«Зорную ноч» ван Гога цяпер можна сабраць з Lego. Спатрэбіцца больш за 2 тысячы дэталяў
Калі ў 1941 годзе Нью-Ёркскі музей сучаснага мастацтва набыў «Зорную ноч» Вінсэнта ван Гога, гэтая карціна была малавядомай. Але ж за апошнія 80 гадоў усё перамянілася, і гэты шэдэўр цяпер можна бачыць на чым заўгодна — ад шалікаў да парасонаў і бутэлек для вады.
Канструктар LEGO не стаў выключэннем. Набор з каласальнай колькасцю дэталяў (2316) стварыў Труман Чэнг, аспірант з Ганконга, кошт новай «цацкі» — 170 даляраў, піша CNN.
Чэнг прапанаваў канцэпцыю новага канструктара праз платформу LEGO Ideas, дзе фанаты LEGO размяшчаюць свае ідэі наконт новых набораў, а кампанія праз галасаванне выбірае найлепшыя і рэалізуе іх.
Ван Гога на стварэнне «Зорнай ночы» натхніў від з яго вакна ў псіхіятрычнай клініцы манастыра Сэн-Поль-дэ-Мазоль, дзе мастак правёў год незадоўга да сваёй смерці. Чэнг жа натхніўся, калі гуляў у LEGO і заўважыў, што калі размяшчае дэталі ў сваіх пабудовах на выпадковай адлегласці адна ад адной, атрымоўваецца стыль, падобны да характэрных мазкоў фарбай, якія адрозніваюць творы ван Гога.
У заяве, апублікаванай на афіцыйным сайце LEGO, Чэнг так апісвае свае ўражанні ад працы: «Прыдумляць хітрасці і прыёмы, каб перадаць выгляд карціны-арыгінала, было добрай трэніроўкай для мозга». У сваю чаргу, Федэрыка Бегер, кіраўнік міжнароднага маркетынгу ў LEGO, характарызуе працу Чэнга так: «Дызайн Трумана сам па сабе быў шэдэўрам — ён паказаў, як шмат розных элементаў LEGO і тэхнік можна выкарыстаць, каб паўтарыць знакавую карціну ван Гога».
Набор паступіць у шырокі продаж на пачатку чэрвеня.
Каментары