Грамадства33

«Новая Беларусь — не нешта абстрактнае, не казачная з’ява, яна пачынаецца цяпер». Як жыве студэнт Гарварда Максім Багдановіч

Максім Багдановіч першы раз стаў вядомы, калі самастойна паступіў у Гарвард. А другі раз — калі вярнуўся, каб стаць незалежным назіральнікам на выбарах-2020. Мы спыталі ў Максіма пра сакрэты поспеху ва амерыканскіх універсітэтах, тусоўкі Кембрыджа і чаму яму так падабаецца Мінск.

Летам 2020 года хлопец узяў акадэмічны адпачынак на паўтара года, каб валанцёрыць у грамадскіх арганізацыях. У студзені Багдановіч вярнуўся ва ўніверсітэт, дзе яму засталося навучацца тры семестры.

Гутарку з «Нашай Нівай» Максім пачынае з тыпова беларускай гісторыі:

«Ці вы ведаеце, што некалькі гадоў таму [ў Беларусі] ўвялі адказнасць за прасоўванне замежнай адукацыі? Памятаю, летам 2020 года мяне некуды запрасілі, каб распавесці пра Гарвард, і я пазваніў у міліцыю, каб запытацца, ці можна мне гэта рабіць. І яны мне: «Малады чалавек, што вы робіце?» (Смяецца.) І далі нумар Міністэрства адукацыі».

Згадваем з ім замежную адукацыю не проста так. Рэч у тым, што некалькі тыдняў таму Багдановіч апублікаваў у сябе ў фэйсбуку прапанову: калі вы жадаеце вучыцца ў ЗША і маеце нейкія пытанні па паступленні, Максім гатовы дапамагаць, варта толькі напісаць яму.

Пост Багдановіча распаўсюдзілі незалежныя медыя, хаця ён сам гэтага і не чакаў, і хлопцу пачалі пісаць актыўныя маладыя беларусы. Максім атрымаў некалькі дзясяткаў запытаў і падрыхтаваў у адпаведнасці з імі невялікі гайд, прачытаць які можна тут. Там хлопец змясціў інфармацыю пра іспыты ў амерыканскіх універсітэтах і тое, як да іх падрыхтавацца самастойна, а таксама рэкамендацыі наконт магчымасці атрымаць стыпендыю.

Звычайнаму беларускаму школьніку цяжка ўявіць сябе ў амерыканскім універсітэце, але Багдановіч запэўнівае, што паступіць туды цалкам рэальна. Самае цяжкае — аплаціць адукацыю, бо яна дужа дарагая нават для саміх амерыканцаў.

Але і тут ёсць прасцейшыя шляхі: «Існуе шэраг універсітэтаў, іх прыкладна дзесяць, якія ўвогуле не глядзяць на вашы фінансы, калі вы паступаеце, і замест гэтага проста разглядаюць вас як кандыдатуру.

Пасля, калі яны вас прымаюць, вы дасылаеце ім даведку пра тое, колькі зарабляюць вашы бацькі. Калі гэта менш за 75 тысяч даляраў у год, то яны прадастаўляюць поўную фінансавую дапамогу [на навучанне]. Гэта самыя прэстыжныя ўніверсітэты накшталт Гарварда, Прынстанскага, Ельскага і Стэнфардскага ўніверсітэтаў, Масачусэцкага тэхналагічнага.

Паколькі мой досвед звязаны з такім універсітэтам, я рады дапамагчы з інфармацыяй. Упэўнены, што ў Беларусі хапае таленавітай моладзі, якая проста не ведае, як усё гэта працуе. Я сам не разумеў, што вучыцца там магчыма. Здавалася, там месца толькі для сынкоў мільярдэраў, а я ж — сын беларускага доктара».

Вядома, сыны мільярдэраў таксама вучацца ў прэстыжных універсітэтах накшталт Гарварда, але Максім кажа, што заўважыць іх там цяжка, бо яны вельмі хаваюцца. Ды іх там і няшмат — хлопец лічыць, што такіх студэнтаў у Гарвардзе, можа, 0,5 адсотка. Затое палова са студэнтаў універсітэта атрымлівае ад адміністрацыі нейкую фінансавую дапамогу, а навучанне кожнага пятага, як у выпадку з Максімам, цалкам спансуе сам Гарвард.

З другога боку, у суседнім інтэрнаце з Максімавым жыла дачка Барака Абамы, напэўна, хлопец сустракаў і іншых такіх студэнтаў. Але ўніверсітэт стварае такія ўмовы, што і ў дачкі Абамы, і ў сына доктара з Беларусі прыкладна аднолькавыя магчымасці.

З грашыма разабраліся, а ці хопіць беларусу ведаў, каб паступіць у ЗША? Максім расказвае, што бачыў у амерыканскіх універсітэтах такіх жа студэнтаў, як і ён сам, беларусаў. Іх няшмат, і ў гэтым уся праблема, але мала іх не праз дрэнную падрыхтоўку беларусаў, а праз тое, што мы мала ведаем пра ўласныя магчымасці, у тым ліку адукацыйныя:

«Я сын беларускага доктара, навучаўся ў звычайнай беларускай школе і за ўсё жыццё, можа, разоў дзесяць бываў у рэпетытара. Рыхтаваўся да іспыту па англійскай на моўных курсах у Мінску, але шмат беларусаў такое робяць.

Нашага ўзроўню адукацыі для паступлення ў ЗША хапае. Калі бачыш, якія на амерыканскіх іспытах заданні па матэматыцы, то разумееш, што беларускі дзевяцікласнік, калі ён добра вучыўся ў школе, мог бы спакойна з імі справіцца. У нас няма нейкіх фундаментальных адрозненняў, «ельскага гену», якія б не давалі нам туды паступаць».

А яшчэ, мяркуе Багдановіч, добрая адукацыя маладых беларусаў — падмурак у стварэнні чалавечага капіталу для новай Беларусі:

«Узяць тую ж Маю Санду, прэзідэнтку Малдовы. Яна вучылася ў Гарвардскай школе імя Кенэдзі, што знаходзіцца якраз насупраць майго інтэрната.

Я кожны дзень у Гарвардзе бачу той будынак і цытату Кенэдзі на ім: «Не пытайся, што твая краіна можа зрабіць для цябе, спытай, што ты можаш зрабіць для сваёй краіны».

Калі ты кожны ранак прачынаешся і глядзіш на гэта, яно натхняе. Калі я магу зрабіць так, каб у нас была наша патэнцыйная Мая Санду, то гэта ж выдатна, і калі гэта мне каштуе 15 хвілін, то яно таго супервартае. Шмат з кім пазнаёміўся ў Вільні, тут ёсць выдатныя беларусы, якія дапамагаюць нашай дэмакратычнай справе. Яны ўсе не з’явіліся невядома адкуль — яны недзе вучыліся, працавалі і набіраліся досведу, то-бок у іх інвеставалі. Таму і нам зараз трэба інвеставаць у тых людзей, якія будуць працаваць у новай Беларусі. І гэтая новая Беларусь — не нешта абстрактнае, не казачная з’ява, гэта тое, што пачынаецца зараз».

«Ты сам прымаеш на сябе адказнасць за вынік, гэта паважаюць і падтрымліваюць цябе»

Максіму важна, каб больш людзей атрымалі магчымасць змяніць сябе гэтым жа чынам, як у Гарвардзе змяніўся сам Багдановіч. Славуты амерыканскі ўніверсітэт, кажа хлопец, пабудаваў яго як чалавека, бо Максім паехаў туды навучацца ў 17 гадоў. Зараз тое, як беларус мысліць, паводзіць сябе і размаўляе — гэта прадукт яго атачэння ў Гарвардзе, якое ён называе выдатным і за якое вельмі ўдзячны.

Гэтае атачэнне Максім характарызуе проста: там атмасфера, у якой прасоўваецца свабода і адказнасць. Калі студэнт хоча, ён можа ўзяць пяць дысцыплін замест звычайных чатырох, і яму дапамогуць, жадае напісаць эсэ на сваю тэму замест прапанаванай — няхай піша. «Ты сам прымаеш на сябе адказнасць за вынік, гэта паважаюць і падтрымліваюць цябе». Такі падыход, тлумачыць Багдановіч, навучыў яго браць на сябе больш адказнасці ды сумнявацца, калі штосьці лічаць недазволеным ці немагчымым. А калі нешта магчыма, то чаму б менавіта табе не зрабіць гэта?

Што да спецыяльнасці, то Багдановіч выбраў для сябе прыкладную матэматыку. Называе яе самай гнуткай спецыяльнасцю, бо да яе належаць усе галіны матэматыкі, звязаныя з дакладнымі навукамі, і таму ў дадатак да яе можна ўзяць любы курс па такіх навуках, па той жа эканоміцы. Але гуманітарныя дысцыпліны беларус таксама не абмінае: вывучаў гісторыю, іспанскую і нямецкую мовы. Увогуле, шмат у чым хлопец арыентуецца на Беларусь:

«Мой досвед дае мне мэту і структурнасць у навучанні. Ведаю, што хачу вярнуцца ў Беларусь, і таму мне трэба, каб тое, што я цяпер вывучаю, было мне карысна. Таму, напрыклад, браў курс пра расійскую пераходную эканоміку ў 90-я ад тых самых людзей, якія тады займаліся рэформамі ў ёй, напрыклад, ад [вядомага расійскага эканаміста] Максіма Бойкі».

Што будзе праз паўтара года, калі вучоба скончыцца? Калі гэта будзе магчымым, Багдановіч жадае вярнуцца ў Беларусь, калі не — хоча знайсці для сябе месца, дзе можна будзе застацца, працаваць і патроху назапашваць веды. Але на выпадак, калі з’явіцца магчымасць прыехаць у Беларусь, Багдановіч захаваў сабе асобна грошы на квіток дадому. 

Як адпачываюць студэнты Гарварда? Вечарыны ва ўніверсітэце, дзеліцца Максім, бываюць на любы густ: «Ёсць шмат дзіўных вечарын, на некаторыя трэба прыходзіць у пінжаку ці ў фраку. Але ёсць і звычайныя студэнцкія вечарыны, якія вы маглі бачыць у кіно, з чырвонымі кубкамі і бір-понгам. Гэта такая гульня, калі выстаўляюць у форме піраміды кубкі з півам, табе даюць шарык і ты павінен патрапіць у кубак іншай каманды. Калі ў цябе не атрымліваецца, ты выпіваеш кубак. Зразумела, што чым даўжэй ідзе гульня, тым больш цяжка табе трапляць.

Я па ўніверсітэцкіх мерках няшмат хаджу на тусоўкі, можа, нешта і губляю ў сваім жыцці. Проста не з’яўляюся часткай гэтага свету. Ёсць гарвардцы у пятым пакаленні, якія ведаюць ад свайго дзядулі, з кім трэба размаўляць і куды трэба хадзіць, але ў мяне іншы досвед — досвед 17-гадовага хлопчыка з Усходняй Еўропы, Беларусі, Мінска, і нашы досведы з тымі самымі гарвардцамі розныя. Кожнаму сваё, і гэта нармальна. Я навучыўся цаніць свой шлях і зразумеў, што ён нічым не горшы».

«Сістэма робіць так, што студэнты атрымліваюць чацвёрку і адчуваюць сябе задаволенымі»

Гарвард знаходзіцца недалёка ад Бостана, але Максім з ім амаль не знаёмы, хіба што наведаў бостанскія музеі і тэатр. Універсітэт хлопца знаходзіцца ў Кембрыджы — невялічкім гарадку, які з‘яўляецца часткай Бостана, але па факце ад яго адасоблены. Ён вельмі самадастатковы, і Максім кажа, што з гэтай бурбалкі ніколі б не вылазіў, але прызнае: калі ён туды ўпершыню трапіў, быў такі ўзрушаны, што не мог нічога ацаніць. Зараз ён глядзіць на Гарвард ужо іншымі вачыма.

У Кембрыджы ёсць дванаццаць дамоў-інтэрнатаў, у якіх жывуць студэнты. Звычайна ў студэнтаў трэцяга-чацвёртага курсаў ёсць свой асобны пакой, малодшыя ж дзеляць жыллё з кімсьці яшчэ. Там таксама ёсць сталовая і зала, дзе можна патрэніравацца.

Кембрыдж — гэта каланіяльны горад, падобны да старых еўрапейскіх гарадоў, таму што, калі туды прыплылі будучыя амерыканцы, яны пабудавалі ўсё вакол сябе так, як прывыклі бачыць на радзіме. Для Максіма як для еўрапейца гэта плюс, але ж ён бачыў і іншыя амерыканскія мясціны. Напрыклад, на першым курсе быў у фехтавальнай камандзе і ездзіў на спаборніцтвы ў Філадэльфію, штат Мэн і Новую Англію. Багдановічу вельмі спадабалася ў Мінесоце, бо там надвор’е было падобнае да нашага, а лес — сапраўдны беларускі.

Здаецца, хлопец ужо разумее, якую кропку свету ён мог бы выбраць сабе для жыцця:

«Ёсць тры гарады ў свеце: Мінск, Лондан і Нью-Ёрк (усміхаецца), у кожным з іх можна правесці жыццё і не ведаць горада. Мінск — самы лепшы з іх, горад сонца. Ён больш складаны, і яго трэба любіць, мне здаецца, гэта прыходзіць з узростам. Там жа столькі цікавага, нават уся гэтая савецкая архітэктура.

Мне падабаецца, што Мінск — незвычайны, што ты адчуваеш сябе ў ім крышку замарожаным у часе. Гэта можа быць цудоўны горад для культурніцкіх акцый. Класна, што зрабілі ў [культурным цэнтры] ОК16, яго ўжо няма, але ў нас увесь горад мог бы такім быць! Велізарныя савецкія пабудовы, унутры якіх — культура, але гэтаму ўсяму проста трэба даць свабоду».

У Максіма была магчымасць параўнаць гарвардскую адукацыю з беларускай. На гэты конт у яго ёсць дзве гісторыі. Першая з іх — пра наведванне лекцыі ў БДУ, дзе сябар Багдановіча вывучаў прыкладную матэматыку, і пра нечаканы канец гэтага візіту:

«На лекцыі было пару соцень чалавек, я сеў ззаду і думаў, што мяне ніхто не заўважыць. Але я ўсміхаўся, бо ў мяне быў добры настрой, а ўсе іншыя студэнты ўставіліся ў свае нататнічкі. Прыйшоў прафесар і пачаў лекцыю, мой сябар мне сказаў таксама ўткнуцца ў нататнічак, а я яму: «У мяне няма нататнічка, я проста прыйшоў паслухаць!»

У выніку прафесар стаў спінай да залы і пачаў нешта пісаць на дошцы, адначасова ён дыктаваў для студэнтаў. Мне здаецца, ён па паху зразумеў, што нешта ў зале не так, хтосьці закраўся. Ён павярнуўся да залы, паглядзеў на мяне і сказаў: «Ты! З якой ты плыні?» Адказаў яму, што з іншай, але патлумачыць, з якой, не здолеў, у выніку мяне выгналі з лекцыі».

Іншы сябар Максіма вучыўся ў БДЭУ, і хлопец яго рыхтаваў да экзамену па вышэйшай матэматыцы. Гэта была апошняя пераздача, то-бок калі б студэнт БДЭУ яе заваліў, яго б выключылі. Але Максім запэўнівае, што добра падрыхтаваў сябра, дакладна больш, чым на чацвёрку, якая з’яўляецца заліковай адзнакай у беларускіх універсітэтах.

Пакуль сябар здаваў экзамен, Багдановіч чакаў яго ля кабінета. У выніку сябар выйшаў і сказаў, што яму чацвёрка, хаця, па словах Максіма, той рашаў інтэгралы мінімум на сем, ды і тыдзень рыхтаваўся да экзамену належным чынам. Багдановіч вырашыў высветліць, што ж было не так:

«Мы разам падышлі да выкладчыка, бо мне было цікава, як жа сябе паказаў мой лепшы сябар, але выкладчык выгнаў нас з пакоя ды яшчэ і спытаў у мяне пра навушнік, маўляў, я нешта дыктаваў сябру. Мне стала дужа крыўдна. Таму выкладчыку было вельмі дзіўна, што студэнт можа пацікавіцца тым, дзе ён памыліўся, што студэнту можа быць цікава палепшыць свае веды, і гэта было не менш крыўдна, чым заклік «даставаць навушнік».

Потым мы з сябрам стаялі ля ўніверсітэта і нешта абмяркоўвалі, і з будынка выйшаў гэты выкладчык. Ён падышоў да нас, быццам бы хацеў папрасіць прабачэння, і мы гутарылі недзе хвілін дзесяць, пакуль ён паліў. Ён распавядаў, як ён кожны год выкладае гэты курс, а студэнтам на яго ўсё роўна. Спачатку ён рыхтаваў для студэнтаў слайды, рабіў нейкія цікавыя заданні, але ўсім было ўсё роўна, і ў нейкі момант ён пачаў нешта дыктаваць сабе пад нос, яму і самому было вельмі крыўдна.

Вось ты стаіш з ім і думаеш: ну і хто ва ўсім гэтым вінаваты? Вядома, сістэма, бо яна робіць так, што студэнты атрымліваюць чацвёрку і адчуваюць сябе задаволенымі, а выкладчыкі вучаць студэнтаў, якім усё гэта абсалютна нецікава».

Калі вы вучыце эканоміку ў Гарвардзе, тлумачыць Максім, вас не прымушаюць браць сабе вышэйшую матэматыку. Хутчэй за ўсё, яна вам спатрэбіцца, але ў такім выпадку вы самі гэта зразумееце і возьмеце курс. У выніку вы будзеце матываваны, прафесару будзе нармальна выкладаць, а вучню — нармальна вучыцца.

Багдановіч мяркуе, што каб змяніць Беларусь да лепшага, можна пачаць з адносна маленькіх, але сістэмных зменаў. «Я думаю, нам будзе лягчэй пабудаваць лепшую Беларусь, калі мы пачнем кіравацца прынцыпамі адказнасці ды свабоды накшталт тых, на якіх пабудаваная заходняя адукацыя. Чым больш беларусаў будуць мець такі досвед, тым лепш будзе нам усім».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Ні ў якім разе не паеду ў крымінальныя раёны». Як беларускі музыкант працуе таксістам у Чыкага і ўжо атрымаў статус «голд»

Мастак Міця Післяк — пра знішчаны мурал, Мінск і жыццё ў ЗША: Амерыканцы лічаць, што беларусы плацяць у тэрмін, трымаюцца дэдлайнаў і не п’юць

Адукацыя ў крэдыт. Якія крэдыты на навучанне прапануюць банкі

Каментары3

  • Я
    29.08.2022
    Мне кажется, этот парень гений.
    Спасибо, что помогает другим беларусам. Чем больше образованных нас, тем лучше.
  • Янка-музыка
    29.08.2022
    Лепшае, што краіна можа зрабіць для студэнтаў гэта адчыніць дзверы, і адправіць іх вучыцца за мяжу, а потым запрасіць вярнуцца, каб яны змаглі рэалізаваць тое лепшае, чаму навучыліся! Вось дзе праўдзівая свабода! Не трымаць! А адпусьціць! Жадаю яму посьпеху! У яго ўсё атрымаецца, калі ня будуць перашкаджаць! Малайчына!
  • парада Максіму
    01.09.2022
    паназірайце навокал - за вашым асяроддзем у Гарвардзе. Аб чым думаюць іншыя студэнты? Звярніце ўвагу на тых, хто думае не пра тое каб зарабіць на яхту і вілу. Што думаюць тыя, хто шукае мэты па-за межамі спажывання?

    Максім, Гарвард - гэта толькі пачатак. Аднаго Гарварда не дастаткова каб больш-менш зразумець свет. Трэба атрымаць досвед працы над сапраўднымі праектамі ў эфектыўных супольнасцях людзей. Папрацуйце ў ЗША, потым у Сінгапуры ці Японіі, потым у Францыі. І так гадоў да 40, набярыцеся вопыту. А як раз да таго часу як вам будзе 40, Беларусь, магчыма, будзе гатовая для таго што вы зможаце прапанаваць.
    Вяртацца ў Беларусь у свае 25-30 гадоў, пасля Гарварда - гэта спакуса легкага шляху. Вы не першы і не апошні хто аб гэтым думае.

Якімі будуць выбары 2025 года? Разважаюць Вячорка, Латушка і Шрайбман20

Якімі будуць выбары 2025 года? Разважаюць Вячорка, Латушка і Шрайбман

Усе навіны →
Усе навіны

У Брэсце закансервуюць руіны 400-гадовага кляштара. Гэта адзінае збудаванне, што засталося ад гістарычнага Берасця4

Названыя найлепшыя гульцы Еўра-2024, малады футбаліст і гулец фіналу

Памёр беларускі кампазітар Леанід Гуцін

Іспанія чацверты раз у гісторыі выйграла Еўра — і гэта рэкорд ВІДЭА6

Бізнэсоўцу і кіраўніка рэспубліканскага турыстычнага саюза асудзілі за супрацу з літоўскімі спецслужбамі 3

Яшчэ адна ахвяра шторму — дрэва забіла хлопчыка пад Рэчыцай

Стала вядома асоба чалавека, якога застрэлілі на мітынгу Трампа1

Ярмошына расказала, каго дапусцяць да ўдзелу ў выбарах-202520

Ярмошына пра Ціханоўскую: Проста прадаўшчыца на фоне Караткевіч у 2015-м46

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Якімі будуць выбары 2025 года? Разважаюць Вячорка, Латушка і Шрайбман20

Якімі будуць выбары 2025 года? Разважаюць Вячорка, Латушка і Шрайбман

Галоўнае
Усе навіны →