду заняў з 6,03% Дзмітрый Чубашэнка, за плячыма якога стаяў Усаты, падтрымкі ўдастоіўся, наадварот, Дадон.
Але гэтым разам падчас выбарчай кампаніі Усаты агітаваў супраць Санду і ўжо казаў, што ў другім туры падтрымліваць яе не будзе. Ці стрымае слова — пакажа найбліжэйшы час. У кожным разе можна без асаблівай рызыкі памыліцца сцвярджаць, што вырашаць вынікі другога туру будуць у значнай ступені галасы ягонага электарату.
Ёсць таксама такая думка, што Санду ў другім туры можа дасягнуць патрэбнага выніку дзякуючы мабілізацыі свайго электарату, калі тыя, хто не прыйшоў на выбарчыя ўчасткі ў першым туры, зробяць гэта ў другім і падтрымаюць цяперашнюю прэзідэнтку, каб не дапусціць да ўлады прарасійскія сілы. Нешта такое адбылося на папярэдніх выбарах, калі ў першым іх туры яўка была 42,76%, а ў другім — 52,78%.
Аднак не факт, што гэтым разам зноў удасца ўвайсці ў тую ж раку, паколькі на цяперашніх выбарах мабілізацыі (магчыма, максімальна магчымай для Малдовы з яе спецыфікай) дзякуючы рэферэндуму ўдалося дасягнуць ужо ў першым туры — 51,64%. І магчыма, што акурат гэтага рэзерву для яе цяпер не існуе. Дарэчы, на выбарах 2016 года, на якіх Санду спаборнічала з Ігарам Дадонам і прайграла яму, яўка была падобная, прытым амаль аднолькавая для абодвух тураў — 50,95% і 53,45% адпаведна.
Выхад Малдовы з прарасійскай палітычнай арбіты, які ў апошнія гады здаваўся непазбежным хоць бы нават з-за самога геаграфічнага становішча краіны і нібыта дыскрэдытацыі прарасійскага вектара пасля развязвання Пуціным поўнамаштабнай вайны ва Украіне, ставіцца пад пытанне.
Відавочна, што арыентацыя на Усход, а не на Захад (ці прыхільнасць да ідэі «нейтралітэту», што на практыцы грае на карысць толькі Маскве), мае ў гэтай краіне вельмі шмат прыхільнікаў, і гэта не толькі жыхары маленькай Гагаузіі ці населенага збольшага балгарамі суседняга Тараклійскага раёна на поўдні, дзе падтрымка такіх ідэй увогуле татальная.
Застаецца актуальным і ранейшы рэгіянальны электаральны падзел на ў асноўным прарасійскую поўнач і ў асноўным праеўрапейскі цэнтр, а таксама поўдзень, які вагаецца (за выключэннем татальна прарасійскіх Гагаузіі і Тараклійскага раёна). Несумненна, што прарасійскія і антызаходнія сілы падтрымліваюць не толькі прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў, але шмат хто і з уласна малдаван. Тым больш што і ў тых раёнах, дзе праеўрапейскія сілы нібыта перамагаюць, іх перавага, як правіла, не татальная.
У Тараклійскім раёне за Санду гэтым разам прагаласавала ўсяго 4,4% выбаршчыкаў, а ў Гагаузіі — увогуле толькі 2,3% (падобныя лічбы і па рэферэндуме).
У Кішынёве ж, сталіцы Малдовы, у цэлым, як і заўсёды, перамагла Санду, але і там ёсць раён Батаніка, які галасаваў супраць еўраінтэграцыі (хоць Санду ўсё ж і там набрала там больш за Стаяногла). І нават немалдаўскае паходжанне канкурэнта цяперашняй прэзідэнткі (Стаяногла гагауз), для прарасійскіх выбарцаў калі і мае значэнне, то не асабліва вялікае.
У цэлым выглядае на тое, што нават калі Маі Санду ўдасца захаваць свае паўнамоцтвы на другі тэрмін, то яе перавага будзе, як і на рэферэндуме, зусім мінімальная. І гэта, як і хутчэй няўдалы рэферэндум, будзе мець уплыў на магчымасць эфектыўнага правядзення ёй сваёй палітыкі.
Праўда, у Малдове прэзідэнт не мае вырашальнага ўплыву на палітыку, гэта ўсё ж парламенцкая рэспубліка, а ў парламенце пасля выбараў 2021 года партыя Санду «Дзеянне і салідарнасць» пакуль што мае большасць. Але новыя выбары ўжо не за гарамі, і таму празаходнім сілам трэба ўжо цяпер брацца за працу над памылкамі. Думаючы ў тым ліку не толькі пра тое, як павялічыць ці ўтрымаць сваю ўласную папулярнасць, але і пра тое, як нейтралізаваць прамы ці ўскосны ўплыў на вынікі выбараў з боку Расіі. Апошні вырашае, вядома, не ўсё, але Крэмль укладае ў затрыманне Малдовы ў сваёй арбіце вялізныя сродкі і дзейнічае праз сетку сваіх агентаў уплыву.
І тое самае адносіцца і да Беларусі, у якую Масква ўкладае нашмат больш, чым у Малдову. Праўда, у ёй пакуль што магчымасці рэальна галасаваць няма зусім. Але так будзе не заўсёды.
Санду заявіла аб беспрэцэдэнтных фальсіфікацыях і паабяцала зрабіць высновы
Інтрыга захоўваецца на выбарах і рэферэндуме ў Малдове
Азаронак перастараўся, перажываючы за малдаван Расіі
У Малдове выбары і рэферэндум па курсе на Еўрасаюз. Расія пайшла ва-банк
Хто такія гагаузы і чаму выступаюць у падтрымку Расіі
Каментары