Гісторыя88

Аказваецца, губернатары былі ў Беларусі яшчэ да прыходу Расіі: гомельскі гісторык падзяліўся цікавай знаходкай

Кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў у блогу «Мова Гомель» паразважаў, як лепш называць кіраўнікоў беларускіх абласцей — губернатарамі ці ваяводамі. І абверг распаўсюджаны міф дзякуючы знаходцы ў польскім архіве.

Фота: «Мова Гомель»

З набыццём Беларуссю незалежнасці ў нашым слоўніку з’явіўся шэраг новых слоў. Сярод такіх моўных новаўтварэнняў вуха неяк рэзала выкарыстанне назвы пасады вышэйшага кіраўніка вобласці «губернатар» замест сапраўднага афіцыйнага тэрміна «старшыня аблвыканкама».

Гэтае слова аддавала відавочнай калькай з расійскай тэрміналогіі яшчэ часоў імперыі Раманавых і іх губерній Заходнерускага краю. А што зробіш, любяць нашы людзі малпаваннем займацца!

Можна, канешне, зразумець, што выкарыстанне слова «ваявода» ў якасці назвы пасады вышэйшага кіраўніка вобласці было б хоць і больш адпаведным беларускай гістарычнай тэрміналогіі, але пачуць у навінах «Сёння Жыткавіцкі раён з рабочым візітам наведаў гомельскі ваявода…» сталася б ужо зусім пікам нацыянальнага рамантызму («гомельскі ваявода Аляксандр Якабсон» ці «ваявода Уладзімір Дворнік»).

Але якім было здзіўленне, калі ў дакументах, звязаных з Гомельскім староствам XVIII стагоддзя некалькі разоў трапіўся… gubernator homelski! Спачатку ўзніклі сумневы, ці правільна слова было расчытана ў вязях са старажытных каракуляў, але гэтыя сумневы хутка адпалі — прачытана правільна.

Пасля цяжка было зразумець, чаму ў інвентарах Гомельскага староства найвышэйшай асобай адміністрацыі пададзены губернатар, але ягонае імя не супадае з вядомым імем гомельскага старасты на той час.

Напрыклад, на першай старонцы люстрацыі Гомельскага староства 1765 года, якая захавалася ў Літоўскім нацыянальным гістарычным архіве, губернатарам староства названы Станіслаў Непакайчыцкі, прытым агульнавядомым фактам ёсць тое, што ўладальнікам гомельскага староства ў гэты час быў канцлер ВКЛ князь Міхал Фрэдэрык Чартарыйскі, пра што таксама было напісана на той жа старонцы.

Міхал Фрэдэрык Чартарыйскі. Крыніца: Wikimedia Commons

У дакументах 1736 года з Кіеўскай губернскай канцылярыі, якая ўваходзіла ў склад Маларосіі Расійскай імперыі, паведамлялася, што для вырашэння памежных спрэчак паміж сялянамі вёскі Старыя Юркавічы Гомельскага староства Рэчыцкага павета і вёскай Фаевічы, маёмасці бунчуковага таварыша Пятра Чарналуцкага ў Тапальскай сотні Маларасійскага Старадубскага палка, выязджаў губернатар гомельскага староства Фёдар Борн. І такіх прыкладаў вялікая колькасць.

Дзіўнай і незразумелай выглядала тая акалічнасць, што пасада «гомельскі губернатар» узгадваецца толькі ў дакументах перыяду старасты Міхала Фрэдэрыка Чартарыйскага (1730-1772 гады). І толькі праз доўгі час чытання старажытных дакументаў вымалявалася разуменне, што «гомельскі губернатар» XVIII стагоддзя — гэта фактычна намеснік гомельскага старасты, які рэальна кіруе староствам, у першую чаргу яго гаспадарчым жыццём.

У той час як уладальнік староства — падканцлер, а пазней і канцлер ВКЛ, князь Міхал Фрэдэрык Чартарыйскі, быў адным з самых уплывовых палітычных дзеячаў Рэчы Паспалітай таго часу і, відавочна, не мог адсочваць, каму з сялян і на колькі год даць слабаду, а ў каго яна ўжо скончылася і трэба ўводзіць поўную аплату чыншу. Гэтым, дарэчы, стараста Міхал Чартарыйскі адрозніваецца ад папярэдніх гомельскіх старастаў Фамы і Мікалая Красінскіх, якія з 1682 па 1730 гады валодалі Гомельскім староствам, непасрэдна тут жылі і асабіста ім кіравалі.

Такім чынам, «гомельскі губернатар» з пункту гледжання гістарычнай тэрміналогіі — абсалютна абгрунтаваны тэрмін, які мае карані ў часы значна ранейшыя за прыход сюды Расійскай імперыі.

Этымалогія слова «губернатар», нягледзячы на агульнапрынятае разуменне яго ад слова «губерня» (вышэйшая адзінка тэрытарыяльнага падзелу ў Расійскай імперыі), у рэальнасці паходзіць ад абсалютна іншага слова.

Лацінскае слова gubernator паходзіць ад сугучнага грэцкага слова, што азначае «стырнавы» — чалавек, які стаіць на карме карабля і кіруе яго рухам, па іншаму «рулявы». Адпаведна ў сістэме кіравання «губернатар» — гэта кіраўнік пэўнай вялікай адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі. Гісторыя губернатарства ў розных краінах — Францыі, ЗША, Расійскай імперыі паказвае, што яны, як правіла, кіравалі самымі вялікімі адміністратыўна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, большымі за якія была толькі ўласна сама дзяржава.

У гэтым кантэксце сучаснае выкарыстанне ў Беларусі тэрміну «губернатар» адносна назвы пасады найвышэйшага кіраўніка вобласці цалкам лагічнае і абгрунтаванае і, нягледзячы на грамадскія стэрэатыпы, мае значна больш глыбокае гістарычнае паходжанне, у тым ліку для Гомельшчыны, дзе свае губернатары былі яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай, хоць і з значна меншымі тэрытарыяльна-адміністратыўнымі паўнамоцтвамі, чым сучасныя.

Што да гіпатэтычнага на сёння выкарыстання тэрміна «ваявода», дык перш за ўсё для яго ўжывання павінны быць уласна самі «ваяводствы». Ваяводствы былі ў Беларусі ў перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай, адпаведна тады ж былі і ваяводы, якія ўзначальвалі мясцовую ўладу ў ваяводстве, кіравалі адміністратыўнымі, гаспадарчымі і вайсковымі справамі ў ваяводстве, яны прызначаліся пажыццёва вялікім князем і каралём з ліку буйных магнатаў.

Напрыклад, Гомель да прыходу Расійскай імперыі адносіўся да Гомельскага староства ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Сёння тэрмін «ваявода» адносна Беларусі не актуальны.

Каментары8

  • Меркаванне
    23.10.2024
    "Бацька" і "ацец нацыі" таксама сваё, беларускае
  • Парада
    23.10.2024
    Малікаў, чытай гістарыяграфію, а не выдумляй танныя сенсацыі
  • Нарада
    23.10.2024
    Парада, a у чым тэкст не дагадзiу гiстарыяграфii?

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →