Культура

Мастак Міця Післяк — пра знішчаны мурал, Мінск і жыццё ў ЗША: Амерыканцы лічаць, што беларусы плацяць у тэрмін, трымаюцца дэдлайнаў і не п’юць

Днямі ў Мінску зафарбавалі мурал вядомага беларускага мастака Міці Післяка. «Наша Ніва» звязалася з ім, каб пагутарыць пра лёс твора, а таксама запытала ў мастака, як яму жывецца ў ЗША (там Післяк ужо тры гады) і ці могуць беларусы стаць такімі ж вольнымі, як амерыканцы.

Усе фоты: архіў Міці Післяка

«Лічу, што мастацтва ўжо перабралася ў лічбавае асяроддзе»

«Наша Ніва»: Як даведаліся, што мурала больш няма?

Міця Післяк: Мне пачалі прыходзіць паведамленні ад сяброў са спасылкамі на навіну, што малюнак зафарбавалі. Канешне, мне б хацелася, каб мурал заставаўся на той сцяне. Кожная мая праца — гэта як маё дзіця, і мне хочацца, каб яно жыло далей. У той жа час ужо трэці год не жыву ў Мінску і не бачу гэты малюнак, таму ён існуе ў рэальнасці толькі ў маім тэлефоне ці на фота, а для мяне самога яго больш няма. Таму вялікага смутку я не адчуў.

«НН»: Вы маеце нейкае тлумачэнне, чаму яго замалявалі?

МП: У некалькіх артыкулах бачыў версію, маўляў, на мурале былі намаляваныя часткі чалавечага цела, і на гэта скардзіліся жыхары навакольных дамоў і супрацоўнікі прадпрыемстваў у будынку, на сцяне якога быў малюнак. Некалі так зафарбавалі мурал з чалавекам са свечкай замест твару. Камусьці ён не падабаўся, на яго прыходзілі скаргі, і зразумела, што не ўсе хацелі глядзець на гэты твар.

Але што да пальцаў на цяперашнім мурале, то нават мае знаёмыя не маглі іх разгледзець, пакуль я не сказаў ім, што яны там ёсць. У дадатак, перад муралам растуць дрэвы, таму тыя людзі, што жывуць насупраць, не маглі бачыць часткі цела на ім.

Той самы мурал

«НН»: Вы публікавалі ў інстаграме інфармацыю, што вярнулі мурал да жыцця ў фармаце NFT (унікальная крыптаграфічная адзінка, якая выкарыстоўваецца для калекцыянавання аб’ектаў лічбавага мастацтва. — «НН»).

МП: Так, я зрабіў яго дыджытал-версію і размясціў на NFT-платформе. Можна будзе набыць адзін са ста экзэмпляраў гэтай ілюстрацыі. Планую адаслаць частку грошай, што атрымаю ў выніку, у BySol ці нейкі іншы дабрачынны фонд. Мне падабаецца дзяліцца тым, што да мяне прыходзіць.

«НН»: У ЗША NFT-тэхналогіі шырока выкарыстоўваюцца?

МП: Пакуль яшчэ гэтая сфера толькі нараджаецца, людзі спрабуюць зразумець, што гэта і навошта трэба. Добра, набуду я гэтыя дыджытал-ілюстрацыі, і што мне з імі рабіць? Але думаю, што тэхналогія павінна атрымаць шырокае распаўсюджанне. Увогуле, лічу, што блокчэйн (дэцэнтралізаваная база даных, якая выкарыстоўваецца ў крыптавалютах, фінансавых сэрвісах, гульнях і смарткантрактах. — «НН») і NFT — лепшае, што адбылося з творчымі людзьмі пасля з’яўлення інтэрнэту. Не памятаю, каб пры маім жыцці з’яўлялася нешта аналагічнае па маштабу, проста людзі яшчэ гэта не асэнсавалі і не прынялі. Плюс гэта анлайн-фенамен, а людзі прывыклі працаваць з рэчамі афлайн — з нечым, да чаго можна дакранацца, што можна павесіць на сценку і глядзець на яго.

Калі ты публікуеш у сацсетках любую ілюстрацыю, аўдыя ці відэа, гэта нібыта тваё, але ў той жа час любы чалавек можа гэта перадрукаваць, зрабіць скрыншот ці нейкім яшчэ чынам скапіраваць сабе. І потым ты або не дакажаш, што гэта твая праца, або зробіш гэта з вялікімі цяжкасцямі, плюс, калі ты некаму гэта перадаеш, у чалавека не будзе доказаў, што ён валодае нечым арыгінальным. А калі ты робіш ілюстрацыю ў фармаце NFT, на ёй нібыта стаіць твой подпіс. У такім выпадку ўсе, у тым ліку і пакупнікі, ведаюць, што гэта твой твор, і гэта вельмі важна, асабліва для тых, хто робіць нешта лічбавае.

«НН»: Мастацтва перабярэцца ў лічбавае асяроддзе?

МП: Лічу, гэта ўжо адбылося. Калі б мне далі выбраць, зрабіць зараз выставу ў нейкай нью-ёркскай галерэі або ў галерэі ў метасусвеце, я б дакладна выбраў другі варыянт. У дыджытал-асяроддзі ўжо адбываюцца канцэрты, сустрэчы. Напэўна, іх там будзе яшчэ больш. Нават гутарка па тэлефоне — гэта ў нейкім сэнсе падзея анлайн.

«Працую ў кампаніі, якая робіць камерцыйныя муралы»

«НН»: У інстаграме вы публікуеце шмат прац з героем пад назвай Mr. Cloudy, які з’яўляецца на фота вядомых людзей. Якая ў яго гісторыя?

МП: Ён з’явіўся ў маіх працах у 2020 годзе. Тады ў Нью-Ёрку праз лакдаўн пазачынялася ўсё, што можна, акрамя аптэк і магазінаў, людзі сядзелі па дамах. Я выходзіў на вуліцу, гуляў, і мне хацелася неяк кантактаваць з тымі, хто таксама выходзіць. Зрабіў некалькі ілюстрацый і расклеіў іх на сценах, трансфарматарных будках і слупах.

Бачыў, што людзі ў разгубленасці, не ведаюць, што адбываецца і чаго чакаць. Хацелася неяк падтрымаць людзей, падзяліцца сваім унутраным адчуваннем. У мяне не было страху, што захварэю, хаця я насіў маску і пальчаткі. Але ў маім жыцці ўжо былі два моманты, калі я быў на мяжы жыцця і смерці, і я больш не маю страху перад гэтым.

Так і нарадзілася першая ілюстрацыя з гэтым персанажам. На ёй ён стаіць на кавалачку зямлі, над ім чорныя аблокі, у яго маленькі заплечнік і ён не ведае, што рабіць. На ілюстрацыі было напісана, што страху не існуе акрамя таго, які жыве ўнутры цябе. І яшчэ там былі словы Keep going, то-бок працягвай рабіць тое, што ты рабіў дагэтуль. Жыві, займайся любімай справай і будзь сабой. Бо мне было жудасна, калі людзі ішлі па пустой вуліцы, бачылі, як я іду ім насустрач, і пераходзілі на іншы бок.

Потым я яшчэ некалькі разоў намаляваў гэтага персанажа, і ў выніку ён зрабіўся маім галоўным героем, праз якога я выказваю ў тым ліку і свае думкі. Для мяне гэта лягчэй — нібыта гэта такая мая версія, якой можна казаць, што пажадаеш.

«НН»: Гэта не першы персанаж, якога вы ствараеце?

МП: Не першы, але галоўны. Гэты герой — добры бок мяне самога, ён не лаецца, не трапляе ў нейкія складаныя сітуацыі. Планую працягваць яго развіваць і дадаць да яго другога персанажа, які б адлюстроўваў мой дрэнны бок.

Мне цікава прадставіць сваё жыццё як фільм, які можна распісаць ад пачатку і да канца. Вядома, што ў жыцці могуць здарыцца непрадбачаныя падзеі, ды і ўвогуле існуе лёс, але лічу, што мы самі можам прыдумаць тое, што будзе з намі адбывацца.

Таму мне хочацца прыдумаць гісторыю для гэтых двух герояў, распавесці, куды яны ідуць. Потым трэба гэта пражыць, намаляваць і зняць, і праз гэтых герояў пражыць уласнае жыццё так, як мне б самому хацелася. У працэсе планую дадаваць да іх новых герояў — тых блізкіх людзей, якія будуць сустракацца ў маім жыцці. У выніку павінна атрымацца серыя ілюстрацый ці відэа, а калі нават атрымаецца серыял накшталт «Сімпсанаў», будзе ўвогуле ідэальна.

«НН»: Атрымліваецца неяк гэта манетызаваць?

МП: Пакуль што не надта. Некалькі ілюстрацый набылі, але гэта хутчэй пробныя крокі. Гэта падобна да звычайнага бізнэсу, які трэба добра спакаваць, зацікавіць людзей гэтым і патлумачыць, навошта гэта ўвогуле трэба набываць. Зараз рыхтую апісанне праекта і яго распаўсюджванне.

«НН»: Гэта асноўны праект, з якім зараз працуеце?

МП: З маіх уласных — так. Але ж ёсць, напрыклад, яшчэ і мая праца. Працую ў кампаніі, якая робіць камерцыйныя муралы. Гэта тая ж рэклама, якую звычайна друкуюць на банерах і вешаюць на білбордах, але мы яе малюем рукамі. Маю таксама некалькі праектаў з беларускімі кліентамі.

«Мне хочацца, каб на дзесяць выглажаных беларусаў прыпадалі адзін-два трохі больш вольныя»

«НН»: Вы ж не адразу цалкам асталяваліся ў Нью-Ёрку, яшчэ і пераязджалі ў Лос-Анджэлес. У чым розніца паміж гэтымі гарадамі?

МП: У самым пачатку прыехаў у Нью-Ёрк, але падчас пандэміі сапраўды з’ехаў з яго. Надыходзіла зіма, нічога не працавала. У выніку стаяў перад перспектывай проста сядзець у кватэры, плаціць за яе і не атрымліваць ніякіх плюсаў праз тое, што ты ў Нью-Ёрку. Зімой тут дастаткова халаднавата і ветрана. Таму вырашыў, што лепш я правяду гэтую зіму хаця б у цёплым месцы, у Лос-Анджэлесе, дзе таксама нічога не працавала, але я хаця б мог знаходзіцца на вуліцы. Таму на паўгода я паехаў туды, але потым вярнуўся ў Нью-Ёрк.

Насамрэч Лос-Анджэлес — гэта вёска. Калі лічыць з нелегальнымі мігрантамі, там жыве 5 мільёнаў чалавек, у прыгарадах яшчэ 5 мільёнаў, а ў Нью-Ёрку, калі таксама лічыць і нелегалаў, жыве 10 мільёнаў і яшчэ 10 мільёнаў у прыгарадах. Па колькасці людзей і актыўнасці Нью-Ёрк мне нагадвае Маскву. Лос-Анджэлес — гэта ў асноўным прыватныя дамы, пляж, маленькія бізнэс-кварталы і адміністрацыйныя будынкі. Там людзі нават апранаюць такое адзенне, нібыта яны ў сябе на дачы — талстоўкі, красоўкі, пальто ты не можаш надзець, бо там не так холадна. Спакойнае, расслабленае жыццё.

«НН»: Гэта не ваша?

МП: Лос-Анджэлес — цудоўнае месца для чалавека, у якога ўжо закрытыя яго асноўныя патрэбы, маўляў, праца, сям’я, дом. У мяне ж пакуль такога няма, мне патрэбная актыўнасць і камунікацыя з іншымі людзьмі. У Каліфорніі мне проста стала нудна, таму і вярнуўся ў Нью-Ёрк.

Тут шмат цікавых рэчаў, за якімі можна назіраць. Хапае паркаў, рэк, мастоў, прыгожых дамоў і відаў на суседні раён. Але галоўнае — гэта людзі: іх шмат, яны па-рознаму выглядаюць, і часам гэта вельмі захапляльна.

«НН»: Чым гэтыя людзі адрозніваюцца ад беларусаў?

МП: Галоўнае — тое, што гэтыя людзі могуць сабе дазволіць быць тымі, кім жадаюць. Я, калі жыў у Мінску, не мог схадзіць у магазін у хатнім адзенні, а тут пра гэта зусім не трэба думаць. Адчуваеш сябе крыху больш вольна, можаш мець любы пол і арыентацыю і не парыцца пра гэта. Нью-Ёрк — гэта вельмі вольнае месца, хаця ён і саступае па вольнасці майму любімаму еўрапейскаму гораду, Берліну.

«НН»: Беларусы калі-небудзь могуць да такога прыйсці?

МП: Дакладна. Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, Украіне і Расіі, мне нагадвае Германію пасля Другой сусветнай вайны, і, у прыватнасці, Берлін. Калі яго на дзясяткі гадоў падзялілі сцяной, людзі апынуліся раз’яднанымі са сваімі сябрамі і сваякамі ў іншых частках горада. За гэты час вырасла цэлае пакаленне. І калі сцяну прыбралі, Берлін стаў такім, які ён ёсць зараз — супервольным горадам.

Мне здаецца, гэтае адчуванне свабоды з’явілася менавіта праз тую гісторыю з размежаваннем. Маўляў, знялі сцяну і людзям сказалі — цяпер вы можаце рабіць у вашым горадзе і краіне ўсё, што жадаеце. І ты думаеш: я столькі часу жыў з гэтымі межамі і правіламі, а зараз усяго гэтага няма, таму я буду самым вольным чалавекам на свеце, і мой горад будзе такі ж!

Таму, мне здаецца, краіны Усходняй Еўропы могуць быць такімі ж. Зараз мы жывем нейкімі правіламі, а нам трэба быць такімі, якія мы ёсць. Беларусы — чысценькія і прыемныя людзі, ўсё з намі добра. Але мне хочацца, каб на дзесяць чыстых і выглажаных беларусаў прыходзілася адзін-два трохі больш брудныя і вольныя. Жадаюць лаяцца матам — няхай так робяць.

Кажуць, што талерантнасць — добрая якасць беларусаў, я ж лічу, што гэта наш недахоп. Нам трэба быць больш жорсткімі, прынцыповымі і не такімі прыемнымі. Хаця амерыканцы вельмі любяць беларусаў, лічаць, што яны плацяць за кватэру ў тэрмін, выконваюць працу да дэдлайна, не п’юць. Да беларусаў тут ставяцца лепш, чым да ўкраінцаў і расіянаў.

«НН»: Шмат хто з вашага беларускага атачэння пакінуў краіну?

МП: 99 працэнтаў. Першыя два гады ў Амерыцы вельмі сумаваў па Мінску, па блізкіх людзях. Не збягаў адтуль, думаў, што паўгода пражыву ў ЗША, падам дакументы на візу і буду жыць на дзве краіны. Мне падабалася, як я развіваюся ў Мінску, мне там было камфортна і прыемна.

Але потым з Мінска з’ехала большасць людзей, з якімі камунікую, і для мяне яго зараз практычна не існуе. Мо і праз гэта я не надта хвалююся, што мурал замалявалі. Калі б я зараз туды прыехаў і прайшоўся па сваіх любімых вулачках, што б я рабіў, гутарыў з дамамі? Мне гэта нецікава.

«Беларусы за мяжой нагадваюць мне чараду рыб, якую хваляй выкінула на бераг»

«НН»: У краіне засталася нейкая магчымасць развіваць мастацтва?

МП: Думаю, што так. Я сачу за тым, што адбываецца ў Мінску, і веру, што жыццё працягваецца. Ёсць жа і пакаленне, малодшае за мяне на 5-10 гадоў, наўрад ці яно моцна ўцягнутае ў палітычную і фінансавую сістэму нашай краіны. Яны проста жывуць сваім маладым ды актыўным творчым жыццём. Іх энергія нікуды не знікла, яны будуць далей развівацца і развіваць Мінск: маляваць на сценах, будаваць сваё далейшае жыццё і ў тым ліку жыццё новай Беларусі. Проста адно пакаленне ўзяло ды з’ехала, і таму развіццё мастацтва трохі запаволіцца.

«НН»: Дадаўся яшчэ і фактар таго, што за любы малюнак з неасцярожна выбранай тэмай можна трапіць пад крымінальную адказнасць.

МП: Калі застануцца тыя бандыты, якія кіруюць горадам і краінай зараз, то, напэўна, сапраўды можна трапіць пад адказнасць. З іншага боку, калі ты не малюеш нешта палітычнае, то можа нічога і не будзе. Я ж таксама неяк рабіў непалітычныя малюнкі, і ніхто мяне не штрафаваў, нават калі яны і былі нелегальнымі. Нават тым, хто зараз ва ўладзе, хочацца, каб іх краіна была паўнавартасная. Будуць ім патрэбныя грошы — каго-небудзь аштрафуюць.

«НН»: Пра што вы марыце зараз?

МП: Хаця я жыву ў нью-ёркскай рэальнасці, але пастаянна сачу за тым, што адбываецца ва Украіне і Беларусі, і ў асноўным камунікую з беларусамі — напэўна, таму маё жыццё перайшло ў анлайн-рэжым. Але пры гэтым мне вельмі хочацца сустракацца з сапраўднымі людзьмі, ладзіць з імі сумесныя мерапрыемствы. Таму жадаю пабудаваць у Нью-Ёрку беларускую супольнасць з мерапрыемствамі, якія мне б самому хацелася наведваць, распавядаць людзям пра тое, хто такія беларусы, наколькі яны класныя і што ўмеюць рабіць.

«НН»: Думалі пра тое, як гэта можна зладзіць?

МП: Можна пачынаць арганізоўваць людзей праз інтэрнэт. Але па-сапраўднаму было б цікава знайсці памяшканне, дзе ўсё магло б адбывацца, магчыма, асобны будынак з прасторай для мерапрыемстваў, з заднім дваром, дзе можна было б ладзіць барбекю і вечарыны, з магазінам, дзе прадаваліся б працы сучасных беларускіх творцаў, і з майстэрняй для мяне. Для ўсяго гэтага патрэбныя грошы хаця б на першыя пару гадоў працы і людзі, якія б дапамагалі мне.

Мне здаецца, мы маглі б пабудаваць нашу Беларусь нават у сённяшніх умовах, але яна была б у анлайн-фармаце. То-бок гэта была б платформа, дзе мы ўсе маглі б камунікаваць, праводзіць нейкія сустрэчы, прымаць рашэнні і дзяліцца сваім вопытам. Гэта магло б дапамагчы ўсім беларусам, якія зараз з’ехалі з краіны.

Нядаўна быў у Еўропе і бачыў там вельмі шмат беларусаў, Тбілісі дык увогуле нібыта другі Мінск. Сустрэў там шмат знаёмых, мы прыемна правялі час, але ўсе гэтыя людзі нагадвалі мне чараду рыб, якую хваляй выкінула на бераг. Яны пакуль яшчэ жывыя, плюхаюцца ў вадзе, якая засталася ад хвалі, але яны не разумеюць, што з імі будзе далей. Пакуль у іх ёсць грошы і добрае надвор’е, іх стан у цэлым нармальны, але адназначна адчуваеш у іх разгубленасць. Таму, мне здаецца, ёсць рэальная неабходнасць у платформе, якая ўсіх аб’яднае, і яна хутка з’явіцца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Па макеце БРСМ. Пакуль адны муралы зафарбоўваюць, улады адкрываюць іншыя ФОТА

Берлін: горад, у якім пераконваешся, што ніякія муры не вечныя

Каментары

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі3

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Аўтарку лозунга «Стоп таракан» адразу асудзілі завочна, а потым вызвалілі па амністыі4

«Гэта бомба!» Пад Лідай жанчына знайшла зайздросную паляну баравікоў1

У Літве на мяжы з Беларуссю пачынаюцца вучэнні НАТА

У Берліне адкрылі самыя высокія арэлі Еўропы ВІДЭА

У Бабруйску жанчына загінула проста на сваёй кухні

Раман Пратасевіч назваў памер свайго заробку як зваршчыка26

Віталь Гуркоў скончыў спартыўную кар'еру19

«Беларусы хочуць сучаснага бацю». Астапеня пра кандыдата ў прэзідэнты, які задаволіць большасць19

У Старым замку ў Гродне знайшлі сцяну часоў Вітаўта

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі3

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →