Здароўе55

Якія абследаванні трэба праходзіць жанчыне пасля 40 гадоў

Арганізм жанчыны амаль з самага пачатку рыхтуецца да вялікага бою. Мэта ў тым, каб аднойчы ён змог літаральна стварыць новага чалавека. Але калі рэпрадуктыўны ўзрост заканчваецца, цела бярэ курс на старэнне. Гэта час, калі дзень пры дні жанчына пераходзіць ад маладосці да сярэдняга веку. 

Woman on the lake
Фота: Арцём Кавалёў / Unsplash

Жыццё жанчыны вызначае біялагічны гадзіннік, расказала Onet.pl доктар медыцыны Ева Пасадская. У раннім юнацтве пачынаецца працэс палавога паспявання, які завяршаецца першай менструацыяй. З гэтага моманту, прынамсі, у біялагічным сэнсе, жанчына ўжо можа быць маці. Яе цела моцнае і можа перажыць усё: познія ночы перад іспытамі, вечарынкі, паяданне фаст-фуду. Калі адбываецца зачацце, арганізм выходзіць на новыя вышыні — забяспечвае нашчадкам ідэальнае асяроддзе для развіцця. Наступны этап — роды, якія ёсць узрушэннем для арганізма, спалучаным з вялікімі намаганнямі і болем.

Жанчына здольная хутка аднавіцца пасля родаў і ўстаць у той жа дзень (калі яна нарадзіла натуральным шляхам), каб паклапаціцца пра дзіця. Праз шэсць тыдняў яна звычайна зноў можа зацяжарыць. Больш за тое, за жыццё жанчына можа нарадзіць шмат разоў. Але калі даходзіць да 40 гадоў, то цела кажа: збаў хуткасць. Больш няма эвалюцыйных бітваў. Зараз можна проста жыць — працаваць, клапаціцца пра дзяцей, якія растуць, спакойна думаць пра спакой на пенсіі. На гэтым этапе заўважныя першыя істотныя змены. Цела больш не даруе ўтрапёнасці. Скура больш не хавае наступстваў курэння ці няправільнага ўвільгатнення. Метабалізм запавольваецца, так што кожнае дадатковае печыва павялічвае акружнасць таліі.

Жанчыны ў сорак — новыя і зусім іншыя. Больш сталыя і мудрыя. Таксама яны пачынаюць больш сур'ёзна адчуваць наступствы пражытых гадоў. Могуць з'явіцца недамаганні і хваробы. 

Калі вы жанчына, вам за 40 і вы дагэтуль не рабілі рэгулярных прафілактычных аглядаў, час гэта змяніць. Гэта той момант, калі вы павінны надаць першачарговую ўвагу клопату пра сябе, а не пра іншых.

Жанчыне спаўняецца 40 — апошнія званкі і вялікія перамены

У гэтым веку жанчына тэарэтычна яшчэ можа стаць маці, але зачаць дзіця складаней. Цела больш не прыстасаванае да мацярынства. Узровень гармонаў падае, а значыць, над жанчынай больш не раскрыты ахоўны парасон. 

Зніжэнне нараджальнасці ў жанчын пасля 40 звязана з натуральным зніжэннем колькасці і якасці яйцаклетак. 

У сваю чаргу жанчыны, якія больш не плануюць дзяцей, павінны памятаць, што цяжарнасць яшчэ не выключаная, і таму варта помніць пра кантрацэпцыю. Даследаванні паказваюць, што выкарыстанне гарманальных супрацьзачаткавых прэпаратаў зніжае рызыку развіцця раку тоўстай кішкі, раку эндаметрыю і яечнікаў. Крыху, на 0,2 %, павышаецца рызыка раку малочнай залозы. Гэта два выпадкі з тысячы, што вельмі мала.

Першыя гарманальныя змены, з якімі даводзіцца сутыкацца жанчынам, — гэта парушэнні ці адсутнасць авуляцыі і паступовае зніжэнне ўзроўню эстрадыёлу. Наступствы гэтага адбіваюцца на здароўі.

Эстрадыёл — жаночы гармон, які разам з прагестэронам адказвае за менструацыю. Але не толькі. Ён забяспечвае своеасаблівую абарону ад сардэчна-сасудзістых захворванняў і астэапарозу. Яго ўзровень пачынае падаць пасля 35 гадоў, але больш дынамічным гэты працэс робіцца пасля 40. А гэта значыць, што могуць узнікнуць парушэнні менструальнага цыклу, а таксама праблемы са зніжэннем шчыльнасці костак. Пераломы цяпер атрымаць лягчэй, чым раней.

Пасля 40 добра ўвесці адпаведныя прэвентыўныя меры. Можна паклапаціцца пра дыету, дабаўкі і фізічныя практыкаванні. Улічваючы, што ўзрастае рызыка сардэчна-сасудзістых захворванняў і астэапарозу, трэба павялічыць фізічныя нагрузкі. Размова не пра марафоны, а пра ўмераныя нагрузкі 3—4 разы на тыдзень. А яшчэ лепш — 30 хвілін на дзень. Падыдзе ёга, пілатэс, расцяжка, якія таксама добра ўплываюць на мочапалавую дыяфрагму. Гэта набывае асаблівае значэнне, бо пасля 40 гадоў у жанчын могуць узнікнуць праблемы з нетрыманнем мачы.

— Стрэсавае нетрыманне мачы звязана са зніжэннем узроўню эстрадыёлу, а таксама з тым, што магло адбыцца раней, — з траўматычнымі натуральнымі родамі і адсутнасцю пасляродавай рэабілітацыі, — кажа доктар медыцыны, гінеколаг Ева Пасадская. — З гэтым пытаннем я рэкамендую звярнуцца да фізіятэрапеўта, які навучыць пацыента практыкаванням. І тут вельмі важна: з інтэрнэту гэтаму не навучыцца! Гэта вельмі тонкія практыкаванні, якія трэба выконваць спачатку пад наглядам спецыяліста. Толькі тады вы зможаце правільна рабіць іх самастойна ў хатніх умовах.

Пачатак пятага дзесяцігоддзя жыцця — гэта таксама час, калі можа развіцца дыябет II тыпу.

— Мы павінны памятаць, што з узростам наш метабалізм запавольваецца. Гэта значыць, што маса цела будзе павялічвацца. Будзе расці вісцэральная тлушчавая тканка — тая, што ўплывае на больш высокую рызыку развіцця цукровага дыябету. І гэта асабліва датычыць поўных жанчын. Таму жанчынам 40+ таксама рэкамендую абследавацца на цукровы дыябет, — раіць гінеколаг.

Рызыка раку з узростам павялічваецца. Самая вялікая пагроза — рак малочнай залозы. Небяспечны і рак шыйкі маткі. І тут галоўнае — прафілактыка. Рэгулярныя агляды дазваляюць выявіць змены на ранняй стадыі, дзякуючы чаму магчыма больш эфектыўнае лячэнне.

Пасля 50-ці. У гарманальным спакоі

Хаця жанчыны звычайна працуюць да 60 гадоў, пасля пяцідзесяці іх арганізм адмаўляецца ад часткі сваіх абавязкаў. Авуляцыя спыняецца, месячных няма, а ўзровень гармонаў падае да нуля. Жаночае цела ідзе на пенсію. Гэты момант часта вызначаецца генетычна, таму яго лягчэй за ўсё прадказаць, спытаўшы пра гэта сваю маці.

Калі месячных няма паўгода, а потым яны зноў з'яўляюцца, гаворка ідзе аб перадменапаўзе, г. зн. фазе перад менапаўзай. Гэты перыяд можа доўжыцца ад паўгода да двух гадоў.

Рак эндаметрыя

Калі прайшло 12 месяцаў без менструацыі і вядома, што пацыентка не зацяжарыла, — значыць, надышла менапаўза. І тут важная інфармацыя: любыя выдзяленні ці крывацёкі з палавых шляхоў на гэтым этапе — трывожны сігнал. Калі ён ёсць, трэба наведаць гінеколага. Плямы могуць быць адным з сімптомаў раку эндаметрыя. Гэта рак, які здараецца ў жанчын пасля 40 гадоў, але часцей за ўсё — пасля 50-ці. Таму яго прафілактыка ў гэты час асабліва важная.

— Не трэба цягнуць з візітам да таго часу, калі з’явяцца крывяністыя выдзяленні, — кажа Ева Пасадская. — Пасля 50-ці прафілактычна варта правяраць стан маткі з дапамогай УГД. Такім чынам вызначаецца, ці не пачынае слізістая ўнутры маткі разрастацца звыш нормы, бо менавіта так можа ўпершыню праявіць сябе рак эндаметрыя. Ён не паказвае ніякіх іншых сімптомаў, акрамя тых, якія можа ўбачыць толькі ультрагукавы сканер.

Рак малочнай залозы

Жанчыны, старэйшыя за 50 гадоў, таксама маюць рызыку займець рак малочнай залозы. Структура грудзей пасля 50-ці мяняецца. Цяпер яны ў асноўным тлушчавыя, тады як раней іх будавала гармоназалежная тканка. Таму трэба час ад часу рабіць мамаграфію і абследаванне ў лекара.

Рак яечнікаў

Рызыка раку яечнікаў таксама павялічваецца, прычым развіваецца ён вельмі хутка, нават на працягу двух-трох месяцаў, і не мае спецыфічных сімптомаў.

— Мы робім УГД для выяўлення магчымых паталагічных змен у яечніках, але самае галоўнае — гэта саманазіранне за арганізмам. Ці ёсць якія-небудзь змены, напрыклад, павелічэнне памеру жывата? Акрамя таго, заўсёды трэба памятаць аб прафілактыцы раку тоўстай кішкі і цукровага дыябету. Пасля 50-ці трэба зрабіць калонаскапію. Гінеколагі таксама павінны распытаць пацыентак аб праблемах з дэфекацыяй або крывацёках з ніжніх аддзелаў страўнікава-кішачнага тракту.

Дэфіцыт кальцыю ў арганізме

Гармоны абараняюць жанчын ад сардэчных захворванняў. Аднак пасля 40 гадоў гэтая абарона пачынае слабець, а пасля 50-ці сыходзіць на нішто. Касцявая сістэма становіцца яшчэ больш аслабленай. Астэапароз пажылых узнікае пасля менапаўзы. З прафілактычнай мэтай у гэты час рэкамендуецца прыём вітаміну D, а таксама кальцыю. Плюс фізічныя нагрузкі. Фактары рызыкі — курэнне, а таксама хударлявы целасклад.

Недахоп у арганізме эстрадыёлу

Пасля 50-ці абвастраецца праблема нетрымання мачы. Галоўны вінаваты — недахоп у арганізме эстрадыёлу. Вынікам гарманальнага дэфіцыту становіцца зніжэнне тонусу цягліц, іх масы, і, у рэшце рэшт, — апусканне рэпрадуктыўнага органа.

«Вядома, я раю фізічныя практыкаванні, але вы таксама можаце разгледзець гарманальную тэрапію падчас менапаўзы. Мы можам весці яе да 10 гадоў пасля менапаўзы, калі няма супрацьпаказанняў. Калі вас час ад часу кідае ў жар, у вас патлівасць ці бессань, варта падумаць пра такое рашэнне».

Пасля 60-ці. Будзьце ўважлівыя да сябе

Прафілактыка можа запаволіць працэс старэння, але цалкам спыніць яго нельга. Цела жанчыны ўжо стамілася. Як ніколі, яно мае патрэбу ў далікатным абыходжанні і клопаце.

Шэсць дзясяткаў гадоў жыцця — гэта вялікія намаганні для жаночага арганізма. Адсутнасць гарманальнай падтрымкі пасля менапаўзы суправаджаецца натуральным, фізіялагічным працэсам старэння арганізма ў цэлым.

— Пасля 60 гадоў мы маем працяг працэсаў і змен, што з'явіліся ў папярэдняе дзесяцігоддзе. Пры астэапарозе павышаецца рызыка пераломаў і падзенняў. Варта зменшыць тэмп, асцярожней рухацца. Да таго ж ідуць усе працэсы, звязаныя са старэннем зроку, слыху і, уласна, кожнага органа ў арганізме жанчыны, — тлумачыць гінеколаг.

Яна кажа, што лекары па-ранейшаму раяць наведваць гінеколага, рабіць цыталогію, гінекалагічнае УГД, а таксама мамаграфію або УГД малочных залоз, калі іх структура патрабуе гэтага абследавання. Таксама трэба падтрымліваць прафілактыку дыябету і сачыць за масай цела. Хоць гэта фізіялагічна складана, трэба імкнуцца не дапускаць, каб колькасць тлушчу ў арганізме перавышала дапушчальныя нормы — асабліва ў вісцэральнай тканцы, бо яна адказвае за павышаную рызыку дыябету і сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Век жанчыны, старэйшай за 60 гадоў, выдае не толькі колькасць маршчын на твары ці зніжэнне пругкасці скуры. Змяняецца і структура падскурных тканак.

— Друзласць тканак, якую мы бачым на твары, таксама адносіцца да іншых тканак, цягліц і злучэнняў таза. Не забываем і пра мочапалавую дыяфрагму, але трэба ўсведамляць, што на гэтым этапе ўжо вельмі складана рабіць прафілактыку нетрымання мачы. Рашэннем можа быць мясцовая тэрапія эстрагенамі. Гэта вельмі добрыя прэпараты, якія пры правільным ужыванні могуць дапамагчы. Аднак абавязковыя ўмовы — не павінна быць супрацьпаказанняў да тэрапіі эстрагенамі і з моманту менапаўзы мусіць прайсці не больш за 10 гадоў.

Чытайце яшчэ:

Клімакс: што лепш ведаць пра яго ўжо сёння, колькі б год вам ні было

Змена звычак запавольвае старэнне

Памятка: якіх дактароў і як рэгулярна трэба праходзіць, каб трымаць здароўе пад кантролем

Беларускі брэнд захацеў аблегчыць мужчынам падбор бялізны ў падарунак жонкам. Але пайшло не туды

Каментары5

  • мамонт
    28.03.2023
    Аўтарытэтная медыцына,знаете что...
    подозреваю, что знаете 
  • Аўтарытэтная медыцына
    28.03.2023
    мамонт, выпі касторкі, падозрэньні й зьнікнуць !
  • момант
    28.03.2023
    Аўтарытэтная медыцына, колькі літраў? 

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў9

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі запускаюць рэаліці-шоу для блогераў, галоўны госць — Вольга Бузава8

Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд1

У Гарадку за экстрэмізм асудзілі музыку, якога не аднойчы прызнавалі найлепшым работнікам культуры Прыдзвіння

Цемнаскуры акцёр Паапа Эсіеду можа сыграць Северуса Снэйпа ў новым «Гары Потэры»1

Пенсіянера з Астравецкага раёна аштрафавалі на 2000 рублёў. Магчыма, за колер альтанкі ў двары

Spotify апублікаваў штогадовы рэйтынг самых папулярных артыстаў года4

У Румыніі будуць судзіць замежніка, які планаваў дыверсіі па ўказанні Расіі

«ЗША павінны адмовіцца ад змены рэжыму ў Беларусі». Амерыканскі эксперт — пра «мягкую перазагрузку» адносін з Беларуссю45

Жыхару Наваполацка выставілі абвінавачванне ў тэрактах на БАМе1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў9

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў

Галоўнае
Усе навіны →