Гісторыя1818

«Мінск нагадвае савецкі гарнізонны гарадок». Як прапануюць замяніць царскія і камуністычныя назвы ў сталіцы?

Вуліцы Карла Маркса вярнуць гістарычную назву Падгорная, Кірылы і Мяфодзія — перайменаваць у Вялікую Бернардзінскую, Калектарную замяніць Габрэйскай, Леніных — у музей… Геральдычная рада «Пагоня» прэзентавала свой праект па дэкамунізацыі гарадской прасторы Мінска.

Мы распыталі пра яго больш падрабязна непасрэднага ініцыятара, публіцыста і прадстаўніка Геральдычнай рады «Пагоня» Алеся Чайчыца.

Ілюстрацыйнае фота.

«У Мінску ўдвая больш назваў у гонар расійскіх дзеячаў культуры і навукі, чым беларускіх»

Алесь цікавіцца тэмай дэкамунізацыі тапанімікі даўно, ён напісаў па ёй не адзін публіцыстычны артыкул, і цяпер вырашыў падысці да справы больш сістэмна. Ён рашыў паказаць, колькі ў Мінску ёсць назваў, звязаных з савецкім рэжымам і расійскім каланіялізмам.

«Гэты аналіз, карціна, якую мы атрымалі, мяне моцна ўразіла: у Мінску ўдвая больш тапанімічных аб’ектаў названа ў гонар расійскіх дзеячаў культуры і навукі, чым у гонар беларускіх навукоўцаў і дзеячаў культуры. У гонар нейкіх вайскоўцаў, малавядомых генералаў, герояў Савецкага Саюза, якія, як правіла, для Беларусі не зрабілі нічога добрага, таксама ўдвая больш, чым у гонар беларускіх дзеячаў навукі і культуры.

Пры гэтым у гонар беларускіх незалежных дзяржаўных дзеячаў і палітыкаў названа ўвогуле толькі тры вуліцы: Тарашкевіча, Каліноўскага, Сапегі. Усяго тры вуліцы! А ў гонар расійскіх і савецкіх вайскоўцаў — 114, у гонар расійскіх пісьменнікаў і мастакоў, навукоўцаў — 110, у гонар расійскіх бальшавікоў і дзеячаў савецкага рэжыму — 73. Тапанімічны ландшафт Мінска нагадвае тапанімічны ландшафт савецкага гарнізоннага гарадка».

Алесь Чайчыц. Фота: фэйсбук суразмоўцы.

Мінімум 538 аб’ектаў у сталіцы патрабуюць перайменавання

У сваім даследаванні Алесь Чайчыц абапіраўся на напрацоўкі аднаго краязнаўцы з Беларусі (яго імя не называецца ў мэтах бяспекі) — табліцу з назвамі вуліц і метро. Было прааналізавана, у гонар якіх асоб яны названыя, пасля — якія яны маюць гістарычныя адпаведнікі (калі такое мела месца): так, сённяшняя вуліца Сяргея Кірава, аднаго з кіраўнікоў СССР у часы Сталіна, да 1934 года называлася Універсітэцкай.

А вуліца Караткевіча, якую памылкова можна прыняць за ўшанаванне памяці пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, насамрэч, прысвечаная Змітру Караткевічу, удзельніку савецкага падполля. У мінулым гэтая вуліца называлася Аэрапорт.

Атрыманыя вынікі Алесь абмяркоўваў з калегамі па Геральдычнай радзе, а таксама гісторыкамі з Інстытута публічнай гісторыі. Агулам да працы над праектам у тым ці іншым выглядзе прыклалі руку каля 20 аўтарытэтных спецыялістаў. Згодна з рэкамендацыямі, якія робяцца ў даследаванні, мінімум 538 аб’ектаў у сталіцы патрабуюць перайменавання ў рознай ступені прыярытэтнасці.

Назвы, перайменаванне якіх прызнанае неабходным, магчымым ці пажаданым, згодна з праектам
Скрыншоты з даследавання. Цяперашнія назвы вуліц і абгрунтаванне патрэбы перайменавання з гістарычнымі альтэрнатывамі, дзе яны мелі месца: вуліца Бяляева можа быць Лясной, Вадалажскага — Палявой, Валадарскага — Турэмнай, Камсамольская — Феліцыянаўскай, Камуністычная — Міхайлаўскай, Караля — Абутковай. З усімі прапановамі можна азнаёміцца па спасылцы.

Але такое перайменаванне ў будучым магчыма толькі пры згодзе грамадства.

«Таму павінна весціся асветніцкая, тлумачальная праца: і гісторыкамі, і палітыкамі, і журналістамі. Я за тое, каб, перадусім, была дыскусія па гэтай тэме».

«Тэма можа падацца неактуальнай і ўтапічнай на сённяшні час. Але хто гэта будзе рабіць, калі не цяперашняя грамадзянская супольнасць? Каб у момант, калі гэта сапраўды стане патрэбна, ужо была якасна падрыхтаваная пазіцыя».

Для самога Алеся неабходнасць змен тапанімікі не толькі ў Мінску, але і ў іншых беларускіх гарадах, як гэта ў свой час зрабілі ў Маладзечне, відавочная.

Газетная абвестка пра перайменаванне вуліц у Маладзечне, першая палова 1990-х

«У сваёй працы я прадстаўляю пэўны погляд, які падзяляе і Геральдычная рада «Пагоня». Ён дастаткова строгі да савецкага і расійскага мінулага. Для нас гэта адназначна пра акупацыю краіны. У Беларусі была свая законная дзяржаўнасць у выглядзе БНР, якую абвесцілі самі беларусы. А савецкі рэжым займаўся палітычным тэрорам, русіфікацыяй, і з гэтага для нас вынікае, што любое супрацоўніцтва з гэтым рэжымам — калабарацыя з акупантам. Ступень калабарацыі магла быць рознай: нехта быў чэкістам і расстрэльваў людзей, а хтосьці быў проста членам камуністычнай партыі або хай нават яе функцыянерам. І тут пытанне: наколькі апошняе дрэнна ці не? Ці не дастаткова гэтага, каб прозвішчы ўсіх партыйных чыноўнікаў беларусы прыбралі з сваіх вуліц?

Ці варта нам заплюшчыць вочы на адказнасць Машэрава за палітычныя рэпрэсіі і русіфікацыю, таму што ён нібыта ўмацоўваў беларускую дзяржаўнасць? Пра ўсё гэта важна разважаць, гэта не чорна-белая тэма. Але ўсё гэта дае разуменне сваёй гісторыі: як ставіцца да мінулага і як на ім будаваць будучыню».

Скрыншот вокладкі праекта.

Што рабіць з помнікамі часоў царскай Расіі і СССР?

Таксама ў даследаванні гаворыцца, што важным аспектам дэсаветызацыі і дэрусіфікацыі гарадской прасторы Мінска павінен стаць дэмантаж або рэканструкцыя помнікаў, размешчаных на вуліцах і плошчах у часы царскай Расіі, савецкай акупацыі, а таксама падчас існавання рэжыму Лукашэнкі. Напрыклад, усталяваны ўжо ў 1999 годзе помнік Пушкіну, які, як і многія іншыя бюсты, прапаноўваецца перадаваць у музеі.

Да некаторых жа памятных шыльдаў можна дадаваць QR-код са спасылкай на пашыраную, праўдзівую даведку пра асобу ці падзею. Такім чынам ужо рабілі, напрыклад, нашы суседзі ў Эстоніі і Латвіі.

Адным з камянёў спатыкнення ў такіх рэчах часта робіцца кошт пытання.

«Гэты аргумент часта гучыць, калі прыхільнікі савецкага ладу супрацьстаяць прапановам перайменавання, — кажа Алесь Чайчыц. — На гэта магу сказаць толькі, што гэта не будуць вялікія грашовыя выдаткі. Асабліва, калі ўсе базы даных алічбаваныя, сама ж замена шыльдаў і дакументаў — гэта капейкі. Тым больш, можна рабіць усё не адным днём, а цягам пераходнага перыяду, напрыклад, у пяць гадоў».

Так ці інакш, гісторыкі ўпэўненыя, што ў дадзеным выпадку мэта апраўдвае сродкі, бо назвы вуліц і помнікі з’яўляюцца адной з найбольш важных рэчаў, што служаць фармаванню ідэнтычнасці грамадства. А дастойных беларусаў сапраўды дастаткова.

Сярод тых, чыю памяць прапаноўвае ўшанаваць Геральдычная рада, напрыклад, такія асобы як князі Вітаўт, Гедымін, Міндоўг і Ягайла, Ефрасіння Полацкая, Тадэвуш Касцюшка, Клаўдзій Дуж-Душэўскі, Антон Луцкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Барыс Кіт, Ларыса Геніюш і іншыя.

Каментары18

  • .
    07.11.2024
    Спасылка "праект" вядзе на гугл-дыск. Факт прагляду дакумента на гугл-дыску застаецца ў гісторыі акаўнта, што можа быць небяспечным для тых, хто ў Беларусі, і тых, хто ездзіць у Беларусь.
    Не ўсе гэта ведаюць, таму такі факт будзе непрыемным сюрпрызам.
    Да таго ж такая спасылка захавана пад скарачальнікам спасылак tinyurl, гэта значыць, карыстальнік загадзя не ведае і не можа праверыць, куды яго накіруюць (тэхнічна могуць і ў месца нашмат горшае за гугл-дыск).
    (Артыкул тут пра першую небяспеку: https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/327179. Тым, хто паспеў адкрыць, на ўсялякі выпадак скарыстацца інструкцыяй па ачыстцы гісторыі з гэтага артыкула).

    Просьба ініцыятарам годных праектаў думаць пра бяспеку беларусаў. Рэдакцыі таксама правяраць усе спасылкі, якія публікуюць.

    Варыянт рашэння: усім ініцыятывам мець уласны сайт і выкладваць дакументы туды, не карыстацца практыкамі 2019 г. з гугл-дыскам і скарачальнікамі спасылак.
  • Имя
    07.11.2024
    У себя в Риге переименовывайте или где вы там находитесь
  • Кашмар
    07.11.2024
    Паважаю Чайчыца, але да маразма даходзіць не патрэбна. Так, усялякім Калініным, Кіравым і Куйбышавым (і іншым савецкім дзеячам), якія нават ні разу не былі ў Беларусі (не кажучы ўжо пра тое, што вынікі іх дзейнасці яўна негатыўныя) не месца ў гарадской тапаніміцы. Але чым Мікалай Вавілаў, напрыклад, правініўся? Выдатны біёлаг, закатаваны ў ГУЛАГу, ахвяра сталінісцкага тэрору, як i наш Тарашкевіч, дарэчы. То бок яго трэба выкрэсліваць толькі таму што ён рускі?

Лукашэнка адмаўляе, што Беларусь акупаваная Расіяй32

Лукашэнка адмаўляе, што Беларусь акупаваная Расіяй

Усе навіны →
Усе навіны

Артхаус у беларускай вёсцы. Новы спектакль Карняга, на які ізноў было амаль немагчыма выхапіць квіткі2

Даляр падаражэў упершыню за сем таргоў зніжэння і амаль адразу на тры капейкі

Украінец-ухіліст захрас у цясніне ў гарах, яго выратавала кацяня2

Нарышкін заявіў, што Расія «блізкая да дасягнення мэт СВА ва Украіне», каб не адбылося «знясілення»21

Следчыя вызначылі абставіны жорсткага забойства, якое адбылося 16 гадоў таму ў Пінску

Прызначаны новы рэктар ЕГУ — ізноў не беларус29

Чатырох замежнікаў забілі ў Батумі, у забойстве падазраюцца таксама замежнікі

Амерыканскі калекцыянер адшукаў пашпарт, выдадзены дыпламатычнай місіяй БНР11

Ізраіль скарыстаўся безуладдзем у Сірыі і разбамбіў усё, што мог13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка адмаўляе, што Беларусь акупаваная Расіяй32

Лукашэнка адмаўляе, што Беларусь акупаваная Расіяй

Галоўнае
Усе навіны →