Гісторыя55

Гісторыя чатырох жанчын, якія перажылі ГУЛАГ і паўстанне ў лагеры

У Кенгірскі лагер, што знаходзіўся ў цэнтральнай частцы Казахстана, маладыя Надзея Дземідовіч, Ірына Шэйбак, Вера Касмовіч і Яўгенія Шостак трапілі ў 1949-м. Адна з іх у той час чакала дзіця, іншая спадзявалася вось-вось выйсці замуж, пакуль не даведалася, што жаніх — засланы чэкіст. Іх асудзілі да 25 гадоў лагераў. Але выйшлі яны ў выніку нашмат раней за гэты тэрмін. І надоўга перажылі тых, хто іх да лагераў асудзіў.

Сяброўкі ў лагеры. Фота: represii.net

«Засоўвалі іголкі пад пазногці» 

З сям’і Надзеі Дземідовіч мала хто пазбег рэпрэсій. У 1945 годзе быў арыштаваны бацька і адпраўлены ў мардоўскія лагеры, але ён неўзабаве вярнуўся дадому і памёр у канцы 1940-х. Маці Надзеі была кінута ў слонімскі СІЗА, а брат Фёдар атрымаў восем гадоў па абвінавачанні ў сувязях з антысавецкімі партызанамі і адбываў тэрмін у томскім лагеры. 

Сама Надзея Дземідовіч нарадзілася ў 1927 годзе ў вёсцы Мажэйкава Слонімскага павета. Скончыла чатыры класы польскай школы (на той час гэтыя заходнебеларускія землі былі ў складзе Польшчы), з 1939-га па 1941-ы была найлепшай вучаніцай беларускамоўнай савецкай слонімскай школы. 

Падчас вучобы дзяўчына пазнаёмілася з будучымі ўдзельнікамі Саюза беларускай моладзі — арганізацыі, якая спрабавала згуртаваць моладзь падчас нямецкай акупацыі.

СБМ стварылі калабарацыяністы, але многія спадзяваліся, што гэта будзе прыкрыццё для беларускай патрыятычнай дзейнасці ў складаных умовах вайны.

«Пра стварэнне СБМ нам расказвалі, вядома, настаўнікі, — згадвала Дземідовіч. — Вучні ўспрынялі гэтую арганізацыю надзвычай добра — як сваю. Гэта былі не харцары, як пры Польшчы (імі маглі быць толькі каталікі), і не піянеры-інтэрнацыяналісты. Калі пасля канікулаў 1943-га я вярнулася на вучобу, гарадскія вучні ўжо былі падрыхтаваны да ўступлення ў Саюз беларускай моладзі. Далучылася і я.

У нас у класе з 28 вучняў была толькі адна полька, вось толькі яна і не ўступіла».

Даследчыца беларускіх вязняў ГУЛАГа Валерыя Чарнаморцава згадвае цікавую гісторыю, звязаную з Днём Волі, якую ёй расказала Надзея Дземідовіч. 

«Яе бацька працаваў у ЗША і адтуль прывёз не грошы, а кнігі. Расказваў ёй, што ў нас ёсць сваё свята — 25 Сакавіка. Яна гэта запомніла. І калі ў 1939-м прыйшлі Саветы, у школе Надзея разам з іншай дзяўчынкай запыталася ў настаўніцы, як будзем святкаваць 25 Сакавіка. Настаўніца не выдала іх, але стала перавучваць на савецкі лад», — расказвае Валерыя. 

У снежні 1944 года НКВД пачало арышты сяброў Саюза беларускай моладзі.

«Яна расказвала, што калі яе прыйшлі арыштоўваць (самой яе ў хаце не было), сталі рабіць ператрус. Знайшлі пахвальную грамату з выявай Гітлера, сталі лаяцца, а маці яе кажа: «Глядзіце, там далей і з вашым, маецца на ўвазе Сталіным, такая ж пахвальная грамата», — расказвае Валерыя Чарнаморцава. 

У 1948-м Дземідовіч вымушана з’ехала з Беларусі ў Петрапаўлаўск, што ў Казахстане. Гэта ёй атрымалася зрабіць па дакументах малодшай сястры.

На працягу года Надзея працавала на мясцовай чыгунцы і ў пякарні. Жыла ў свайго дзядзькі, але той яе хутка выгнаў: баяўся, што з-за сваячкі пачнуць пераследаваць і яго. 

Надзея цудам уладкавалася, яе ўзяла да сябе жыць беларуска, якая ведала яе маці.

25 верасня 1949-га НКВД арыштаваў Надзею Дземідовіч непасрэдна на працы. 

«Да яе ў Казахстане пачаў заляцацца чалавек, які ледзь не зрабіў прапанову. Яе арыштавалі, і высветлілася, што гэты хлопец быў супрацоўнікам КДБ. Яна ўбачыла яго непасрэдна на допыце. Шчымлівая гісторыя. Я пыталася ў яе, ці прабачыла яна яму. Адказала, што так.

Пасля ў засценках яе катавалі электрычным токам, засоўвалі іголкі пад пазногці, каб яна выдала тых, у каго хавалася, але яна нікога не выдала. Нават ёй нейкі ахоўнік сказаў, што іх справа катаваць, а яе справа трымацца. І яна вытрымала ўсё», — расказвае Валерыя Чарнаморцава. 

Сама Надзея пра свой арышт успамінала так: 

«Падыходжу да нейкага вялікага ружовага будынка. І да таго ж розуму не было, што не пагля­дзела, што кругом краты і вышкі стаяць. Зайшлі ўнутр. Бачу калідор вялікі і пакой з чорнымі дзвярыма. Заводзяць у гэтыя дзверы. Гляджу — за сталом сядзіць мой кавалер Саша, хлопец, які са мной пазнаёміўся ў парку і ўсё запрашаў танцаваць. І гэтакі, здаецца, добры быў, разумны… Нават дахаты запрашаў. Хацеў ажаніцца…

І вось я стаю ля дзвярэй, а ён сядзіць за сталом. А потым кажа: «Проходите. Садитесь». Я села і кажу: «Саша, а чаму ты тут?» А ён: «Я уже не Саша. А вас знаю не как Демидович Лидию Романовну, а как Надежду Романовну», — расказвала ў адным з інтэрв’ю Дземідовіч.

Суд прыгаварыў Дземідовіч да 25 гадоў канцлагераў і 5 гадоў пазбаўлення волі. Судзілі яе па распаўсюджаным на той час 58-м артыкуле «Контррэвалюцыйная дзейнасць». 

Ірына Волкава з лагернымі сяброўкамі па няшчасці. Фота зроблена ў Тайшэце ўжо пасля смерці Сталіна, калі рэжым у лагерах памякчэў. Фота: represii.net

Чатыры месяцы дзяўчына правяла ў адзіночнай камеры ў Чалябінскай турме, пакуль яе не перавялі ў Кенгірскі лагер. 

«Калі везлі ў ГУЛАГ, плакала. Маму да мяне пасля суду не пусцілі. Яна толькі паспела сказаць: «Не плач, Надзечка, век так не будзе». Я памятала маміны словы і ведала, што нікому не здрадзіла», — успамінала яна. 

«Залазім у варанок, а начальнік кажа: не плачце, гэта доўга не працягнецца»

Беларуска Ірына Шэйбак (Волкава) нарадзілася ў 1926-м у вёсцы Казлы пад Маладзечнам. Жыла яна ў Пінску, працавала рахункаводам-касірам у арцелі імя Крупскай.

«Дзядзька — служачы звычайны, у яго быў свой дом вялікі. Калі вызвалілі ў 1939-м, то палову дома аддалі пад рэдакцыю газеты. А ў палавіне, дзе нам дазволілі жыць, — яшчэ сям’ю энкавэдзіста пасялілі, — успамінала Ірына Шэйбак. — У хуткім часе дзядзьку арыштавалі, мы з цёткай хадзілі ў Лунінец пад турму, насілі перадачу. На спатканне хадзілі, але гэта было вельмі ўсё кароткае. Спатканняў ніякіх не было, толькі адзін раз, калі сабраліся такія жанчыны, як цётка, там каля турмы, то вязні адзін аднаго падсаджвалі на краты і можна было хвілёва ўбачыць. Калі пабачылі мы дзядзьку, то ён быў да сябе не падобны.

Дзядзька Станкевіч Міхаіл Ільіч з жонкай Ганнай Данілаўнай. Высланыя ў 1939 годзе. Фота з сямейнага архіва Ірыны Шэйбак

Пазней прыйшлі вывозіць і цётку ў Сібір. Яна разгубленая была, не ведала, што хапаць. Але добрым чалавекам аказалася жонка гэтага энкавэдзіста. Яна зайшла, паглядзела вокам знаўцы, кажа: «Ганна Данілаўна, усё гэта вам не трэба». Шубы клала, адзёжу, палезла ў склеп, дастала харчы, спакавала. Кажа: «А ты, Ірачка, не плач, я дам тэлеграму тваёй маме». Мама прыехала на вакзал у Лунінец, а я ўжо з цёткай у цялятніку, у вагоне сядзела, на саломе. Тады адпусцілі, і мама мяне забрала назад дамоў у вёску. А жонку энкавэдзіста я з удзячнасцю ўсё жыццё згадваю», — казала Шэйбак.

Бацька Ірыны — Канстанцін Волкаў — быў рэпрэсаваны ў 1947-м. Яго абвінавацілі ў «здрадзе радзіме» і прысудзілі 10 гадоў лагераў, «за недастатачнасцю ўлік». «З нашай мясцовасці на яго ніхто не хацеў даносы пісаць», — успамінала Шэйбак.

Бацька Канстанцін Волкаў, арыштаваны ў 1948 годзе, вызвалены ў 1957-м. Фота з сямейнага архіву Ірыны Шэйбак

Тое ж абвінавачанне ў «здрадзе радзіме» выставілі і самой Ірыне. 

Дзяўчыну арыштавалі 30 сакавіка 1949-га. 

Беларусцы прысудзілі 25 гадоў лагераў і 5 гадоў пазбаўлення волі (іх пасля замянілі на 8 гадоў лагераў).

Ірына Шэйбак (Волкава). Фота: represii.net

«Сказаць, што ўсе наглядчыкі былі дрэнныя, я не скажу. Былі людскія. У той страшны час яны не баяліся, па-людску з намі абыходзіліся. Напрыклад, калі вядуць у лазню мыцца, даюць маленькае вядро з вадой. Наглядчык паглядзіць па калідоры, скажа, мыйцеся, бярыце вады столькі, колькі трэба. Адзін дзяжурыць ноччу — будзе ісці і ключом грукаць па дзвярах, вымотвае нервы. Другі — ні разу так не зробіць. На цяперашні погляд здаецца, што дробязі, а тады гэта не дробязі былі, а жыццё. 

Калі нас везлі, стаяў варанок, побач паставілі табурэтку, каб нам было лепей залазіць. На дарогу далі салёную рыбу і больш хлеба. Залазім у варанок, а начальнік кажа: не плачце, гэта доўга не працягнецца, вернецеся дамоў», — успамінала яна.

 

Жанчына не трымае зла і на следчага. Яна сутыкалася з ім пасля вяртання з лагера: ён спіўся.

«Мяне не білі. У мяне быў следчы, ён сам малаграматны, мусіць, п’яніца, называўся Васілій Жураўлёў. Вечарам выклікаюць, садзяць мяне на зэдлік. Да грубкі не можна прыхіліцца і да сцяны. Трэба было толькі так сядзець. Ён адкрывае шуфляду, сядзіць і дрэме. І я сяджу.

Як толькі крокі чуюцца, ён пачынае допыт: «Я тебя сотый раз спрашиваю!..» Я «да» адказваю на ўсе пытанні. З усім была згодная. Бо калі мяне арыштавалі, то мама сказала: «Ірачка, захавай толькі жыццё, гэта ж не вечна». І так гэтыя мае допыты цягнуліся тры месяцы. Што ён пісаў — аднаму чорту вядома. А я ўсё падпісвала, з усім пагаджалася, нічога не пярэчыла.

Усё роўна тэрмін 25 гадоў. Большасць паляшучак, якія са мной былі, усе атрымалі 25 гадоў…

А следчага добрага свайго памятаю, ён спіўся, бедны, я яму два разы па 1000 рублёў давала. Тут ужо, у Пінску, калі вярнулася».

Больш успамінаў Ірыны Шэйбак можна прачытаць у архіўным артыкуле «Нашай Нівы».

«Нарадзіла дачку ў амерыканцы»

Вера Касмовіч збіралася стаць настаўніцай.

Нарадзілася яна ў 1928-м у Гарадзеі. У час нямецкай акупацыі ўдзельнічала ў Саюзе беларускай моладзі, вучылася ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. 

У 1947-м пабралася шлюбам з настаўнікам Яўгенам Касмовічам. Разам з мужам удзельнічала ў падпольным Саюзе змагання за незалежнасць Беларусі. 

У студзені 1949-га мужа Касмовіч арыштавалі за прыналежнасць да падпольнай арганізацыі, праз некалькі дзён за кратамі апынулася і сама Вера. На той момант яна была цяжарнай. У мінскай турме ў беларускі нарадзілася дачка Люся. 

Пра суд над ёй Вера Касмовіч успамінала так: 

«Я вельмі моцна чакала суду пасля допытаў. Не таму, каб мяне судзілі скарэй, мне вельмі моцна хацелася сустрэцца з усімі, асабліва з мужам. Каб муж пабачыў дачушку, з якой на руках мяне судзілі, — ёй было 18 дзён ад нараджэння; каб ён убачыў, што я не скарылася, што мужна перанесла ўсе допыты ў стане цяжарнасці.

Група падчас суду вяла сябе з поўным гонарам, і пасля суда ўсе сцены «амерыканкі» грымелі ад перастуку і паведамленняў, што судзілі такіх патрыётаў.

Мяне, на жаль, судзілі адну. Я сядзела ў гэтай клетцы з дачуркай на руках і вачэй не адводзіла ад дзвярэй, думала вось-вось прывядуць астатніх, тых, каго я так прагну бачыць. Але замест іх увайшлі суддзі з вайсковага трыбунала. Сказалі мне: «Устаць. Суд ідзе». Я ўстала.

Я не чула выраку, які яны мне чыталі, я нічога не чула, ледзьве не выпусціла дачурку з рук — чаму мяне судзяць адну? І калі мне далі апошняе слова, я нічога не сказала, толькі спытала: «Чаму мяне судзяць адну?» Мне на гэта ніхто нічога не адказаў, а сказалі «Устаць!», тут жа штыкі наставілі і павялі мяне ў «чорны воран».

Касмовіч абвінавацілі ў «сувязі з антысавецкай арганізацыяй», прысудзілі 10 гадоў лагераў і 5 гадоў пазбаўлення волі. 

«Касмовіч таксама пакідала ўспаміны, але яны не былі выдадзеныя, — расказвае Валерыя Чарнаморцава. — Наколькі я разумею, дачка яе, якая нарадзілася ў «амерыканцы», яшчэ жывая. Яе малую забралі тады сваякі. Але ў мяне, на жаль, сувязь з ёю страчаная». 

Пра Яўгенію Шостак вядома менш. Яе муж Яўген Усюкевіч, з якім яны пазнаёміліся на настаўніцкіх курсах, вязень ГУЛАГа.

«Сядзела ў амерыканцы КДБ, пра яе згадвала Ларыса Геніюш у сваіх успамінах, яны сустрэліся там. Яе забралі з апошняга курса медыцынскага ўніверсітэта, таксама пісала вершы. Яе муж расказваў, што яна ўсе іх спаліла», — кажа Валерыя Чарнаморцава. 

Яўгенія Шостак удзельнічала ў Другім Усебеларускім кангрэсе (з'ездзе прадстаўнікоў калабаранцкіх арганізацый і іншых асоб, лаяльных да нямецкіх акупацыйных уладаў), праз што атрымала 25 гадоў лагераў.

Кенгірскае паўстанне. «Маладая пара ў абдымках кінулася пад танк»

Жанчыны трапілі ў Кенгірскі лагер. Ён быў трэцім аддзяленнем Стэпавага лагера, размешчанага ў самым цэнтры Казахскай ССР. Каля пасёлка Джэзказган утрымлівалася прыблізна 5500 зняволеных, прыкладна 3000 з іх былі жанчынамі.

«Вялізную тэрыторыю лагера агароджвалі магутныя каменныя сцены вышынёй каля чатырох метраў. Над імі некалькі радоў калючага дроту і вышкі, з якіх бесперапынна вялі назіранне аўтаматчыкі. Такія ж высокія сцены падзялялі лагер на чатыры няроўныя зоны. У кожнай жылой зоне — баракі, заглыбленыя прыкладна на метр у зямлю, з невялікімі закратаванымі акенцамі пад самым дахам. Падлогі земляныя. На ноч баракі зачынялі на замок. Жылі ў іх пабрыгадна. Па галоўнай восі зоны размяшчаліся сталовая, лазня, лазарэт, кантора з бухгалтэрыяй», — апісваў лагер адзін з былых зняволеных. 

Кенгір меў рэпутацыю аднаго з самых страшных месцаў ГУЛАГа. Усё праз медныя шахты, на якіх працавала частка зняволеных. За тры-пяць месяцаў яны зараблялі сілікоз і іншыя захворванні дыхальных шляхоў.

«У іх у лагеры быў гурток «Беларускае зямляцтва». Яны збіраліся за баракам для інвалідаў (там утрымліваліся людзі, якія не маглі працаваць, Надзея Раманаўна казала пра іх, «гэткія бабы старыя, такія, як я цяпер») і спявалі песні на беларускай мове, але на савецкія мелодыі. Таксама спявалі «Зорачкі» Сяргея Новіка-Пеюна.

Яны перажывалі гэтыя часы разам. І нават калі выйшлі з ГУЛАГа, падтрымлівалі стасункі. Яны ўсе так ці інакш захавалі нацыянальную свядомасць», — кажа Валерыя Чарнаморцава.

Ірына Шэйбак, Вера Касмовіч, Яўгенія Шостак, Надзея Дземідовіч былі сведкамі і ўдзельніцамі Кенгірскага паўстання ў лагеры.

«Надзеі Раманаўне падчас паўстання параніла нагу», — кажа Валерыя Чарнаморцава. 

Паўстанне цягнулася 40 дзён — з 16 мая па 26 чэрвеня 1954-га. 

У Кенгіры паўстанцы ўзялі лагер пад свой кантроль і патрабавалі ад адміністрацыі захавання іх правоў і пакарання вінаватых у незаконных расстрэлах. 

Адзін з лозунгаў паўстання. Фота: «Новая газета»

Пачаткам паўстання прынята лічыць ноч, калі мужчыны разбурылі плот і прарваліся ў жаночую зону. 

«Ёсць пэўныя сведчанні, што крымінальнікі гвалцілі жанчын, але ніхто з гэтых беларусак пра гэта мне не расказваў», — кажа Валерыя Чарнаморцава. 

26 чэрвеня паўстанне было жорстка задушана. 

«Калі яны зразумелі, што мы не здадзімся, дык рашыліся на масавае забойства. Усё пачалося раніцай. Першыя [вязні] былі забітыя з самалёта. Потым на тэрыторыю лагера ўвайшлі танкі. Яны стралялі ва ўпор, ціснулі грузавікамі бяззбройных людзей. Пачалося пекла, аб якім немагчыма казаць. Маладая латышская пара (з тых, каго абвянчаў святар), думаючы, хутчэй за ўсё, што смерць немінучая, у абдымках кінулася пад танк. Памерлі разам. Пасля нас труцілі атрутнымі газамі. Нарэшце ўсё скончылі п'яныя кулямётчыкі. Камандзіры лагера расстралялі параненых і дабілі іх ламамі. Паўстанне было задушана. Тады загінулі семсот чалавек. У справаздачы яны напісалі, што была эпідэмія нейкай хваробы», — успамінала Надзея Дземідовіч. 

На волі беларускі апынуліся пасля смерці Сталіна

«У Кенгіры прапаноўвалі выпусціць тых, хто здзейсніў злачынства непаўналетнімі. Але вязні не пагадзіліся, казалі, што тады ўсіх трэба, — адзначае Чарнаморцава. — Пасля Дземідовіч шкадавала аб гэтым».

У 1955-м вызвалілі Ірыну Шэйбак (яна вярнулася ў Пінск), Веру Касмовіч (паехала дадому ў Гарадзею) і Яўгенію Шостак. 

У 1956-м з-за кратаў выйшла Надзея Дземідовіч. Яна вярнулася ў Слонімскі раён, дзе працавала ў калгасе. Пасля перабралася ў Мінск, да выхаду на пенсію працавала на заводзе «Гарызонт».

Надзея Дземідовіч. Фота: «Большой»

Надзея Дземідовіч казала, што, «каб не зламацца і застацца чалавекам у лагеры, трэба жыць па-чэснаму». 

«Каб ты нікога не пакрыўдзіў. Неабавязкова ўсё з’есці, што табе маці даслала. Трэба паглядзець, каму ежа больш патрэбная, каб выжыць. І каб нікога не прадаў. І каб не станавіўся працаваць з тым, хто мацнейшы за цябе. Трэба станавіцца са слабейшым. Каб ты працаваў і за сябе, і яму мог дапамагчы. У мяне гэткая была мэта», — расказвала яна.

Дземідовіч пражыла 93 гады і памерла ў 2020-м у Калодзішчах пад Мінскам. За гэты час паспела напісаць некалькі кніг вершаў і ўспамінаў: «Век так не будзе» (2002), «Успаміны сэрца майго» (2006), «Мы марылі дома спаткацца» (2010), «Кенгір» (2012).

«Мы выцерпелі ўсё. І не шкадуем, што цярпелі, — гаварыла Надзея Дземідовіч. — У 1956-м прыйшла дамоў надта нямоглая, важыла 42 кілаграмы. Больш за 40 гадоў на інваліднай групе. Але душа не ўмёрла. І трэба, каб мы былі ўсе беларусамі, каб Беларусь адрадзілася. Бо калі і сцяг пагубім, і «Пагоню» кінем, і самі будзем адно цягнуцца, каб мець кавалак хлеба, — гэта ўжо не жыццё. А хочацца, каб усё было сваё. Перажыўшы і тых палякаў, і немцаў, і расіян, усё змарнавалася за Саюз беларускай моладзі. Каб не ён, мо вывучылася б і кім стала. Але не шкадую».

У 1990-х Надзея Дземідовіч брала ўдзел у шэсцях на Дзяды і Днях Волі, наведвала Курапаты. Была ўзнагароджана медалём у гонар стагоддзя БНР.

«Да яе я часта ездзіла ў госці, — згадвае Валерыя Чарнаморцава. — Яна ўсё казала, што вазіць ёй трэба не прадукты, а беларускую моладзь. Кожны раз, калі развітвалася, казала «Жыве Беларусь!».

«Мы можам прабачаць асобным людзям, але нельга прабачаць гэтай сістэме»

Што падтрымлівала жанчын у лагеры? 

«Вера Касмовіч паказвала мне лісты мужа, песні на беларускай мове. Песняй беларусаў ГУЛАГа стала «Гоман вясёлы» на вершы Паўліны Мядзёлкі», — расказвае Валерыя Чарнаморцава.

Пасля вызвалення жанчыны не хацелі нікому помсціць за тое, што з імі здарылася.

«Вера Касмовіч расказвала, што яе старэйшы сын, калі яе забралі, застаўся ў хаце адзін, — кажа Валерыя. — Адзін з ахоўнікаў вярнуўся і перадаў яго сваякам. Яна вельмі дзякавала гэтаму чалавеку.

Мы можам прабачаць асобным людзям, але нельга прабачаць гэтай сістэме. Павінны асудзіць камунізм і лукашызм як з’яву».

За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу дзякуем даследчыцы беларускіх вязняў ГУЛАГа Валерыі Чарнаморцавай.

Чытайце таксама: 

Надзея Дземідовіч палітвязням: «Жыве Беларусь!»

«Ірачка, захавай толькі жыццё, гэта ж не вечна»

Сто гадоў таму яны паверылі ўладам і вярнуліся

Каментары5

  • KS
    02.03.2024
    Ноўнэйм , Ірына Канстанцінаўна яшчэ жывая і здаровая.
  • Kate
    02.03.2024
    Колькі гора нашаму народу ад маскалёў.
  • Вера
    02.03.2024
    Судя по фото, так в лагере не так уж и плохо было. Хорошо одеты, радость в глазах.

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»24

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім35

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

Беларускі пашпарт назвалі найслабейшым у Еўропе4

Шольц: Ужыванне Расіяй новай гіпергукавай ракеты азначае, што трэба пазбягаць эскалацыі27

На падтрымку Васіля Верамейчыка меней чым за суткі сабралі палову сумы5

З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»24

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →