З «Пагоняй» на вокладцы і штампам для замежных паездак. Якія пашпарты выдавалі раней у Беларусі
Дэмсілы плануюць у хуткім часе выпусціць новы пашпарт для беларусаў, якія не могуць вярнуцца дадому ці замовіць новы дакумент у консульстве. Інстаграм-акаўнт «Беларусь 1990-я, 2000-я» згадвае, якія пашпарты выдаваліся раней на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Пасля развалу СССР і здабыцця незалежнасці ў Беларусі некалькі гадоў працягвалі выдаваць савецкія пашпарты ўзору 1974 года.
Свой пашпарт у беларусаў з'явіўся толькі ў 1993 годзе. Гэта быў пашпарт сіняга колеру з афіцыйным тады гербам «Пагоня» на вокладцы. Словы «Рэспубліка Беларусь» і «Пашпарт» на ім былі напісаныя толькі на беларускай і англійскай мовах.
Пры гэтым пашпарты савецкага ўзору працягвалі выдаваць нават у 1994 годзе. Аб прыналежнасці былога грамадзяніна СССР да незалежнай Беларусі сведчыў штамп на адной са старонак з адпаведным надпісам: «Грамадзянін Рэспублікі Беларусь», выкананым на беларускай і англійскай мовах.
Пашпарты грамадзяніна РБ узору 1993 года выдавалі да 1996-га. Новы пашпарт захаваў ранейшы колер, на вокладцы з'явіліся надпісы на рускай мове, герб «Пагоня» быў заменены на цяперашні. Унутранае афармленне асноўнага дакумента таксама значна змянілася.
Жыць з «чырвоным» пашпартам можна было і праз 10 гадоў пасля развалу СССР. Больш за тое, у 1999 годзе ўладальнікі савецкага пашпарта маглі выязджаць за мяжу. Праўда, для гэтага ў тыя часы трэба было паставіць адпаведны штамп з інфармацыяй, што «пашпарт прыгодны для шматразовых выездаў ва ўсе краіны свету».
Дакумент быў выведзены з афіцыйнага абароту толькі ў канцы 2002 года, калі 29 кастрычніка Савет Міністраў прыняў пастанову № 1492 «Аб абмежаванні тэрміну дзеяння пашпарта грамадзяніна СССР узору 1974 года і пашпарта грамадзяніна РБ узору 1993 года». Разам з савецкім пашпартам адмянілі і пашпарт з «Пагоняй».
За чвэрцьвекавую гісторыю пашпарт узору 1996 года перажыў некалькі нязначных мадыфікацый.
Дзейны ўзор пашпарта быў зацверджаны ў 2010 годзе. У 2021 годзе быў уведзены ў абарачэнне біяметрычны пашпарт і ID-карта.
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі працуюць над тым, каб беларусы, якія жывуць за мяжой і не могуць вярнуцца ці звярнуцца ў консульства, маглі атрымаць новыя пашпарты.
Палітыкі сцвярджаюць, што сам дакумент ужо распрацаваны і адпавядае стандартам ICAO — Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі.
Заставачнае фота: Анатоль Лябедзька
Чытайце таксама: Калі дэмсілы плануюць выпусціць новы беларускі пашпарт, дзе ён будзе дзейнічаць і хто яго будзе выдаваць
-
«Найбольш адчувальныя змены — у прэзентацыі паўстання Каліноўскага». Як змяніліся беларускія падручнікі па гісторыі
-
90 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча — архіўны фільм «Нашай Нівы» пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі
-
Выхадзец з беларускай шляхты 28 гадоў кіраваў савецкай замежнай палітыкай. Чым запомніўся Грамыка, які атрымаў мянушку Містар Не
Каментары