Грамадства22

«Спрабуй і не ный, што немагчыма». Гэтыя беларускі правучыліся ў ЗША па стыпендыях і дзеляцца досведам

Айчынная адукацыя ўсё больш ідэалагізуецца, і шмат хто з беларусаў шукае магчымасці вучыцца за мяжой. Адзін з варыянтаў — праграмы-стыпендыі для выпускнікоў-бакалаўраў, якія даюць шанс падмацаваць беларускую адукацыю замежнай, пракачаць сваю кар’еру і проста файна правесці час. Дзве беларускі, якія з’ездзілі так у ЗША, падзяліліся сваім досведам з «Нашай Нівай».

Універсітэт Уэйк-Форэст, Паўночная Караліна. Фота: ruf.org

«Я магла браць прадметы, каб потым здаць у ЗША экзамен на адвакацкую ліцэнзію, ці патраціць год на даследаванне»

Таццяна Зінякова — другая справа. Гэтае фота і наступныя: архіў суразмоўцаў

Таццяна Зінякова — праваабаронца арганізацыі Human Constanta. Дзяўчына скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ, дзе займалася міжнародным публічным правам. Пасля гэтага працавала па размеркаванні: спачатку ў прыватнай кампаніі, потым у Мінюсце.

У 2018 годзе, калі два гады размеркавання прайшло, Таццяна вырашыла шукаць магчымасці, каб працягнуць адукацыю за мяжой. Досвед з факультэтам міжнародных адносінаў беларуска называе пазітыўным, але ж яна заўсёды лічыла, што варта паспрабаваць навучацца і ў іншай адукацыйнай сістэме. У выніку Таццяна выбрала для сябе праграму Fulbright Foreign Student Program, якая дае магчымасць атрымаць ступень магістра ў ЗША, і навучалася там год.

Каб трапіць на вучобу, беларуска, перш за ўсё, запоўніла анлайн-заяўку. Да яе прыклала невялікае эсэ (personal statement), у якім расказала пра сябе, свае планы на жыццё і тое, як яны могуць быць звязаныя з амерыканскай адукацыяй, а таксама кароткі аповед пра тое, што б яна хацела вывучаць у ЗША і якімі занялася б даследаваннямі (study objective). На гэтым этапе прэтэндэнт таксама прадастаўляе рэкамендацыі. Калі гэты этап адбору пройдзены, чалавека чакае вуснае інтэрв’ю, а пасля — здача моўных тэстаў (TOEFL) і, ў выпадку з неюрыдычнымі спецыяльнасцямі, тэстаў па іншых прадметах (GRE).

Як Таццяна рыхтавалася? «Спрабавала не ліць ваду ў сваёй заяўцы, а ясна растлумачыць, што я — юрыстка-міжнародніца, хацела б вывучаць міжнароднае права і правы чалавека, праводзіць даследаванні. Да вуснага этапу падрыхтавацца не цяжка, хутчэй, трэба проста справіцца са сваімі нервамі і паказаць сябе з добрага, чалавечага боку, распавесці, чаму табе было б карысна атрымаць менавіта такі досвед», — успамінае Зінякова.

Дзяўчына мела досвед валанцёрства ў Human Constanta, і такія рэчы, як яна тлумачыць, могуць быць бонусам падчас адбору, бо азначаюць, што ты рэалізуеш свае амбіцыі праз працу ў сваёй краіне. Шмат амерыканскіх стыпендыяльных праграм прадугледжваюць, што пасля іх праходжання навучэнец вернецца ў сваю краіну і будзе рабіць у яе ўнёсак, таму калі чалавек ужо рэалізуе сябе ў беларускім грамадстве, важна гэта падкрэсліць падчас падрыхтоўкі заяўкі.

Прэтэндэнт на стыпендыю, расказвае Таццяна, збольшага выключаны з падачы дакументаў ва ўніверсітэты. Гэтым займаецца спецыяльная камісія, сам жа чалавек можа толькі выказаць свае пажаданні па ўніверсітэце на этапе заяўкі, але ж яго могуць і не паслухаць.

Таццяну накіравалі ў прыватны ўніверсітэт Уэйк-Форэст, што ў штаце Паўночная Караліна, які на 28-м месцы па рэйтынгу сярод амерыканскіх універсітэтаў, што даволі няблага. Ён знаходзіцца ў невялікім горадзе Уінстан-Салем і мае пры сябе школу права, дзе і вучылася беларуска.

«Разам са мной ступень атрымлівалі ўсяго толькі чалавек 20. Я магла браць канкрэтныя прадметы, каб потым здаць у ЗША экзамен на адвакацкую ліцэнзію, ці патраціць гэты год на канкрэтнае даследаванне, чым я і займалася. Я вывучала гендэрна матываваны гвалт у небінарным разуменні і пісала па гэтым працу», — расказвае беларуска.

Таццяна падкрэслівае, што досвед кожнага стыпендыята Fulbright унікальны, можна трапіць і ў вялікі горад з вялікай праграмай. Уінстан-Салем, дзе жыла Зінякова, па памеры падобны да яе роднага Бабруйска, але ўсё роўна не абышлося без культурнага шоку: «Ты з’язджаеш з вялікага Мінска ў маленькі горад, які яшчэ і знаходзіцца на поўдні ЗША, што таксама дадае крыху сумнага. Турбуешся, што будзеш сутыкацца з занадта кансерватыўнымі поглядамі, шмат пра што хвалюешся».

Складанасці сапраўды былі. Напрыклад, Таццяна згадвае, што ў маленькіх амерыканскіх гарадах вельмі дрэнна з грамадскім транспартам. Таму, калі трэба ехаць па прадукты, дзяўчына або збірала кампанію сяброў і ехала разам з імі на адной машыне, або выклікала «Убер», што абыходзілася нятанна, бо трэба было ехаць у іншы раён.

Пасля заканчэння праграмы дзяўчына падалася на дадатковую стажыроўку, першую частку якой правяла анлайн яшчэ ў Паўночнай Караліне, а пазней пераехала ў Вашынгтон. Калі быў вольны час, разам з сяброўкамі з Грузіі і Тэхаса Таццяна зладзіла падарожжа:

«Мы паехалі з Паўночнай Караліны ў Арызону і Юту, а потым назад. Тады якраз пачынаўся кавід, але мы выконвалі ўсе патрабаванні медыкаў, насілі маскі, мылі рукі і ўвогуле спалі ва ўласнай машыне. Гэта быў добры досвед, і шмат у каго з фулбрайтэраў, каго я ведаю, такі досвед ёсць. Часам можна атрымаць дазвол на выезд за межы ЗША, і я ведаю ўкраінскага фулбрайтэра, які вывучаў геалогію і здолеў паехаць у некаторыя краіны Лацінскай Амерыкі».

Саму вучобу ў ЗША Таццяна называе не надта складанай — тлумачыць, што атрымала добрую падрыхтоўку па правах чалавека на факультэце міжнародных адносін. Таму спецыялізаваныя прадметы даваліся ёй не цяжка ў адрозненне ад курсаў, звязаных з амерыканскім правам.

«Плюс у тым, што мы мелі свабоду выбару курсаў і я магла браць тыя, што былі мне цікавыя і не патрабавалі ад мяне пагружацца ў амерыканскае права занадта шмат. Было толькі некалькі базавых курсаў, якія трэба было вучыць усім, але астатняе — на твой выбар», — расказвае Зінякова.

Недзе паўгода пасля заканчэння праграмы беларуска стажыравалася ў ЗША, але потым, як выпускніцы Fulbright, ёй было трэба вярнуцца ў Беларусь. Пасля падзей 2020 года дзяўчына разумела, што не пойдзе ва ўмоўны Мінюст, што хоча працаваць там, дзе зможа прыносіць карысць Беларусі. Такім месцам для яе стала праваабарончая арганізацыя Human Constanta, дзе Таццяна працуе дагэтуль: «Я знайшла сферу, якая вельмі добра аб’яднала мой досвед і тое, чым бы я хацела займацца. Праваабарона — амаль што адзіная сфера, дзе сябруюць мая юрыдычная адукацыя і мае маральныя арыенціры».

Але ж праз пару месяцаў пасля вяртання ў Беларусь Таццяне давялося зноў пакінуць краіну, бо заставацца там было небяспечна — пачаліся вобшукі ў калег. З іншага боку, дзяўчына дагэтуль працуе з беларускай тэмай і дзеля беларусаў, таму, лічыць яна, мэта стыпендыі для яе рэалізаваная.

Таццяна згадвае навучанне ў ЗША як досвед самастойнага жыцця ў зусім іншым, нечаканым кантэксце, звязаны ў тым ліку з міжкультурнай камунікацыяй. Стыпендыя дала ёй магчымасць нанава навучыцца быць прафесіяналам у сваёй сферы, але ў іншым кантэксце, гэта робіць цябе больш дынамічным спецыялістам.

«На Дзень дзякавання ў нас была велізарная індычка, кілаграмаў на 15»

Ганна Ягорава мае больш за 15 гадоў вопыту ў журналістыцы, актывізме і еўрапейскай палітыцы. Жанчына працавала з палітычнымі партыямі, удзельнічала ў выбарчых кампаніях розных краін як кансультантка. Ганна мае адукацыю БДУ і ЕГУ, яна таксама вывучала паліталогію ў Варшаўскім універсітэце, пасля чаго зрабіла перапынак у адукацыі на некалькі гадоў.

Недзе ў 2018-м беларуска вырашыла зноў узяцца за адукацыю, прычым ёй хацелася вучыцца менавіта на міжнародным узроўні. Ганна выбрала для сябе амерыканскую праграму Hubert H. Humphrey Fellowship, бо ёй спадабалася, што яна ўключае ў сябе шмат кірункаў: «Гэта не проста досвед адукацыі ў амерыканскіх ВНУ. Там ёсць вялікі акцэнт на прафесійнае развіццё, можна мець кансультанта па кар’еры і прайсці стажыроўку нават у некалькіх арганізацыях па сваім профіле. Яшчэ адзін важны аспект — магчымасць паглядзець, як выглядае жыццё ў амерыканскай сям’і, бо ў кожнага з нас былі сем’і, якія намі апекаваліся».

Ганна правяла ў ЗША год у перыяд з 2019-га па 2020-ы.

Самай важнай часткай паступлення Ганна называе саму заяўку. Напісаць яе, тлумачыць беларуска, не надта складана, але там ёсць пра што падумаць: трэба падрыхтаваць сваю гісторыю жыцця і сцісла яе патлумачыць, расказаць, чаму менавіта ты — лепшы кандыдат на праграму ад сваёй краіны. Канкурэнтаў шмат, таму, каб патрапіць, трэба мець вельмі добры вопыт і неблагую адукацыю. Яшчэ патрэбныя дакладныя кар’ерныя мэты і бачанне таго, як пасля заканчэння праграмы ты можаш быць карысны сваёй краіне.

Першая частка — гэта адбор па краіне на аснове заяўкі, наступная — адбор сярод прэтэндэнтаў ва ўсім свеце. Тых, хто прайшоў першы этап, запрашаюць на сумоўе ў амерыканскую амбасаду, дзе варта распавесці пра сябе, свае планы, мары і сваё месца ў грамадскім жыцці. Тыя кандыдаты, хто прайшлі і гэты этап, атрымліваюць запрашэнне на моўны тэст TOEFL, ад якога вельмі шмат залежыць:

«Калі твой бал на моўным экзамене катастрафічна нізкі, у цябе няма шансаў прайсці далей у адборы на праграму, і наўрад ці ты пацягнеш адукацыю ў амерыканскім ВНУ. Але калі ты набіраеш менш за 80 балаў і праходзіш астатнія этапы адбору, можна трапіць на інтэнсіўныя падрыхтоўчыя курсы па англійскай мове, што арганізуюцца на два-тры тыдні перад пачаткам асноўнай праграмы».

Калі ўсе этапы пройдзеныя, далейшы лёс прэтэндэнта вырашае камісія ў Вашынгтоне, і да гэтага ўжо ніяк не падрыхтавацца. Тыя, хто дакладна трапіў на праграму, фіналісты адбору, далей атрымліваюць запрашэнне, але таксама фармуецца і другая група жадаючых — паўфіналісты. Яны могуць паехаць у ЗША, калі адмовіцца нехта з першай групы, так і атрымалася з Ганнай.

«Усё гэта вельмі хвалююча і цікава. Ты разумееш на ўсіх этапах працэдуры, што калі ты так доўга рыхтуешся, цябе чакае нейкая неверагодная праграма. Атрымаць інфармацыю, што ты абраны — гэта велізарнае задавальненне, прадчуванне чагосьці новага, таго, што можа змяніць тваё жыццё», — дзеліцца беларуска.

Ганна расказвае, што дужа складана з’ехаць практычна на год у далёкую краіну, калі ты маеш сям’ю, стабільную пасаду і планы на жыццё. Таму некаторыя адмаўляюцца ад паездкі, нават калі праходзяць адбор, але жанчына вырашыла скарыстацца прапановай. Паколькі Ганна заўсёды цікавілася палітычным актывізмам, для навучання яна выбрала праграму Public Administration and Policy Analysis са спецыялізацыяй «Міжнародныя арганізацыі і кіраванне некамерцыйнымі арганізацыямі».

Ганну накіравалі вучыцца ва ўніверсітэт горада Сірак’юс, што ў штаце Нью-Ёрк. Гэта прыватная ўстанова, і адукацыя ў ёй каштуе ад 40 тысяч даляраў на год, не кажучы пра выдаткі на жыллё, падручнікі і іншыя патрэбы. У першы ж дзень ва ўніверсітэце беларуску пазнаёмілі з сям’ёй мясцовых жыхароў, якая ў далейшым дапамагала ёй з адаптацыяй у краіне, жыллём, вольным часам і ўсім, у чым толькі можа ўзнікнуць патрэба.

Ганна з цяплом згадвае гэту сям’ю: «Галава сям’і, Святаслаў, меў украінскія карані, прычым яго продкі, яны былі з Львоўскай вобласці, трапілі пад савецкія рэпрэсіі. Ён ведаў украінскую мову, хаця сам і нарадзіўся ў Штатах. У іх былі два лецішчы, і адно з іх знаходзілася ў лесе. Зімой у той частцы штата Нью-Ёрк, дзе мы жылі, выпадае вельмі шмат снегу, і там ёсць народная забава — гуляць у снегаступах па зімовым лесе ўздоўж ракі».

Разам з новымі сябрамі Ганна святкавала Вялікдзень, Раство і амерыканскі Дзень дзякавання: «У нас была велізарная індычка, кілаграмаў на 15, якая ледзьве ўлазіла ў печ. Наш гаспадар даставаў цудоўны кумпяк, прыносіў пальцам піханыя каўбасы, якія ён сам рабіў па нейкіх бабуліных рэцэптах. Вядома, што гэта не тыпова амерыканская ежа, але цікава, як амерыканскія традыцыі спалучыліся ў той сям’і з украінскімі».

Другое лецішча Святаслава і яго сям’і знаходзілася на беразе возера Мічыган, і там можна было сустракаць дужа прыгожыя сонечныя захады. Калі было сумна, беларуска магла паехаць у гэтае месца сілы і адпачнуць. Але, кажа Ганна, вучоба ў амерыканскім універсітэце не надта пакідала магчымасці сумаваць:

«У такім універсітэце, які каштуе шалёныя грошы, ты можаш не проста арганізаваць сваё акадэмічнае жыццё. Ты можаш хадзіць на бесплатныя кінапаказы самых новых фільмаў, на сумесныя імпрэзы ад боўлінга да трэніровак. На мерапрыемствах часта ёсць бесплатная ежа, таму студэнты, у якіх не было шмат грошай на сталовую, заўсёды маглі забегчы на прэзентацыю і ўхапіць там кавалак піцы. Ёсць шмат іншых дадатковых актыўнасцей, напрыклад, можна падвучыць яшчэ адну мову, плюс ёсць бесплатныя трэнажорныя залы, залы для скалалазання ды басейны».

Шпацыр у лесе на снегаступах.

У выніку, успамінае беларуска, цэлы дзень у навучэнца заняты ўсім тым, што табе цікава. Сама вучоба не выключэнне, бо ў амерыканскіх універсітэтах ты сам абіраеш сабе курсы, у тым ліку і арыентуешся на тое, з якім выкладчыкам табе камфортна працаваць. Ганна робіць выснову, што праз гэта быць выдатнікам у ЗША нашмат прасцей, чым у Беларусі, Літве ці ў Польшчы.

У маі 2020 года жанчына скончыла навучанне, і прыйшоў час ехаць на стажыроўку. Ганна згадвае, што хацелася папрацаваць у вялікай карпарацыі, але ж то быў пачатак пандэміі, калі ўсё жыццё пераходзіла ў анлайн. Так атрымалася і ў Ганны. Жанчына прайшла анлайн дзве стажыроўкі — у Асацыяцыі беларусаў Амерыкі і ва ўніверсітэцкім аддзеле міжнародных сувязяў.

Калі беларуска вярнулася з навучання дахаты, яна працягнула працаваць на тыя ж арганізацыі, з якімі была звязаная да навучання ў ЗША. Шкадуе, што не склалася трапіць на афлайн-стажыроўку і пабачыць, як працуюць вялікія карпарацыі, у тым ліку медыйныя. З іншага боку, міжнародным студэнтам дазволілі спакойна давучыцца, нягледзячы на пандэмію, хаця і давялося рабіць гэта ў анлайн-фармаце, а вось амерыканскія студэнты былі вымушаныя ехаць дахаты:

«Горад Сірак’юс, дзе мы жылі, больш чым на палову складаецца са студэнтаў. Паколькі заняткі адмянілі, студэнтаў фактычна прымусілі паехаць да бацькоў ці ў іншыя гарады, і ўсе выехалі літаральна за тры дні. Горад замер: на вуліцах нікога, паўпустыя крамы. А мы, міжнародныя студэнты, засталіся і часам сустракаліся ў грамадскіх месцах з двухметровай адлегласцю паміж намі».

Ганна расказвае, што ўдзел у праграме моцна змяніў яе ўспрыняцце рэчаіснасці і дапамог зразумець, што для яе важна і чым яна хоча займацца: «Я і далей працую ў той жа самай арганізацыі, але ўжо на новым месцы і ў новых якасцях. Мы моцна пашырыліся і ў пэўнай ступені перайшлі на новы ўзровень. Пасля праграмы я прайшла стажыроўку ў вялікай карпарацыі, але зразумела, што мне больш цікава займацца практычнай журналістыкай і медыйнымі праектамі, і сканцэнтравалася на гэтым.

Галоўнае — гэта ўнутранае адчуванне, калі ты разумееш, што толькі ад цябе залежыць, хто ты і дзе ты будзеш у наступныя некалькі гадоў, што няма недасядальнага. Калі ты хочаш нешта паспрабаваць — спрабуй, і не ной, што гэта немагчыма. Усё магчыма, бар’еры толькі ў нашых галовах.

Упэўнена, што такі падыход з’явіўся і пасля выпрабаванняў праграмы, і праз тыя веды, што мы там атрымалі, бо нам давалі вельмі шмат інфармацыі пра лідарства. Лічу, што ўсе нашы выпускнікі выйшлі зусім іншымі людзьмі, і кожны з іх — у нечым лідар у сваёй галіне. Шмат хто з нас змяніў працу і сферу дзейнасці, але гэта ніколі не быў рух уніз, а заўсёды ўверх».

***

На адукацыйную праграму Hubert H. Humphrey Fellowship заяўкі прымаюць да 14 верасня, на Fulbright Foreign Student — да 18 верасня.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Новая Беларусь — не нешта абстрактнае, не казачная з’ява, яна пачынаецца цяпер». Як жыве студэнт Гарварда Максім Багдановіч 

Колькі каштуе навучанне ў еўрапейскіх універсітэтах?

«Тут электрык — паважаная асоба». Беларуска купіла кватэру ў ЗША і расказала за колькі, а таксама нюансы

Каментары2

  • Максим Дизайнер
    09.09.2022
    Кто-нибудь, дайте телефон блондика справа.
  • SHOS
    09.09.2022
    Молодец. Что тут ещё добавить.

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка20

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Усе навіны →
Усе навіны

Імаверны прэм'ер Літвы: Штучныя абмежаванні для беларусаў нелагічныя. Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы12

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА37

«Ты здзейсніла сапраўдны ўчынак». «Дынама» запісала ВІДЭА з падзякай жанчыне ў чырвона-зялёным23

Продажы новых аўтамабіляў у Беларусі зноў паставілі рэкорд2

«Зноў з'езджу ў Мінск, усё вырашым». Украінскі дэпутат, які прыязджаў у Беларусь, заклікаў Зяленскага да перамоваў з Расіяй10

Чаму выбаршчыкі галасавалі за Трампа?4

Гендырэктар «Беларусьфільма»: «Лістапад» — гэта БРІКС у сферы кіно3

«Што возьмеш з гэтага дзеда?» На беларускай трыбуне падчас матчу ў Варшаве здарылася патасоўка4

Ліквідавана Пінская каталіцкая духоўная семінарыя4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка20

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Галоўнае
Усе навіны →