«Узялі бутэльку віна і цыгару». Як пайшоў у адстаўку экс-міністр замежных спраў Украіны
Былы міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба расказаў, як адрэагаваў на навіну пра сваё звальненне, і пракаментаваў прычыну такога рашэння. Пра гэта ён расказаў на ютуб-канале журналісткі Раміны Эсхакзай, паведамляе ТСН.
Па словах Кулебы, «усё было даволі штодзённа».
«Мы пайшлі са Святланай (жонка Кулебы) у спартзалу ўвечары, і як толькі я пачаў пераапранацца, да мяне пачуўся званок ад прэм'ер-міністра. Ён папрасіў мяне пад'ехаць, я ўсё зразумеў, сказаў Святлане — гэта яно, займайся, я хутка вярнуся», — кажа экс-кіраўнік МЗС.
Пасля гэтага ён паехаў да прэм'ера, а пасля да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
«І пасля ўжо была Святлана. Мы ўзялі бутэльку пеністага віна, цыгару, ліст паперы, ручкі — пайшлі на балкон. Мы закурылі, я выпіў і напісаў заяву на звальненне. Так, уласна, гэта ўсё і скончылася», — адзначыў Кулеба.
Таксама Кулеба выказаўся пра прычыны свайго звальнення з пасады.
«Я магу сказаць толькі тое, што ніякіх прэтэнзій да маёй працы ў працэсе майго звальнення не было агучана. Тое, што гэта не пытанне нейкіх праблем у знешняй палітыцы, я думаю, гэта відавочна, у прыватнасці для людзей, якія сочаць за гэтай тэмай», — дадаў Кулеба.
Вярхоўная Рада ўзгадніла звальненне Дзмітрыя Кулебы з пасады міністра замежных спраў Украіны 5 верасня. У той жа дзень на яго месца прызначылі новага міністра — Андрэя Сыбігу.
Каментары